Вы тут

Рабочая арыстакратыя


Пагрозу «Не хочаш працаваць галавой, будзеш працаваць рукамі» чулі, напэўна, многія школьнікі. ІІ нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkіlls Belarus разбурыў стэрэатып пра нізкую кваліфікацыю прадстаўнікоў рабочых прафесій ушчэнт. На тры дні Футбольны манеж у сталіцы пераўтварыўся ў адну вялікую майстэрню, дзе сабраліся зваршчыкі і муляры, фрэзероўшчыкі і токары, плітачнікі і сталяры, цырульнікі і дызайнеры адзення, кухары і кандытары, сеткавыя адміністратары і мехатронікі, аўтамеханікі і афіцыянты, каб паказаць свае прафесійныя навыкі і ўменне працаваць на самым сучасным абсталяванні.


Фіналісты WorldSkіlls Belarus-2016 дэманстравалі майстэрства ў 33 рабочых кампетэнцыях. У параўнанні з першым чэмпіянатам, у праграму дабавілася 11 новых кампетэнцый: выраб мэблі, цяслярскія, электрамантажныя, малярныя і дэкаратыўныя работы, сухое будаўніцтва і тынкаванне, сантэхніка і ацяпленне, тэхніка халадзільных установак і кандыцыянавання паветра, графічны дызайн, праграмнае забеспячэнне для бізнесу, вэб-дызайн і кузаўны рамонт аўтамабіля. Плюс чатыры дэманстрацыйныя кампетэнцыі: візуальны мерчандайзінг і афармленне вітрын, выпечка хлебабулачных вырабаў, касметалогія, медыка-санітарная дапамога і сацыяльны догляд.

Акрамя беларускіх канкурсантаў, удзел у нацыянальным чэмпіянаце ўзялі таксама прадстаўнікі Расіі, Казахстана, Украіны, Фінляндыі, Швейцарыі і Рэспублікі Карэя. Гэта звычайная практыка, калі замежнікі ўдзельнічаюць у «чужых» спаборніцтвах, каб і на іншых паглядзець, і сябе паказаць, а за адным махам параўнаць уласнае прафесійнае майстэрства з майстэрствам патэнцыяльных сапернікаў на сусветным чэмпіянаце. Па выніках правядзення рэспубліканскага конкурсу будзе сфарміравана нацыянальная зборная, якая ў кастрычніку 2017 года прадставіць Беларусь на 44-м міжнародным чэмпіянаце WorldSkіlls Competіtіon у Абу-Дабі (ААЭ).

Працу канкурсантаў ацэньвалі больш за 230 суддзяў, сярод якіх акрэдытаваныя эксперты WorldSkіlls Іnternatіonal. Больш за тое, паназіраць за нашымі спецыялістамі ў рабоце прыехалі прадстаўнікі 23 краін: Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Польшчы і іншых. У тым ліку тых, якія яшчэ толькі думаюць далучыцца да сусветнага руху WorldSkіlls, як, напрыклад, Пакістан.

Ганаровым госцем конкурсу стаў прэзідэнт WorldSkіlls Іnternatіonal (WSІ) Cайман Бартлі.

— Я прыехаў у Беларусь, каб перадаць прывітанне ад вялікай сям'і WorldSkіlls, якая аб'ядноўвае ўжо 75 краін, — паведаміў ён. —
WorldSkіlls — гэта не проста спаборніцтвы. Такі фармат выкарыстоўваецца для таго, каб дапамагчы краінам павысіць якасць і ўзровень прафесійных кампетэнцый моладзі, прадукцыйнасць працы, а ў выніку забяспечыць эканамічны рост. Для моладзі важна ўдзельнічаць у падобных спаборніцтвах і атрымліваць узнагароды. Але яшчэ больш важна, што, вяртаючыся ў свае навучальныя ўстановы, на вытворчасць, у свае кампаніі, яны прывозяць туды апошнюю інфармацыю аб тым, як можна ўдасканальваць прафесійнае майстэрства. Сапраўдны прыз для ўдзельніка чэмпіянату — гэта новы змест падрыхтоўкі і інавацыйныя навыкі, якія істотна апярэджваюць час. Усё гэта дае ім шанцы на лепшае працаўладкаванне і хуткі кар'ерны рост. Гэта, я лічу, галоўная перавага канкурсантаў. Усе яны — сапраўдныя героі, таму што для таго, каб трапіць сюды і сапернічаць у фінале з самымі лепшымі, ім давялося ўзмоцнена рыхтавацца.

Сайман Бартлі расказаў, што рух WorldSkіlls зарадзіўся напрыканцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя ў Іспаніі, дзе ўрад быў занепакоены вялікім беспрацоўем сярод моладзі і нізкай вытворчасцю працы. Тады і з'явілася ідэя праводзіць спаборніцтвы сярод моладзі, каб параўнаць, як у розных краінах вучаць тым ці іншым навыкам, а таксама пераканаць бацькоў і выкладчыкаў школ, што прафесійная адукацыя і тэхнічная праца вартыя большай увагі. У Еўропе, як і ў Беларусі, на працягу вельмі вялікага адрэзку часу моладзь пераконвалі ў тым, што ўніверсітэт — гэта добра, а прафесійны каледж — дрэнна. Таму сёння патрабуецца вялікая работа з бацькамі і настаўнікамі школ, каб пераканаць іх у адваротным. Рабочым прафесіям не хапае прэстыжу, і над гэтым трэба працаваць...

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў спадзяецца, што гэты псіхалагічны момант удасца пераадолець, і, улічваючы прагматычнасць нашай моладзі, праз некалькі гадоў будзе стаяць ужо праблема па прыцягненні моладзі ў ВНУ, а не ў прафесійныя каледжы. Моладзь павінна зразумець: галоўнае — стаць прафесіяналам і цалкам сябе рэалізаваць, а зусім не пагоня за дыпломам. Мы ўсе жывём у эпоху прафесіяналізму. Некаторыя ўдзельнікі ІІ Нацыянальнага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkіlls Belarus-2016 атрымалі цікавыя прапановы ад працадаўцаў яшчэ падчас конкурсу. «Гэта добры знак — значыць, у сучасным свеце іх прафесіі запатрабаваныя, а нашы майстры і педагогі выдатна падрыхтавалі сваіх вучняў», — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.

У апошнія гады стандарты прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі істотна змяніліся. Патрабаванні да рабочых спецыяльнасцяў сур'ёзна адрозніваюцца ад тых, што былі, скажам, 10 гадоў таму. Сучасны рабочы — гэта эрудзіраваны, высокакваліфікаваны спецыяліст, які, акрамя прафесійных ведаў, павінен валодаць спецыфічнымі навыкамі ў сумежных галінах, у тым ліку разбірацца ў інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы і г.д. Такіх спецыялістаў толькі з вялікай нацяжкай можна назваць рабочымі ў звыклым разуменні гэтага слова, бо, па сутнасці, гэта інжынеры.

— Трэба ўжо адыходзіць ад паняццяў «рабочы», «тэхнік», «інжынер». У свеце няма такога дзялення: там ёсць спецыялісты з нізкай кваліфікацыяй, сярэдняй ці высокай, — падкрэслівае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аркадзь Шкляр. — А ў якой установе яны атрымалі гэтую кваліфікацыю — справа другасная. Сучасныя тэхналогіі патрабуюць спецыялістаў з высокімі прафесійнымі якасцямі, і менавіта гэта павінна быць прэстыжным.

У многіх краінах свету сёння вядуцца размовы пра перагляд падыходаў да рабочых спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Некаторыя рабочыя спецыяльнасці або ўжо зніклі, або блізкія да знікнення. Замест іх з'яўляюцца іншыя, з прынцыпова новым узроўнем падрыхтоўкі. Цяпер, каб выконваць на вытворчасці спецыяльныя функцыі, рабочаму недастаткова валодаць толькі пэўнымі навыкамі — трэба мець шырокі дыяпазон ведаў у сумежных галінах.

Межы паміж узроўнямі адукацыі размываюцца. Ёсць прафесіі, дзе рабочаму хапае прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але ёсць прафесіі, і іх становіцца ўсё больш, дзе ад рабочага персаналу патрабуецца наяўнасць сярэдняй спецыяльнай і нават вышэйшай адукацыі. Невыпадкова ў многіх кампетэнцыях на чэмпіянаце прафесійнага майстэрства выступалі студэнты ВНУ і навучэнцы каледжаў.

Скажам, сёння токар, які працуе на сучасным станку з лічбавым праграмным кіраваннем, у адной асобе і тэхнолаг, і наладчык, і аператар, які кантралюе прыладу. А мехатронік — спецыяліст-дыягностык, які можа паглядзець і сказаць, у чым няспраўнасць механізма, і правесці дробны рамонт: ён ведае і механіку, і пнеўматыку, і электроніку. Ва ўсім гэтым маглі пераканацца госці чэмпіянату...

— Мы імкнёмся зрабіць рабочага больш адаптаваным да сучасных тэхналогій (а значыць — больш канкурэнтаздольным), фарміруючы сапраўдную рабочую арыстакратыю, — падкрэслівае Аляксандр Шкляр. — Для ўдзельнікаў такіх конкурсаў гэта цудоўная магчымасць прэзентаваць свае навыкі і майстэрства ў міжнародным фармаце. Відавочна, што падрыхтоўка каманды для ўдзелу ў такіх спаборніцтвах — справа не менш сур'ёзная, чым падрыхтоўка алімпійцаў. Нашых славутых спартсменаў усе ведаюць пайменна, і мы даб'ёмся, каб і маладыя людзі, якія перамагаюць у падобных прафесійных спаборніцтвах, былі ва ўсіх на слыху....

Сайман Бартлі, які ўжо не першы раз наведвае Беларусь, звярнуў увагу на пазітыўныя змены, што адбываюцца ў краіне, і выказаў намер выкарыстоўваць беларускі вопыт для папулярызацыі рабочых прафесій.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.