Вы тут

Свая «дарожка» да алімпійскага золата


Згодна з умовамі нашага творчага спаборніцтва, прыём «проб пяра» ад ахвотных у ім паўдзельнічаць быў скончаны ў пачатку месяца. За час правядзення чарговага конкурсу сярод юных і маладых няштатных аўтараў мы атрымалі некалькі дзясяткаў работ, прычым, як заўсёды, добрая іх частка паступіла літаральна ў самы апошні момант. Каб іх усе прачытаць і падрыхтаваць да друку лепшыя, патрэбны час. Таму публікацыя работ працягваецца! Нагадваем, вынікі творчага спаборніцтва плануецца падвесці да пачатку ўступнай кампаніі (не называючы пакуль даты), каб старэйшыя яго ўдзельнікі — выпускнікі гэтага года, што будуць сёлета «штурмаваць» журфак, — у выпадку перамогі змаглі апроч публікацый у партфоліа і ганаровых грамат атрымаць яшчэ і рэкамендацыі для паступлення. Што тычыцца кароткага аналізу «проб пяра», якія паступілі ў рэдакцыю, дык сярод іх ёсць як напісаныя сапраўды па-журналісцку, так і, на жаль, такія, якія не адпавядаюць умовам конкурсу, найперш у плане творчага складніка. Хто ж будзе прызнаны лепшым? Інтрыга захоўваецца! Мы ж прапануем ахвотным у чаканні падвядзення вынікаў дасылаць нам свае творчыя работы ўжо па-за конкурсам.


Свая «дарожка» да алімпійскага золата

«Я веру, я змагу, я вытрымаю!» — паўтараў унутраны голас. Спартсмен займае сваё месца ў каноэ. Збіраецца з думкамі. Секунда і... старт! Паскараецца, што ёсць моцы. Сапернікі не адстаюць. Хутка вырашыцца тое, да чаго так доўга імкнуўся. Сэрца падказвае: поспех — блізка! Глыбокі ўдых, апошні рывок, выдых. Фініш! Ён — пераможца!

Сучасная моладзь мае невычарпальную колькасць магчымасцяў для самарэалізацыі. Нехта знаходзіць сябе ў творчасці, для кагосьці навука найцікавейшая за ўсе іншыя заняткі, а чыясьці мара — адчуць смак перамогі на спартыўных спаборніцтвах.

У 2013 годзе мара аднаго з маладых і перспектыўных спартсменаў Гродзеншчыны здзейснілася. Ён — Дзмітрый Лапата — першы раз стаў пераможцам чэмпіянату Беларусі сярод мужчын па веславанні на каноэ. Гісторыя паўтараецца ў 2014 і 2015 гадах, калі Дзмітрый зноў паказвае выдатны вынік не толькі на чэмпіянаце краіны, але і на еўрапейскіх спаборніцтвах у Францыі (сярод юніёраў да 19 гадоў) і Румыніі (сярод моладзі да 23 гадоў), дзе заваёўвае «серабро».

Дасягненні гэтага маладога і энергічнага спартсмена з'яўляюцца вынікам плённай шматгадовай працы. Дарэчы, у спорт Дзмітрый прыйшоў у васьмігадовым узросце і ўжо пасля трэціх заняткаў пачаў трэніравацца са старэйшымі наведвальнікамі секцыі. «Мне заўсёды падабалася і падабаецца трэніравацца з тымі, хто больш моцны і вопытны за мяне, — кажа мой суразмоўца, — бо ў іх я вучуся нечаму новаму».

Будні спартсменаў вызначаюцца асаблівым рытмам жыцця. Амаль заўсёды Дзмітрый знаходзіцца на зборах, практычна не бываючы дома. І падчас нашай размовы ў «Скайпе» ён таксама быў далёка ад радзімы — на зборах у Партугаліі. Хлопец адзначае: «Гэта вельмі цікава — падарожнічаць, але доўгія пералёты або пераезды парушаюць рэжым сну і адпачынку, што, зразумела, не вельмі добра для спартсмена».

Пасля заканчэння вучылішча алімпійскага рэзерву ў Гродне паўстала пытанне аб будучай прафесіі хлопца, але яго адказ быў адназначны: «Я і спорт — адзінае цэлае». Сёння Дзмітрый Лапата — студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе ён навучаецца на факультэце фізічнай культуры і спорту.

Спартыўныя дасягненні маладога весляра не засталіся незаўважанымі. Летась яго ўключылі ў спіс стыпендыятаў Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, а з 2016-га ён атрымлівае абласную стыпендыю.

Увогуле, Дзмітрый — вельмі добры чалавек. Размаўляць з ім лёгка і цікава! Спартсмен запэўнівае, што ўсё наша жыццё — гэта неспадзяванкі, і калі мы будзем імкнуцца да сваіх мэт, жаданняў, мар, то гэтыя неспадзяванкі абавязкова будуць толькі прыемнымі! Ён шмат гаворыць аб сваім трэнеры: «Яго падтрымка для мяне вельмі важная. Трэнер — чалавек, які заўсёды побач, якому я ўдзячны за многае». «Ніколі не здавацца!» — словы, якія сталі сапраўдным дэвізам хлопца.

«Спорт падараваў мне мэту і дапамог дабіцца такіх вынікаў, — гаворыць Дзмітрый, — менавіта дзякуючы яму я даведаўся, да чаго трэба імкнуцца, пабываў у такіх краінах, як Францыя, Венгрыя, Румынія, Партугалія, Польшча, Малдова». На маё пытанне аб марах малады чалавек адказаў не раздумваючы: «Мая мара і мэта крочаць заўсёды разам. Напэўна, як і любы спартсмен, я мару аб алімпійскім «золаце». Але наперадзе яшчэ шмат працы, трэніровак і цяжкасцей, якія я павінен пераадолець».

Пра аўтара

Юля нарадзілася на мілай яе сэрцу Мастоўшчыне, у аграгарадку Дубна. «Вельмі люблю гэты куток за яго бясконца цікавую гісторыю, добразычлівых людзей і прыгожыя пейзажы».

Хутка наша 17-гадовая аўтарка закончыць школу. «Сумна развітацца з ёй — тут я адкрыла ў сабе многія якасці і здольнасці, удзельнічала ў цікавых праектах, конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях, была вядучай шматлікіх мерапрыемстваў, — кажа дзяўчына. — Кім хачу стаць, вырашыла яшчэ ў 8 класе. Мая мара — стаць журналістам. Яго праца — гэта новыя знаёмствы, шмат адкрыццяў, а самае галоўнае — творчасць! Лічу, што калі працаваць і верыць у добры вынік, то ўсё абавязкова атрымаецца».

Юлія Маціеўская, вучаніца 11 класа Дубненскай СШ Мастоўскага раёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?