23 Верасень, нядзеля

Вы тут

«Сонечная музыка», або Ад «Ветру ў галаве» да «Новай хвалі»


Згодна з умовамі нашага творчага спаборніцтва, прыём «проб пяра» ад ахвотных у ім паўдзельнічаць быў скончаны ў пачатку месяца. За час правядзення чарговага конкурсу сярод юных і маладых няштатных аўтараў мы атрымалі некалькі дзясяткаў работ, прычым, як заўсёды, добрая іх частка паступіла літаральна ў самы апошні момант. Каб іх усе прачытаць і падрыхтаваць да друку лепшыя, патрэбны час. Таму публікацыя работ працягваецца! Нагадваем, вынікі творчага спаборніцтва плануецца падвесці да пачатку ўступнай кампаніі (не называючы пакуль даты), каб старэйшыя яго ўдзельнікі — выпускнікі гэтага года, што будуць сёлета «штурмаваць» журфак, — у выпадку перамогі змаглі апроч публікацый у партфоліа і ганаровых грамат атрымаць яшчэ і рэкамендацыі для паступлення. Што тычыцца кароткага аналізу «проб пяра», якія паступілі ў рэдакцыю, дык сярод іх ёсць як напісаныя сапраўды па-журналісцку, так і, на жаль, такія, якія не адпавядаюць умовам конкурсу, найперш у плане творчага складніка. Хто ж будзе прызнаны лепшым? Інтрыга захоўваецца! Мы ж прапануем ахвотным у чаканні падвядзення вынікаў дасылаць нам свае творчыя работы ўжо па-за конкурсам.


«Сонечная музыка», або Ад «Ветру ў галаве» да «Новай хвалі»

Саша Захарык — адна з фіналістак беларускага адбору на «Еўрабачанне-2016». Да сваёй песні яна сама напісала музыку. Трэк называецца Glory Nіght («Ноч ззяння»). Спявачка нарадзілася ў Мінску. З шасці гадоў захапляецца музыкай. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. У 12 гадоў пачала прафесійна займацца вакалам. Сваю першую песню напісала ў 14 гадоў. У 2009 годзе брала ўдзел у фінале песеннага конкурсу «ЕўраФэст» у складзе групы «Вецер у галаве». А сёлета плануе выступіць на конкурсе «Новая хваля» ў Сочы ад нашай краіны.

— Аляксандра, як з'явілася рашэнне падаць заяўку на адбор «Еўрабачання»?

— Насамрэч я не планавала ісці на конкурс, але раніцай у апошні дзень падачы заяў мой малады чалавек сказаў, што ў мяне ёсць нядрэнная песня, абяцаў дапамагчы з фанаграмай (ён аранжыроўшчык, мультыінструменталіст). За дзве гадзіны ўсё было гатова, і за дзесяць хвілін да закрыцця пошты мы літаральна пабеглі адпраўляць работу. Праз пару дзён мне патэлефанавалі і сказалі, што я прайшла на адбор. Я была перадапошняя (усяго паступіла каля 100 заяў) і ўвечары таго ж дня даведалася, што прайшла ў дзясятку.

— У чым адметнасць тваёй выканальніцкай манеры?

— Мае слухачы і сябры гавораць, што мой стыль можна апісаць словамі «сонечная», «добрая», «пазітыўная» музыка. Пакуль што мне падабаецца развівацца ў гэтым кірунку, але не выключана, што праз пару гадоў будзе падабацца зусім іншы настрой падачы песень. Зусім нядаўна, напрыклад, я напісала кампазіцыю для беларускай кароткаметражкі «Называйте гэта, як хочаце», і яна вельмі адрозніваецца ад майго асноўнага рэпертуару, таму што сумная.

— Раскажы пра свой шлях творчага станаўлення як спявачкі.

— Безумоўна, была музычная школа. Сем гадоў па класе фартэпіяна. А праз тры гады, калі быў аб'яўлены адбор на дзіцячае «Еўрабачанне», напісала сваю першую песню. Лічу, што гэта быў вельмі важны этап у маім жыцці, таму што музычнае выхаванне для кожнага артыста — абавязковая рэч. І калі б мая маці ў свой час спынілася і апусціла рукі, то я магла б і не мець такога вопыту.

Таксама былі розныя эстрадныя студыі. У 11 гадоў пайшла ў музычны ансамбль «Рэвю» Наталлі Раманавай. З яго і пачаўся мой творчы шлях як вакалісткі. Затым Ліцэй БДУ. У прынцыпе я паступіла туды з-за таго, што там вялікая сцэна, добры гук і магчымасці для самавыяўлення. Але тады я не ведала, што звяжу сваё жыццё з музыкай, меркавала пайсці або на журфак, або на філфак. А за месяц да паступлення мама мне сказала, каб я лепш пайшла ў артысткі. Ну, я і паступіла ва ўніверсітэт культуры. Потым былі новыя знаёмствы, канцэрты... Я бясконца шчаслівая і магу дзякаваць Богу за магчымасць займацца тым, што люблю.

Зараз спяваю ў кавер-бэндзе «Яблычны чай» (AppleTea), мы запісваем уласныя песні і праводзім карпаратыўныя праграмы. Выконваю пераважна джазавыя песні, таму мяне называюць джазавай спявачкай, але я з гэтым не згодна. Я поп-спявачка. Хутка мы паедзем на джазавы фестываль. Вось там я змагу апраўдаць сваё званне (усміхаецца). Але мне яшчэ трэба грунтоўна падрыхтавацца са сваім бэндам.

— Ты лічыш сябе папулярнай?

— Не лічу. Для мяне вельмі важна, як і для любога артыста, які піша сам, каб песні былі пачуты, а кола слухачоў пашыралася.

У любым выпадку папулярнасць мяне яшчэ не вельмі хвалюе, больш хачу быць пазнавальнай праз свае песні. Але гэта пакуль не асноўная мэта, лічу, што знаходжуся ў творчым пошуку.

— Што ўплывае на фарміраванне твайго светапогляду?

— Безумоўна, кнігі, фільмы, але вандроўкі — найбольш моцная крыніца. Гэта бясконцае натхненне, таму што адкрываеш нешта новае. Ну, і, канешне, музыка. Вельмі люблю слухаць і глядзець відэа з канцэртаў маіх любімых артыстаў: Beyonce, Stevіe Wonder, Franklіn. Дарэчы, у ліпені я еду ў Амстэрдам на канцэрт Beyonce. Я не магу паверыць: калі набывала квіткі, то плакала ад шчасця.

— Хто твой кумір?

— Beyonce, напрыклад, мяне вельмі натхняе як спявачка і жанчына, як танцор, рэжысёр, прадзюсар. Таксама Alіcіa Keys, Justіn Tіmberlake, Jamіroquaі...

— Якія дасягненні лічыш галоўнымі на творчым шляху?

— Ну, па-першае, тое, што я пачала сама пісаць песні. Па-другое, Ліцэй БДУ і ўніверсітэт культуры — гэта каштоўны вопыт выступленняў і новыя сябры, якіх я таксама лічу сваім дасягненнем. Канешне, «Яблычны чай». Спяваць з імі было маёй марай. Таксама мой малады чалавек — яшчэ адно дасягненне (усміхаецца). Яго калектыў, работа з ім — найкаштоўнейшы вопыт для мяне. Я вельмі рада, што працую ў гэтым аркестры. Конкурсы і фестывалі не лічу дасягненнямі. Гэта толькі крокі на шляху самаразвіцця.

— А як ты ставішся да творчых эксперыментаў?

— З задавальненнем. Было ўжо некалькі праектаў з рэперам Вінсентам. Таксама рэгулярна ёсць прапановы ад беларускіх дыджэяў, якія жадаюць запісаць разам песню. Я мяркую, што ў хуткім часе будзе што-небудзь цікавае.

— Ці хапае часу на асабістае жыццё?

— Так атрымалася, што мой малады чалавек — музыкант. Лічу, што нам пашанцавала, бо і мэты ў нас аднолькавыя, і працуем разам.

— Што для цябе галоўнае на гэтым этапе жыцця?

— Імкненне да самарэалізацыі. Трэба многа працаваць, каб ганарыцца сабой. Творчы чалавек заўсёды поўны ідэй і планаў. Але ёсць праблемы з лянотай, я пастаянна з ёй змагаюся...

Пра аўтара

Валерыя, па яе словах, шмат чытае, любіць спорт і актыўны лад жыцця.

— З дзяцінства займаюся каратэ ў клубе. Таксама захапляюся блогамі і спрабую сама здымаць відэа і весці свае старонкі ў сацыяльных сетках, — гаворыць 15-гадовая аўтарка. — Люблю стасункаваць з крэатыўнымі і пазітыўнымі людзьмі: яны дораць мне наймацнейшае натхненне. Аб прафесіі думаю так: праца павінна быць у задавальненне. Я планую паступаць у Інстытут журналістыкі, мяркую, у гэтай прафесіі маё месца. А цяпер стараюся развівацца па ўсіх кірунках.

Валерыя КАМКОВА, вучаніца 10 класа Ліцэя БДУ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.