Вы тут

У Пакістане ведаюць Васіля Быкава і Святлану Алексіевіч


Што мы ведаем пра Пакістан? Што мы ведаем пра пакістанскую літаратуру?.. Зразумела, зазірнуўшы ў інтэрнэт, можна па-руску і яшчэ болей па-англійску нешта адкрыць, можна сфарміраваць нейкія агульныя ўяўленні. Але хацелася б ведаць пра літаратуру з першых вуснаў... У лютым 2016 года Мінск наведаў спадар Касім Бугіа. Старшыня Пакістанскай акадэміі літаратуры, прафесар, ён быў госцем Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пабываў і ў Выдавецкім доме «Звязда», дзе адбылася грунтоўная размова пра магчымае развіццё літаратурных стасункаў паміж Беларуссю і Пакістанам. Ёсць упэўненасць, што сапраўды многа што здзейсніцца. Пераконваюць у гэтым першыя крокі — у прыватнасці, часопіс «Полымя» надрукаваў толькі што падборку вершаў паэтаў Пакістана па-беларуску. А зараз — слова спадару Касіму Бугіа, які пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.


— Што з відаў літаратуры цяпер дамінуе ў Пакістане: проза, паэзія, драматургія альбо публіцыстыка?

— Пакістан мае багатую літаратурную спадчыну ў яе шматмоўнай разнастайнасці. Характар пакістанскай літаратуры ў спалучэнні спрадвечных містычных ведаў з сацыяльнымі і агульначалавечымі каштоўнасцямі акрэслены ўсімі асноўнымі мовамі народаў Пакістана: урду, пенджабі, сіндхі, пушту, белуджы, брагуі, сараікі і іншымі. Аўтары пішуць выдатныя літаратурныя творы ва ўсіх відах. Але сёння ў Пакістане дамінуюць раманы і апавяданні, паэтычныя творы — газелі і вершы.

— Ці працуюць у вашай краіне пісьменніцкія саюзы, грамадскія аб'яднанні літаратараў?

— У Пакістане — шмат літаратурных арганізацый, асацыяцый, аб'яднанняў. Сярод іх вылучаецца Пакістанская гільдыя пісьменнікаў, Хальк-э-Арбаб-э-Зоўг, Прагрэсіўны пісьменніцкі саюз Анджанан-э-Таракі-э-Пасанд-Мусаніфен, Сіндхі Адабі Соннат Пунджабі Парчар.

Асобна працуюць арганізацыі, якія аб'ядноўваюць пісьменнікаў па мове, на якой яны пішуць. Напрыклад, існуюць аб'яднанні літаратараў пушту.

— Ці шмат прафесійных пісьменнікаў у Пакістане, тых, хто жыве з літаратуры?

— Як на мой погляд, у такім фармаце ніводны з пісьменнікаў Пакістана не можа лічыцца «прафесійным». Літаратурная праца ў нас не з'яўляецца высокааплатнай. Пісьменнікі, каб забяспечыць свой сацыяльны статус, банальна кажучы — каб пракарміць сябе, сваю сям'ю, павінны працаваць на іншых працоўных месцах, часам вельмі далёкіх ад літаратуры, мастацкага слова, кнігі. Хоць, няхай сабе і рэдкія, усё ж ёсць выключэнні. Згадаю некаторыя імёны «прафесійных» літаратараў: Мустансар Хусэйн Тарар, Абдуль Хусэйн, Алі Баба, Анвар Пірзада, Ахмед Надзім Касіні і іншыя. Якраз яны займаюцца выключна пісьменніцкай працай і прасоўваннем мовы і літаратуры ў грамадстве, у краіне.

— Раскажыце, калі ласка, пра літаратурныя ўзнагароды Пакістана. Ці ёсць у вас свая «Нобелеўка»?

— Для таго, каб стымуляваць плённую працу, заахвочваць развіццё мастацкай дасканаласці і спрыяць творчаму спаборніцтву, недзе з 1980—1981 гадоў мы прысуджаем літаратурныя ўзнагароды за лепшыя кнігі. А ў спіс лепшых кніг Пакістана штогод трапляюць творы, напісаныя на ўсіх мовах розных народаў нашай краіны. А яшчэ — кнігі, якія з дапамогай Пакістанскай акадэміі літаратуры перакладаюцца на англійскую.

Назаву хоць бы некаторыя... Прэмія «Баба-э-Урду Молві» Абдула Хака (гэтая адзнака — за працу на ўрду), прэмія «Аллама» доктара Мухамада Ікбала (за паэзію на ўрду). Узнагарода «Сайед» Варыса Шаха — за творы на пенджабі. Прэмія імя Шаха Абдула Лаціфі Бхіттаі — пісьменнікам, якія пішуць на мове сіндхі. Прэмія Кхваі Гхулама Фарыды — для пісьменнікаў сараікі. Прэмія Тай Мухамада Таджала — за творчасць на мове брагуі. Узнагарода Сайена Ахмада Алі — літаратарам хіндка. Прэмія імя Патрыма Батхары — за лепшую англамоўную кнігу. Ёсць прэмія — Музамада Хассана Аскары — за перакладчыцкую работу. Велічыня па грашах кожнай з гэтых прэмій складае 100 000 рупій, альбо 950 долараў ЗША.

Вельмі прэстыжная прэмія «Камаль-э-Фан». Яна заснавана ў 1997 годзе. Для ўзнагароджвання старэйшых пакістанскіх літаратараў: за дасягненні на працягу ўсёй шматгадовай работы ў нацыянальнай літартуры. Прэмію не прысуджаюць пасмяротна. Яе атрымліваюць пісьменнікі пры жыцці. Грашовая частка складае каля 500 000 рупій — гэта недзе 4 800 амерыканскіх долараў.

Прэмія імя Шаха Абдула Лаціфі Бхіттаі — мы яе ўжо згадвалі — прысуджаецца штогод за лепшую кнігу па суфізме.

— Прызнацца, уражлівы пералік...

— А ёсць жа яшчэ прэміі, якія заснаваны ў межах розных пісьменніцкіх аб'яднанняў. Усё гэта ў цэлым толькі на карысць літаратурнаму працэсу ва ўсёй краіне.

— Сённяшні рытм жыцця патрабуе імгненнага выкладання пазіцыі, хуткага асэнсавання рэчаіснасці. У дадатак да працы па напісанні кніг пісьменнікі выступаюць у друку з публіцыстычнымі артыкуламі, вядуць калонкі ў газетах, блогі на інтэрнэт-сайтах. Пісьменнікі ладзяць актуальныя дыскусіі, удзельнічаюць у дыспутах і канферэнцыях. Якім чынам праяўляецца вось гэтая адмеціна сучаснага мастацкага жыцця ў Пакістане?

— Пакістанская акадэмія літаратуры ладзіць нацыянальныя і міжнародныя канферэнцыі па розных тэмах, звязаных з мовай, літаратурай. У 1995 годзе мы правялі Міжнародную канферэнцыю пісьменнікаў і інтэлігенцыі. Такая ж канферэнцыя прайшла ў студзені 2013 года. У 2008 і 2010 гадах мы запрасілі прадстаўнікоў розных краін да ўдзелу ў Міжнародных канферэнцыях па суфізме.

Ёсць у нас добрая традыцыя ладзіць Мушаір — так у Пакістане і Паўночнай Індыі называюць сходы, дзе паэты шмат гадзін запар чытаюць свае вершы. Звычайна Мушаір мы спалучаем з канферэнцыяй на тую ці іншую тэму. Месцамі правядзення сумесных з Мушаірам канферэнцый мы абралі гарады Карачы, Лахор, Квету. Правялі і сумесны форум — у Лахоры. Адну з канферэнцый ПАК прысвяцілі правам жанчыны і адлюстраванню гэтай тэмы ў літаратуры.

— Якія з замежных літаратур карыстаюцца найбольшым попытам у пакістанскіх чытачоў?

— Па розных прычынах найбольш распаўсюджаная англійская літаратура. Галоўны складнік папулярнасці — у англійскай мове, якая з'яўляецца міжнароднай мовай навукі і тэхнікі. Вывучэнне англійскай сёння і для Пакістана і пакістанцаў — як магчымасць дыхаць. Без гэтага нельга дасягнуць розных мэтаў на глабальным узроўні. Вось чаму ў Пакістане адукацыя пабудавана так, што дзеці вывучаюць англійскую мову з самага ранняга ўзросту. Адпаведна, і англійская літаратура становіцца больш займальнай і зразумелай для людзей, карыстаецца шырокай увагай.

— Дзякуючы знаёмству з вамі мы адкрылі для сябе літаратурны альманах Паўднёва-Азіяцкай асацыяцыі рэгіянальнай кааперацыі (SААRС). Як актыўна наладжана супрацоўніцтва пісьменнікаў у межах гэтага інтэграцыйнага руху?

— Пісьменніцкая арганізацыя краін SААRС толькі-толькі зараджаецца. Мы ўсе вядзём работу над умацаваннем культурных сувязяў з дапамогай літаратурных і культурных узаемадачыненняў паміж краінамі SААRС. Выступаем за мір і спакой у рэгіёне, заклікаем людзей да дыялогу ў вырашэнні спраў.

— Ці працуюць пісьменнікі ў Пакістане на ніве мастацкага перакладу?

— Канешне ж, у нас шмат перакладаюць з іншых моў. Гэта і мае калегі з ПАЛ, і пісьменнікі з іншых урадавых і няўрадавых арганізацый.

— Наколькі знаёмыя пакістанцы з рускай літаратурай?

— Мажліва, намнога менш мы ведаем сучасную рускую літаратуру. Затое добра знаёмыя з класікай. Найперш — з творамі Міхаіла Булгакава, Фёдара Дастаеўскага, Льва Талстога, Максіма Горкага і Расула Гамзатава...

— Апошні з вамі названых — аварскі паэт з Дагестана, хоць, канешне ж, ён — з пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі.

— І, пэўна ж, перакладзены ў нас з рускай мовы. Зразумела, што рускую літаратуру мы чытаем не толькі на ўрду і іншых мовах Пакістана, але і на англійскай.

Добра вядомы ў Пакістане і рускі пісьменнік Антон Паўлавіч Чэхаў. У 2010 годзе Рускі культурны цэнтр у Карачы ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай акадэміяй тэатральнага мастацтва паставіў п'есу А. Чэхава «Прапанова».

Дарэчы, Рускі культурны цэнтр ёсць і ў Лахоры — ён заснаваны ў 2010 годзе ўніверсітэтам Пенджабі.

— Будзем спадзявацца і на стварэнне Беларускага культурнага цэнтра.

— Чаму б і не?! Пабываўшы ў Беларусі, Мінску, я зразумеў, наколькі беларуская літаратура багатая і самастойная. А значыць — вартая.

— У свой час у Савецкім Саюзе быў добра вядомы пакістанскі пісьменнік Фаіз Ахмад Фаіз...

— Так. Пакістанскі драматург, празаік і паэт быў узнагароджаны Міжнароднай Ленінскай прэміяй. Многія яго творы былі перакладзены на рускую мову. Добра вядомы ў Расіі, СССР быў і наш драматург і сцэнарыст Анвар Максуд. Большасць яго п'ес была перакладзеная і пастаўленая ў тэатрах Расіі.

— Ці ведаюць у Пакістане каго з беларускіх пісьменнікаў? Як, напрыклад, Васіля Быкава, Святлану Алексіевіч...

— Мы чулі гэтыя імёны. Яны, несумненна, вядомыя ў нашым літаратурным асяроддзі. Пакістанскія штодзённыя газеты згадвалі пра іх у сваіх навінах.

Мінск — Ісламабад

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».