Вы тут

Мак­сім Осі­паў: «Поспех — гэта пытанне часу»


Заяўляць пра сябе гэты артыст спрабаваў па-рознаму. Спачатку ў яго быў інструментальны калектыў «Баззі Джокет» у стылі джаз-фанк, потым прыйшло разуменне, што хочацца рабіць іншую музыку і самому пісаць песні — так з'явілася група «Дэвайсы» (яна існуе вось ужо чацвёрты год). Паралельна яе саліст і стваральнік іграе ў вядомым гурце «Дразды», а таксама працуе як саўндпрадзюсар. Сустрэўшыся з Максімам Осіпавым, мы даведаліся, як ён сумяшчае творчасць і зараблянне грошай, па чым якасць песень і дзе знаходзіць рэцэпты натхнення.


— Я нарадзіўся і вырас не ў музычнай сям'і. Маці ў мяне працуе эканамістам, а бацька просты рабочы на заводзе, і яны ніяк не звязаны з творчасцю. Хоць мама (яна нарадзілася ў адзін дзень з Алай Пугачовай) некалі бачыла сны, як выступае на сцэне, іграе на розных інструментах. Аднак, паколькі яна расла ў вёсцы ў шматдзетнай сям'і, то ёй было не да заняткаў музыкай. Пайшла асвойваць больш практычную прафесію. Гэтак жа магло скласціся і ў мяне, бо ў дзяцінстве я марыў пра тое, як стану інжынерам-канструктарам аўтамабіляў. Мы тады яшчэ жылі ў Бабруйску, і я збіраўся паступаць у аўтамабільны каледж. Але потым наша сям'я пераехала ў Мінск, і на той момант у маё жыццё ўжо прыйшло захапленне гітарай. Мне было 12 гадоў — узрост, калі хлопцы збіраюцца разам і развучваюць песні, каб спадабацца дзяўчатам. Пачаў удзельнічаць у аматарскіх гуртах. Жыў літаральна ад рэпетыцыі да рэпетыцыі. А неяк маці расказала, што аб'яўлены набор у музычны каледж і пацікавілася, ці не жадаю я пайсці туды... Я згадзіўся, і з таго моманту маё жыццё назаўсёды змянілася. За лета падрыхтаваўся да экзаменаў і паступіў на клас класічнай гітары. А вось універсітэт культуры і мастацтваў заканчваў ужо па класе эстраднай электрагітары. Быў перыяд, калі ў гэтых навучальных установах нават два гады працаваў выкладчыкам.

— Сярод вядомых гітарыстаў некага для сябе лічыце прыкладам?

— Цяпер я не асабліва сачу за станам і развіццём менавіта гітарнай музыкі. Мяне больш цікавяць песенныя фарматы. Але я застаў яшчэ тыя часы, калі ў цане былі «музычныя спартсмены», і тады мне падабаўся Гары Мур, заслухоўваўся Інгві Мальмстынам. Думаю, многія музыканты праходзяць праз перыяды, калі ты цікавішся тэхнічным складнікам выканання. Але ў жыцці на цяперашні момант практыкуючаму гітарысту тое наўрад ці вельмі спатрэбіцца. У нас больш запатрабаваныя студыйныя, сесійныя музыканты. Разам з тым зразумела, што ўсё, у тым ліку і музыка, якую мы слухаем, заўсёды нейкім чынам уплывае на нас.

— Цяжка быць сесійным музыкантам?

— Гэта дае магчымасць працаваць з рознымі калектывамі. Напрыклад, я меў вопыт супрацоўніцтва з такімі беларускімі артыстамі, як Аляксандр Саладуха, Аляксей Хлястоў, гуртом «Тяни-толкай» і іншымі. Для музыканта гэта не толькі цікава, але і карысна. Бо ў кожным музычным стылі, напрамку творчасці таго ці іншага артыста, ёсць свае цікавыя «фішкі».

І калі ты прыходзіш у калектыў як сесійны музыкант, то маеш шанс паспрабаваць штосьці для сябе яшчэ не зведанае. Добры вопыт таксама атрымліваеш і ў плане пабудовы стасункаў з людзьмі.

Напрыклад, мне даволі доўга давялося працаваць з Аляксандрам Саладухам. Ёсць тое, чым я ў ім захапляюся. Ён умее сярод сотні негатыўных водгукаў знайсці адзін станоўчы і радавацца яму, а ўсё астатняе фільтруе. Такую рысу і я хацеў бы ў сабе выхаваць.

— Што стымулюе ў працы: жаданне тварыць ці магчымасць зарабіць?

— Для мяне творчасць і грошы не ўзаемазвязаныя. Гурт «Дэвайсы» — мая аддушына, хоць на пачатку нашага існавання была схільнасць да камерцыі. Асабліва, калі пачалі запрашаць на тэлебачанне і здымкі, хацелася гэтым неяк скарыстацца. Але ж з часам разумееш, што такім шляхам ты ставіш сваю творчасць у рамкі.

А пісаць па замове — гэта цяжар для творцы. Я хачу рабіць музыку для душы, а зарабляць можна і іншымі спосабамі.

— Пра што вам хочацца гаварыць мовай музыкі сёння, назіраючы за падзеямі ў свеце?

— Рок-гурты першапачаткова існавалі як пратэстныя. Таму мая група ў гэтым сэнсе ўсё ж такі поп-калектыў. Нам падабаецца спяваць пра пачуцці, эмоцыі. Добра памятаю, у мяне быў перыяд, калі я саромеўся гаварыць пра асабістае, бо ў такія моманты ты поўнасцю адкрываешся перад публікай. Па-ранейшаму пішу пра тое, што адчуваю, а не пра тое, што модна. Я не належу да тых, хто шукае рэцэпты хітоў.

— А вас часцей успрымаюць як лідара «Дэвайсаў» ці гітарыста «Драздоў»?

— Па-рознаму здараецца. Апошнім часам больш як удзельніка гурта «Дразды», бо мы з імі больш «свецімся» на тэлебачанні. Хоць бывае, што прыязджаю ў нейкі горад і чую: «Ён жа да нас з Саладухам прыязджаў!» З Віталікам Карпанавым мне камфортна працаваць. Так склалася, што спачатку я прыйшоў у калектыў часова, а потым застаўся. Тады ў іх быў крызісны ў творчым плане год, і ўжо пасля майго з'яўлення ў групе мы выпусцілі альбом «Шчасце». Там я істотна ўплываў на працэс. Хоць спачатку няёмка сябе адчуваў, калі бачыў, што да мяне прыслухоўваюцца, са мной згаджаюцца. Цяпер мы зноў плануем выпусціць новую пласцінку.

— Гастролі ў вас з чым асацыююцца?

— Гэта рамантыка, але толькі ў тым выпадку, калі едзеш некуды з канцэртамі на некалькі дзён. А не так, што паехаў, пераначаваў і зноў з'ехаў. Ад такіх паездак вельмі стамляешся, бо ты пастаянна знаходзішся ў дарозе, не маеш асабістай прасторы, ды і для адпачынку ўмовы мінімальныя. Калі ж выпраўляешся на пару дзён, то тады нібы трапляеш у іншае жыццё, дзе можаш убачыць новыя месцы, завесці новыя знаёмствы, жыць іншымі турботамі...

— Жонку сабе не сярод прыхільніц знайшлі?

— Не, з ёй мы разам з часоў вучобы ў каледжы. Яна не звязана з музыкай, працуе на тэлебачанні. У нас расце сын. Я неяк разважаў пра тое, ці змог бы пабудаваць адносіны з прыхільніцай і зразумеў, што не. У гэтым выпадку чалавек часцей за ўсё ўспрымае цябе такім, якім бачыць на сцэне, а гэта не заўсёды можа адпавядаць таму, які ты «за кулісамі». Я вельмі рады, што побач са мной мой чалавек, які заўсёды падтрымлівае. Дзякуючы ёй я дагэтуль яшчэ не перастаў займацца музыкай. Яна мая муза і мой тыл.

— Сын любіць слухаць вашы песні ці яму больш цікава з канструктарам гуляць?

— У нас цяпер перыяд трансформераў. А ў плане музыкі Марк — мой індыкатар, ён адкрыта і адразу скажа, падабаецца яму песня альбо не. Я па яго рэакцыі магу аналізаваць, наколькі ўдалай атрымалася работа. І, як паказвае вопыт, калі яму спадабалася кампазіцыя, то і ў слухачоў яна знойдзе шырокі водгук.

— Якія ў вас жыццёвыя мэты?

— Дом яшчэ не пабудаваў, але ў мяне ёсць сям'я, і яна натхняе на многае. Зараз не хочацца распыляцца па дробязях. Ёсць жаданне рабіць усё так, каб сын, калі вырасце, змог мной ганарыцца. А для здзяйснення задуманага, думаю, трэба шчыра верыць у сваю справу, працаваць так, каб перш за ўсё самому за сябе не было сорамна. Калі яшчэ побач з табой і тыя, хто ў цябе верыць, то поспех — гэта толькі пытанне часу.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».