Вы тут

У серыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў 85-ты том


Яго склалі выбраныя творы пісьменніка і мовазнаўцы Міколы Лобана. Прэзентацыя новай кнігі, што не так даўно пабачыла свет у Выдавецкім доме «Беларуская навука», прайшла ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.


Імя Міколы Лобана, пісьменніка і мовазнаўцы, заслужанага работніка культуры Беларусі, аўтара выдатнай трылогіі «На парозе будучыні», «Гарадок Устронь», «Шэметы», не вельмі добра вядомае шырокаму чытачу. Тым не менш ён — аўтар унікальнага для беларускай літаратуры салдацкага дзённіка. У гады вайны простым салдатам было забаронена весці дзённікі, нататкі маглі рабіць толькі генералы або... вельмі смелыя радавыя. Менавіта такім — смелым, чыстым і вельмі шчырым, — па ўспамінах дачкі Міколы Паўлавіча Ірыны, і быў пісьменнік.

Лёс творцы падобны на вострасюжэтны раман. У яго жыцці былі і вялікія трагедыі, і нечаканыя ўзлёты. У гады вайны Мікола Паўлавіч быў смяротна паранены двума асколкамі, але цудам выжыў. Трапіў у шпіталь, але пры транспартаванні хворых у іншае месца бомба трапіла ў цягнік, усе загінулі, акрамя Лобана. У яго былі раструшчаныя абедзве нагі, ён правёў у шпіталях сем месяцаў, паправіўся і сустрэў сваё каханне.

— Так здарылася, што ў іркуцкім шпіталі ў Лобана ўзнікла цёплае пачуццё да ўрача Вольгі Латышавай. У іх было некалькі кароткіх спатканняў, але нечакана Вольгу накіравалі ў вызваленыя раёны Арлоўскай вобласці. Сам Мікола Паўлавіч пасля шпіталя адправіўся на працу ў Паўночны Казахстан. Яны строілі планы пра будучае жыццё, якім так і не давялося здзейсніцца. Лісты Вольгі ён бярог да канца жыцця... Я спрабаваў знайсці сляды Вольгі, яе сваякоў, пісаў у праграму «Чакай мяне», у часопіс «Сибирские огни», у выканкам Іркуцкай вобласці, але так і не атрымаў адказу: надта шмат часу прайшло, — расказаў даследчык, укладальнік кнігі выбранага Аляксандр Вашчанка.

Пасля вайны Лобан вярнуўся на радзіму. Працаваў у акадэмічным інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя», быў у ліку складальнікаў многіх слоўнікаў, пісаў прозу, займаўся мовазнаўчымі даследаваннямі. Кажуць, што ў пачатку сваёй літаратурнай працы Мікола Паўлавіч спрабаваў пісаць вершы. Іх неяк паказаў паэту і навукоўцу Пятру Глебку, але атрымаў такі крытычны водгук, што да канца жыцця больш не звяртаўся да паэзіі. Затое стаў адметным празаікам, які стварыў культуру слова, бо менавіта ў слове, на думку самога Міколы Лобана, адлюстроўваецца ўся складанасць чалавечых узаемаадносін.

Думаецца, што кніга выбраных твораў Міколы Лобана для многіх чытачоў стане першым крокам да знаёмства са спадчынай гэтага надзвычай таленавітага творцы. У выданне ўвайшоў раман «На парозе будучыні», ён быў першым у трылогіі, і менавіта яго сам пісьменнік лічыў самым моцным. У творы апісваюцца падзеі Першай сусветнай вайны, калектывізацыя на Случчыне. Таксама ў кнізе можна пазнаёміцца з некаторымі часткамі ваенных дзённікаў і выдатнымі белетрызаванымі ўспамінамі «Паэма майго маленства».

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дзённік салдата Лобана

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».