Вы тут

Права на (с)пакой


Апякунка сіраты лічыць, што ўрач пасягнуў на жылплошчу дзіцяці.

«Ні грошай, ні прыбаўкі да пенсіі нам не трэба. Просім аднаго — дазволіць здаваць пакой». Мінчанка Алена Сікорская ўжо другі год спрабуе, як яна кажа, дабіцца справядлівасці. Стараецца не для сябе — для ўнука сястры. Хлопчык застаўся без бацькоў, жыве ў бабулі, якая аформіла над ім апеку. На паперах сірата нядрэнна забяспечаны: у яго ўласнасці ёсць доля ў двухпакаёвай кватэры. Але па факце ні жыць у тым пакоі, ні здаваць яго ў арэнду немагчыма. Першаму перашкаджае інваліднасць хлопца, другому — саўладальнік кватэры, які не дае сваёй згоды. І, што самае крыўднае для жанчын, па законе сусед мае на гэта права.


Ба­бу­ля ста­ра­ец­ца за­бяс­пе­чыць уну­ку год­ную бу­ду­чы­ню.

Абяцанні рыэлтараў

За сталом у светлым пакойчыку Галіна Трафімаўна робіць з унукам урокі. Той ціхенька слухае бабуліны тлумачэнні і старанна перапісвае заданні ў сшытак. Алена Трафімаўна тым часам раскладае перад намі ўсе паперы, што назбіраліся за гады разбору, і ўводзіць у курс справы. Менавіта яна бегае па судах і іншых інстанцыях. «Я ўзяла ўсё гэта на сябе, каб сястра нервы не матала. Хаця б да 18 гадоў Уладзіка давяла...»

Хлопчык, пра якога клапоцяцца жанчыны, — інвалід з дзяцінства. Пры нараджэнні перанёс інсульт. Як вынік — ДЦП. Маці Улада Кашкана, дачка Галіны Трафімаўны, памерла праз гепатыт, калі малому было чатыры гады. Лячыцца жанчына не хацела, жыць таксама. Пагражала, што захінецца разам з сынам у футра і выкінецца ў акно.

Пасля смерці маці хлопчык жыў з татам у трохпакаёвай кватэры (мужчына працаваў прадпрымальнікам і добра зарабляў). Але праз пяць гадоў бацькі не стала — утапіўся на лецішчы.

Трохпакаёўка ж была запісана на іншую бабулю Улада — бацькаву маці.

— Тая хутчэй прапісвацца ў кватэру пабегла, — абураецца Алена Трафімаўна. — Сястры маёй кажа: «Мы не справімся з Уладам». Выкінула ўнука, як кацяня, і настойвала, што яго трэба здаваць дзяржаве. Мая сястра не змагла гэтага зрабіць.

За Уладам, які прапісаны ў той кватэры, закон замацаваў пакой. Маёмасных правоў на яго хлопец не мае, можа толькі там пражываць да 23 гадоў. Але ніхто 15-гадовага падлетка па старым адрасе не чакае.

У спадчыну ад маці Уладу і яго старэйшаму зводнаму брату засталася двухпакаёўка. Праўда, яе вымушаны былі прадаць: калі старэйшаму хлопцу споўнілася 18, ён запатрабаваў сваю долю. Жанчыны ўпэўнены, што па-іншаму яны не маглі.

На грошы, якія засталіся ад таго продажу, для Улада купілі пакой у іншай «двушцы». Спадзяваліся здаваць яго, каб пакрысе назбіраць сіраце на цэлую кватэру. Паддаліся на абяцанні рыэлтараў. «Сястры маёй сказалі, што яна за 200 долараў зможа пакой здаваць. Хоць, напэўна, ніколі такіх расцэнак і не было, — разважае Алена Трафімаўна. — А таго суседа (гэта яго жонка пасля разводу прадавала долю ў кватэры), відаць, запэўнілі, што хлопец-інвалід усё роўна не будзе з ім жыць».

Перамовы не ўдаліся

Па законе здаваць у арэнду сваю долю можна толькі са згоды іншага саўладальніка — суседа. Але дамовіцца з ім не атрымалася. Жанчыны падалі ў суд. Іск не задаволілі. Патлумачылі гэта тым, што ў суд не быў прадстаўлены канкрэтны дагавор найму, супраць якога пярэчыць саўладальнік, а значыць, ацаніць, наколькі яго адмова абгрунтаваная, немагчыма.

— Ва ўласнасці Улада пакой на 17 метраў (у саўладальніка — на 11) і дзве траціны падсобных памяшканняў. Да таго ж ён сірата, інвалід. Вось колькі паказчыкаў! Яму ж гарантаваны асаблівы клопат і сацыяльная абарона. Той сусед — урач. Мужчына павінен разумець, што такое хворае дзіця. А ён замахнуўся на плошчу сіраты, — лічыць пенсіянерка. — Суддзя нам сказала іншым разам прывесці на слуханне канкрэтнага кватаранта, прыстойнага. А хто ж пагодзіцца дзеля таго, каб пакой здымаць, па судах хадзіць?

На перамовы, сцвярджаюць жанчыны, саўладальнік не ідзе, кандыдатуры кватарантаў не разглядае. «Пагражаў, што нават калі хто і заселіцца, то ён такія ўмовы там створыць, што чалавек сам не вытрымае і з'едзе», — дадае Галіна Трафімаўна.

Яна згодна здаваць пакой і за 600 тысяч: столькі патрэбна, каб пакрыць выдаткі на камуналку, якую штомесяц плацяць за долю Улада ў той кватэры і на падатак за здачу ўнаём. Галіна Трафімаўна тлумачыць, што лішніх грошай у сям'і няма:

— Унук атрымлівае пенсію 2,5 мільёна. Але на яго лячэнне, ежу, адзенне ідзе вельмі шмат. Толькі за зіму Уладзіку давялося купіць тры пары абутку. З яго паходкай чаравікі хутка зношваюцца.

— 30 тысяч долараў за той пакой аддалі, — уздыхае Алена Трафімаўна. — Сёння прадаць яго можна за тысяч 17. Мы б і прадалі. Але ж не купяць: ніхто не захоча жыць на агульнай кухні.

Недасканаласць заканадаўства?

Мы патэлефанавалі саўладальніку кватэры. Той, калі пачуў, што звоніць журналіст, на здзіўленне, трубку не кінуў. Мужчына спакойна адказаў, што прапаноўваў пенсіянеркам выйсце — знайсці чалавека з такім жа па метражы пакоем і абмяняцца. З'ехалі б ад яго і жылі спакойна. І пацвердзіў: ніякіх кватарантаў у сябе ён бачыць не хоча.

— Я ўжо чалавек немалады. Хачу жыць так, як прывык. Не чакаць сваёй чаргі, каб схадзіць на кухню ці ў прыбіральню. Тым больш я дзейнічаю паводле закона.

Сапраўды: нормы мужчына не парушае. Ці не ўшчамляе ён такім чынам права іншага саўладальніка карыстацца сваёй доляй? Пытанне спрэчнае. У Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адзначаюць, што яны не раз абмяркоўвалі пытанні долевай уласнасці на жылыя памяшканні. Адвакат юрыдычнай кансультацыі №2 Маскоўскага раёна сталіцы Крысціна Хома таксама мяркуе, што з заканадаўствам у гэтай галіне ёсць пэўныя праблемы.

— Што да канкрэтнай сітуацыі, я параіла б усё ж такі рыхтаваць дагавор і шукаць кватаранта, які зможа прыйсці ў суд. Разумею, што гэта складана, але, зыходзячы з таго, што прапісана ў законе, іншага варыянта на сёння я не бачу, — гаворыць Крысціна Хома і дадае, што ні тое, што ў хлопца ва ўласнасці большая частка памяшкання, ні той факт, што ён сірата, на справу паўплываць не могуць.

У Беларусі каля трохсот тысяч кватэр знаходзяцца ў долевай уласнасці (маюць некалькіх уладальнікаў). Адвакат заўважае, што часцей спрэчкі ўзнікаюць пры продажы долі, а пытанні здачы ўнаём уласнікі стараюцца вырашаць самастойна і не даводзіць да суда.

У кожнага свой інтарэс

Жанчыны адступаць не збіраюцца. Яны хочуць забяспечыць хлопца асобным жыллём, каб той не апынуўся на вуліцы.

— Няўжо ён не зможа застацца ў вашай кватэры? — пытаюся ў бабулі-апякункі.

— У яе, апроч Уладзіка, яшчэ чатыры спадчыннікі: дачка з зяцем і два ўнукі, — адказвае за сястру Алена Трафімаўна. — Невядома, як у іх складуцца адносіны. У кожнага ж будзе свой інтарэс.

— Чаму б тады не пераехаць пакуль у спрэчны пакой Улада, а гэтую «аднушку» здаваць?

— Ведаеце, я столькі сіл уклала, каб жыллё выглядала так, як цяпер, — Галіна Трафімаўна аглядае свой акуратны пакойчык. — А пасля кватарантаў што будзе?

Пенсіянеркі пастаянна займаюцца з унукам, каб падлетак у будучыні змог жыць самастойна. Праз свой дыягназ высокаму і даволі сімпатычнаму Уладу ў школе часам няпроста: аднакласнікам лёгка пакрыўдзіць хлопца, які не можа даць здачы.

— Дзеці яго абзываюць, але вучым, што з гэтым трэба ўмець спраўляцца. Я цяпер на Ніка Вуйчыча ўзяла самыя танныя квіткі, па 160 тысяч, каб паказаць Уладу, што ўсё магчыма, — кажа Алена Трафімаўна.

Пакуль хлопец вучыцца ў сёмым класе. Праграму паступова засвойвае. Трафімаўны спадзяюцца, што на якую-небудзь працу ён зможа ўладкавацца: прафесіі ўсе патрэбны. Сам Улад празнаецца, што хацеў бы стаць кіроўцам, але тут жа ўздыхае: разумее, што фізічна не зможа працаваць па гэтай спецыяльнасці. «Паспрабую паступіць у каледж, а там паглядзім», — аптымістычна заўважае падлетак. У матэрыяльныя пытанні юнак не ўмешваецца: яму сёння куды важней завесці сяброў. Хочацца спадзявацца, што пасля ўсіх жыццёвых і жыллёвых перапетый Улад не страціць веру ў людзей.

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота аўтара

Калі вы сутыкнуліся са складанай жыццёвай сітуацыяй і хочаце падзяліцца набалелым, дасылайце свае гісторыі ў рэдакцыю на электронны адрас іnfo@zvіazda.by або па пошце: 220013 г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а. Будзем шукаць выйсце разам.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.