Вы тут

Асаблівая адказнасць за бяспеку


Асноўныя пагрозы бяспекі, з якімі сутыкаецца Садружнасць Незалежных Дзяржаў, і крокі для больш эфектыўнага супрацьстаяння гэтым выклікам абмяркоўваліся на сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі дэлегацый 40-га пасяджэння Савета кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаў-удзельніц СНД.


Удзельнікі сустрэчы закранулі праблему узмацнення міжнароднай напружанасці, нарошчвання ваеннаq прысутнасці НАТО на тэрыторыі Усходняй Еўропы, у тым ліку каля граніц Беларусі. "Вобласць нестабільнасці вакол нас, на жаль, пашыраецца. Прыходзіцца канстатаваць размыванне механізмаў забеспячэння як міжнароднай, так і рэгіянальнай бяспекі. Асобныя знешнія палітычныя сілы дэманструюць вяртанне да блокавага мыслення часоў "халоднай вайны". У наяўнасці спробы ўцягвання цэлых рэгіёнаў у супрацьстаяньне і новую гонку ўзбраенняў. Для нас гэта абсалютна непрымальна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Абмяркоўваўся таксама міграцыйны крызіс у Еўропе, якая з-за нестабільнасці на Блізкім Усходзе перажывае сапраўдную гуманітарную катастрофу, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што праблему нелегальнай міграцыі Беларусь у адзіночку вырашае не менш за 10 гадоў. "Мы з гэтай праблемай знаёмыя даўно, у нас ёсць пэўны вопыт работы ў гэтым напрамку, але ў адзіночку Беларусь, у тым ліку і матэрыяльна, справіцца не можа", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У час сустрэчы выяўлялася заклапочанасць, што ў сувязі з узмацненнем жорсткасці міграцыйнага кантролю на межах краін ЕС нагрузка на Беларусь можа яшчэ больш ўзрасці.

У СНД ўсведамляюць рэальную пагрозу, якую ўяўляе для яго краін пагаршэнне міграцыйнай абстаноўкі ў Еўропе, узмацненне крызісных з'яў у сусветнай эканоміцы, абвастрэнне барацьбы за энергетычныя, водныя, іншыя рэсурсы. "На гэтай глебе падымае галаву радыкальны экстрэмізм, нарастаюць пагрозы з боку міжнародных тэрарыстычных структур. Таксама на парадку дня стаяць праблемы транснацыянальнай злачыннасці, наркатрафіку, гандлю людзьмі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Усё гэта ускладае асаблівую адказнасць на органы дзяржаўнай бяспекі і спецыяльныя службы дзяржаў Садружнасці.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы заклікаў больш адкрыта абмяркоўваць вострыя ўнутраныя праблемы СНД: сітуацыю ў Прыднястроўі, Нагорным Карабаху, Украіне. "Калі мы іх не будзем бачыць, лячыць гэтыя хваробы, мы загонім іх углыб", - перасцярог Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што СНД неабходна імкнуцца да дыялогу па гэтых і іншых актуальных пытаннях. "Трэба дамаўляцца. Мы нікуды не падзенемся, мы ў адной лодцы, ніхто нас асабліва там, на іншых берагах, не чакае. Трэба ўладкоўваць сваё жыццё", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Палітыка Беларусі ў галіне бяспекі сёння такая, каб трымаць порах сухім, абапіраючыся на партнёраў. Удзельнікі сустрэчы сышліся ў меркаванні, што такой сёння павінна быць агульная пазіцыя.

Закранаючы тэму мадэрнізацыі СНД, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць развіцця Садружнасці як унікальнай інтэграцыйнай і перамоўнай пляцоўкі. Прэзідэнт адзначыў, што лічыць магчымым вяртанне Грузіі і Украіны да ўзаемадзеяння ў рамках Садружнасці.

У час сустрэчы быў закрануты шэраг іншых тэм, актуальных для органаў бяспекі і спецслужбаў СНД. У тым ліку меры па супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму і экстрэмізму, арганізацыі сумеснай сістэмнай працы па гэтым і астатніх напрамках ўзаемадзеяння.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.