Вы тут

Завяршыўся выпуск шасцітомнай энцыклапедыі «Культура Беларусі»


Гэта ўнікальнае выданне, аналагаў якому няма на ўсёй постсавецкай прасторы, пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Праца над доўгатэрміновым праектам была распачата яшчэ ў 2008 годзе. І вось зусім нядаўна выйшаў апошні том, і беларуская грамада атрымала поўны даведнік па ўсіх сферах айчыннай культуры.


Тут ёсць усё, што зацікавіць спецыялістаў і аматараў.

Выпуск быў ажыццёўлены на заказ і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі, у цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры.

— Энцыклапедычныя выданні цяпер перажываюць пэўнае аднаўленне, усё больш іх выходзіць у электронным выглядзе. — адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. — Таму вельмі важна, каб папяровая версія «Культуры Беларусі» пабачыла свет і ў электронным выглядзе. Мы прыкладзём для гэтага адпаведныя намаганні.

На прэзентацыі выступіў першы намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі.

У энцыклапедыю ўвайшло больш за 18 000 артыкулаў па самых розных галінах ведаў. Адлюстраваны пытанні культуры, культуралогіі, этналогіі, археалогіі, антрапалогіі, архітэктуры, мастацтвазнаўства. Таксама паказаны праблемы развіцця літаратуры, мовазнаўства, кнігадрукавання, СМІ, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, музыкі, тэатра, кіно, эстрады, цырка, тэле- і радыёмастацтва.

На прэзентацыі завершанага шасцітомніка, якая праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік заўважыў:

— У культурным жыцці нашай краіны адбылася знакавая падзея. Ні ў кога з краін СНД няма такога выдання, якое зрабілі мы. Гэта выдавецкі праект, у якім упершыню так шмат гаворыцца аб багатай, разнастайнай мастацкай і народнай творчасці Беларусі.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі атрымаў камплект выдання з рук дырэктара выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” Уладзіміра Андрыевіча.

У энцыклапедыю ўключаны таксама артыкулы аб матэрыяльнай і духоўнай культуры тых народаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, — рускіх, украінцаў, палякаў, армянаў, азербайджанцаў і іншых. Таксама паказаны сувязі беларускай культуры з культурамі дыяспар, іх узаемаўплыў і ўзбагачэнне.

Адметнасцю выдання з'яўляецца і тое, што ў ім шмат увагі ўдзяляецца аматарскай творчасці, якая ў апошні час атрымала асаблівае развіццё. Гэта артыкулы пра заслужаныя, народныя і ўзорныя аматарскія калектывы; артыкулы пра рамёствы, цікавасць да якіх з кожным годам не падае, а некаторыя, наадварот, пачынаюць адраджацца — выцінанка, мастацкае кавальства, выраб гліняных свістулек.

Выданне маляўніча ілюстраванае.

— Мы робім усё магчымае, каб захаваць энцыклапедычныя выданні, бо яны з'яўляюцца пэўным пашпартам краіны, яе будучыняй, — кажа дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч. — Тое, што мы робім сёння, застанецца нашым нашчадкам. Над артыкуламі, якія ўвайшлі ў выданне, працавалі каля 600 навукоўцаў, дзеячоў культуры. Можаце сабе ўявіць, сюды ўкладзены душы столькіх вядомых людзей! Тых, хто развівае нашу культуру, рухае суверэнную Беларусь у лік лепшых краін.

Прэзентацыя прыцягнула увагу шматлікіх СМІ і спецыялістаў у галіне культуры.

Бадай, адзіным недахопам выдання можна назваць яго невялікі наклад — усяго 1500 асобнікаў кожнага тома. Ужо сёння даводзіцца марыць пра перавыданне, бо хочацца, каб такія кнігі былі ва ўсіх бібліятэках, у тым ліку школьных.

Прэзентацыю энцыклапедыі суправаджала мілагучная класічная музыка.

nina@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: «Тое, што застанецца нашчадкам»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.