Вы тут

Прадукцыя СМІ і кнігі цяпер будуць выходзіць з пазнакай узросту


Унесеныя змены ў законы Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб выдавецкай справе». Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.


Што лічыцца шкодным?

Так, паводле змен у Законе «Аб правах дзіцяці», прадугледжваецца абарона дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю і развіццю. Гэта інфармацыя, якая:

  • выклікае жаданне ўжываць алкагольныя, слабаалкагольныя напоі, піва, а таксама наркатычныя, псіхатропныя, таксічныя рэчывы, іх аналагі, вырабы з тытуню;
  • падахвочвае да здзяйснення злачынства і іншага дзеяння, небяспечнага для грамадства, у тым ліку да заняткаў прастытуцыяй, удзелу ў азартных гульнях, дзеянняў, звязаных з вырабам, распаўсюджаннем парнаграфічных матэрыялаў ці прадметаў парнаграфічнага характару;
  • станоўча ацэньвае злачынствы ці ідэалізуе злачынцаў, падштурхоўвае да паводзінаў, якія прыніжаюць годнасць чалавека, у тым ліку здзяйснення гвалту ў дачыненні да чалавека ці жывёл;
  • адлюстроўвае здзекі з чалавека ці групы людзей або іх прыніжэнне ў сувязі з этнічным паходжаннем, нацыянальнай, расавай, рэлігійнай, моўнай, палавой прыналежнасцю, перакананнямі або поглядамі, сацыяльным становішчам, захворваннямі;
  • падтрымлівае або станоўча ацэньвае жорсткасць, фізічны, псіхалагічны ці сексуальны гвалт, сексуальную эксплуатацыю, сексуальныя зносіны з удзелам дзяцей;
  • заахвочвае да нанясення цялесных пашкоджанняў ці самагубства, апісвае сродкі ці ўмовы самагубства;
  • змяшчае методыкі або іншыя матэрыялы аб спосабах вырабу небяспечных для жыцця і здароўя людзей прадметаў і іх выкарыстання;
  • падтрымлівае звычкі, якія супярэчаць фарміраванню здаровага ладу жыцця;
  • змяшчае нецэнзурныя словы і выразы, дыскрэдытуе інстытут сям'і і шлюбна-сямейныя адносіны;
  • мае застрашлівы характар, у тым ліку прадстаўляе ў выглядзе выяў ці апісання прыніжэнне чалавечай годнасці, смерці, няшчаснага выпадку, аварыі, катастрофы, хваробы і іх наступстваў;
  • змяшчае парнаграфічныя матэрыялы і (або) эротыку.

Інфармацыя — універсальная ці спецыфічная?

Таму для абароны дзяцей ад інфармацыі падобнага кшталту закон цяпер забараняе распаўсюджанне інфармацыйнай прадукцыі — а гэта прадукцыя СМІ, друкаваныя выданні, аўдыявізуальныя творы, гульні, праграмы, звесткі, што распаўсюджваюцца падчас культурных мерапрыемстваў, — без прысваення знака ўзроставай катэгорыі. Такім знакам можа служыць гукавое і (або) візуальнае папярэджанне, што ўказвае на ўзроставую катэгорыю дзяцей, сярод якіх дапускаецца распаўсюджанне дадзенай інфармацыйнай прадукцыі.

У залежнасці ад жанру, тэматыкі, зместу і мастацкага афармлення інфармацыйнай прадукцыі, ёй прысвойваюцца наступныя знакі ўзроставай катэгорыі: «0+» (універсальная), «6+», «12+», «16+», «18+». Крытэрыі вызначэння ўзроставай катэгорыі ўстанаўліваюцца ўрадам Рэспублікі Беларусь. Для каардынацыі дзеянняў, накіраваных на абарону дзяцей ад шкоднай інфармацыі, пры ўрадзе краіны ствараецца спецыяльны грамадска-кансультацыйны савет.

Узроставыя абмежаванні будуць ужывацца і ў дачыненні да інтэрнэт-прадукцыі. Так, уладальнікі камп'ютарных клубаў, інтэрнэт-кавярняў павінны будуць выкарыстоўваць праграмныя, праграмна-апаратныя сродкі, што дазваляюць не дапусціць распаўсюджання сярод дзяцей інфармацыі, якая можа нанесці ім шкоду. Такія ж метады абмежавання доступу да небяспечных сайтаў могуць выкарыстоўвацца і пры карыстанні інтэрнэтам дома.

Адметна, што выдаўцы, вытворцы інфармацыйнай прадукцыі не маюць права распаўсюджваць прадукцыю без знакаў абмежавання ўзросту, але могуць самастойна прысвойваць ёй узроставую катэгорыю мэтавай аўдыторыі ў адпаведнасці з распрацаванымі крытэрыямі.

Не ўсе СМІ Беларусі будуць выходзіць з пазнакамі ўзросту. Неабавязкова пазначаць тэле-і радыёперадачы, што транслююцца ў прамым эфіры; тэле-і радыёперадачы інфармацыйнага, інфармацыйна-аналітычнага, культурна-асветніцкага, спартыўнага і духоўна-асветніцкага характару; замежныя тэле- і радыёпраграмы, якія транслююцца ў Беларусі без змены формы і зместу; друкаваныя СМІ, што спецыялізуюцца на распаўсюджванні інфармацыі агульнапалітычнага, навуковага, вытворча-практычнага, масава-палітычнага, афіцыйнага, духоўна- і культурна-асветніцкага, даведачнага, рэфератыўнага і статыстычнага характару; інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт.

Якая карысць змен?

Адметна, што айчынныя выдаўцы ўжо даўно выпускаюць кнігі з пазнакамі, для дзяцей якога ўзросту яны прызначаюцца. Цяпер узроставае абмежаванне аўдыторыі стане больш ярка паказаным; так бацькі, настаўнікі змогуць больш пільна сачыць за тым, што чытае дзіця, якія праграмы глядзіць.

На думку міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, мэта змен — прыняцце комплексу захадаў па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая можа нанесці шкоду іх здароўю, развіццю, маральнасці. Натуральна, усіх праблем маркіроўка прадукцыі не вырашыць, але гэта толькі першы крок. «Грамадства і дзяржава бяруць заканадаўчы курс на абарону дзяцей ад уздзеяння шкоднай інфармацыі. Такая прадукцыя не накіравана на фарміраванне ўсебакова развітай, духоўна і маральна сфарміраванай асобы і праз уздзеянне на дзіцячую псіхіку можа прывесці да негатыўных наступстваў», — сцвярджае Лілія Ананіч.

Цалкам са зместам Закона «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь» можна азнаёміцца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале краіны pravo.by.

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Абмежаванні для чытачоў: ад «0+» да «18+»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.