Вы тут

Найлепшая альтэрнатыва — дыялог


Прадстаўнікі міжнародных арганізацый, дзяржаўных і недзяржаўных структур абмеркавалі выбарчую палітыку.

Як павінна праходзіць выбарчая кампанія, каб яе можна было назваць празрыстай, а вынікі выбараў ні ў кога не выклікалі сумненняў? Якіх змен чакаюць ад нашай краіны ў плане выбарчага працэсу міжнародныя арганізацыі? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі «круглага стала» «Стандарты правядзення выбараў і ўдасканаленне выбарчага працэсу ў Рэспубліцы Беларусь», арганізаванага Нацыянальным сходам нашай краіны і Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы.


Адзін бок стала — для назіральнікаў

Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, у размове з журналістамі пасля першай сесіі «круглага стала» нагадала, што Цэнтрвыбаркам напярэдадні парламенцкіх выбараў зрабіў упор на ўдасканаленне правапрымяняльнай практыкі.

— У сувязі з чым Цэнтральная камісія ўжо прыняла шэраг пастаноў, якія тычацца самага важнага моманту — узмацнення празрыстасці падвядзення вынікаў выбараў, — сказала старшыня Цэнтральнай камісіі. — У прыватнасці, вызначана працэдура падліку галасоў, якая дазволіць назіральнікам бачыць усе дзеянні, якія здзяйсняе ўчастковая выбарчая камісія. Дазволены доступ міжнародных назіральнікаў у памяшканні акружных камісій пры звядзенні вынікаў выбараў. Назіральнікам дадзена права на атрыманне інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў, якія ўключаны ў спісы для галасавання і якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Акрамя гэтага, узмоцнена празрыстасць разгляду выбарчых спрэчак.

— Больш празрысты дыскусійны парадак прадугледжваецца для ўстанаўлення працэдуры ўтварэння ўчастковых, акружных і тэрытарыяльных выбарчых камісій, — паведаміла Лідзія Ярмошына.

Яна адзначыла, што Цэнтральная камісія ў сваю чаргу будзе строга назіраць за выкананнем вышэйпералічаных новаўвядзенняў. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, члены выбарчых камісій павінны паводзіць сябе ў адпаведнасці з метадычнымі рэкамендацыямі Цэнтральнай камісіі.

— Калі на месцах добра правядуць вучобу (згодна з нашым прыкладным сцэнарыем трэнінгу), то ва ўчастковых выбарчых камісій не будзе памылак. Калі памылкі будуць, то назіральнікі абавязкова прасігналізуюць пра гэта і члены ўчастковай выбарчай камісіі панясуць адказнасць — аж да крымінальнай.

Адказваючы на пытанне наконт працэдуры падліку галасоў, Лідзія Ярмошына сказала, што яны павінны падлічвацца, як звычайна. Толькі адзін бок стала, на якім падлічваюцца галасы, павінен быць цалкам адкрыты для назіральнікаў. Яны павінны бачыць усю працэдуру падліку.

Рэкамендацыі даюцца ўсім краінам

Андрэа РЫГОНІ, дакладчык па Беларусі Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), падчас свайго выступлення асобна падкрэсліў, што ўсе краіны-члены Савета Еўропы (а іх 47) рэгулярна атрымліваюць ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) рэкамендацыі па паляпшэнні выбарчага працэсу. Значыць, падкрэсліў прадстаўнік ПАСЕ, работа над удасканаленнем заканадаўства характэрна не толькі для нашай краіны. Андрэа Рыгоні сказаў, што ў яго самога было 55 місій па назіранні за выбарамі ў розных краінах.

— Мы прыкладалі і будзем прыкладаць намаганні, каб палепшыць базавыя стандарты для выбараў, — заявіў ён. — З гэтага пункту гледжання паляпшэнне выбарчага заканадаўства ёсць паляпшэнне стану дэмакратыі ў канкрэтнай краіне.

На думку Андрэа Рыгоні, будучыя парламенцкія выбары ў нашай краіне стануць фундаментальным этапам у працэсе нармалізацыі стасункаў Беларусі з Саветам Еўропы і Еўрасаюзам. Ён выказаў упэўненасць, што наша краіна павінна ўвайсці ў ПАСЕ. Таксама ён выступіў за паступовае збліжэнне нашай дзяржавы з Саветам Еўропы. На яго думку, дыялог і супрацоўніцтва не маюць альтэрнатывы.

Андрэа Рыгоні лічыць, што для таго, каб парламент паспяхова працаваў, ён павінен уяўляць сабой «саюз людзей, што мысляць справядліва» — г.зн. у яго складзе павінны быць людзі, якія прытрымліваюцца розных поглядаў.

Не загады, а парады

Генадзь ГРЫЦКЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, лічыць, што за гады незалежнасці выбарчае заканадаўства нашай дзяржавы прайшло паслядоўны, эвалюцыйны шлях фарміравання і развіцця.

— У выніку створана сучасная выбарчая сістэма, якая адказвае высокім дэмакратычным патрабаванням, — звярнуў увагу ён. — З улікам уласнага нацыянальнага вопыту правядзення дэмакратычных выбараў і рэферэндумаў у краіне здзяйсняецца планамерная сістэмная праца па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства. Трэба адзначыць, што ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь не раз уносіліся змены, накіраваныя на дэмакратызацыю выбарчага працэсу — таксама і з улікам рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ.

Яго калега Віталь БУСЬКО, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах, станоўча ацаніў гутарку, што адбылася ў рамках «круглага стала».

— Прыемна, што ў гэтай зале я нарэшце пачуў нармальнае тлумачэнне слова «рэкамендацыя», — прызнаўся Віталь Бусько, — гэта парада. А ў мінулыя гады для нас гэта гучала як аксіёма, як догма, якая не можа абмяркоўвацца. Сёння мы нарэшце прыйшлі да разумення, што рэкамендацыя павінна выконвацца, калі яна не супярэчыць нашаму заканадаўству, нашым нацыянальным інтарэсам, нашым традыцыям.

У дыскусійнай частцы «круглага стала» дэпутат падняў пытанне, наколькі правільна выкарыстоўваць тэрмін «аб'ектыўна незалежны назіральнік»? На думку нашага парламентарыя, любы назіральнік прадстаўляе нейкую арганізацыю, партыю, грамадскі рух — ён ужо з гэтай прычыны не з'яўляецца незалежным. Дэпутат прапанаваў выкарыстоўваць фразу «назіральнік з аб'ектыўным меркаваннем».

Андрэа Рыгоні ў адказ таксама прызнаўся, што размова яму вельмі спадабалася. Ён пагадзіўся з Віталем Бусько — сапраўды, на думку прадстаўніка ПАСЕ, ніхто не можа быць цалкам незалежным: у чалавека заўсёды ёсць нейкія ўласныя перакананні, погляды. У сувязі з гэтым, лічыць ён, станоўчую ролю адыгрывае плюралізм.

* * *

У «круглым стале» таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Венецыянскай камісіі, БДІПЧ АБСЕ, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, Еўрапейскага парламента, Цэнтра еўрапейскай перспектывы. Былі прадстаўнікі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Выканаўчага камітэта СНД, Міністэрства замежных спраў, а таксама грамадскіх аб'яднанняў.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.