Вы тут

Самадастатковыя спробы разгадаць рускую душу


Беларускі рэжысёр з піцерскім калектывам выказваюцца на далікатную тэму.

Монаспектакль «Ваня. Казка пра Ваню і загадкавую рускую душу» ў форме сторытэлінгу (акцёр расказвае гісторыю) паставіў галоўны рэжысёр беларускага Тэатра лялек Аляксей Ляляўскі з піцерскім калектывам Karlsson Haus. Падчас ІX Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек гэтая пастаноўка была двойчы паказана ў Мінску, у Купалаўскім. З «Ванем» звязаныя нядаўнія добрыя навіны: найвышэйшая тэатральная расійская прэмія «Залатая маска» дасталася спектаклю адразу ў дзвюх намінацыях — «Найлепшая работа акцёра», якой была названа ігра Міхаіла Шаламенцава, і «Найлепшая работа рэжысёра» — зразумела, Аляксея Ляляўскага. Яшчэ ў лістападзе мінулага года «Казка пра Ваню» была адзначана дзвюма тэатральнымі прэміямі «Залаты сафіт» у Санкт-Пецярбургу. Карацей, пастаноўка, улічваючы таксама ўдзел у пэўных фестывалях, прыехала ў Мінск з добрым паслужным спісам.


Дарэчы, на «Залатой масцы» спектакль прэтэндаваў на прэміі яшчэ ў дзвюх намінацыях — «Найлепшы спектакль у тэатры лялек» і «Найлепшая работа мастака». Узнагароды былі б заслужаныя, улічваючы нават вонкавую прастату і камернасць пастаноўкі. Маленькая сцэна, адзін акцёр, гісторыя ў форме рускай народнай казкі, планшэтныя лялькі, нескладаныя дэкарацыі. Але практыка паказвае, што прастата можа быць выключна вонкавай характарыстыкай; сэнсы, тым больш візуальная прывабнасць, не маюць прамой залежнасці ад маркіровак лёгкі/грандыёзны. Як і ў гэтым выпадку — пацешнага сказачнага сюжэта (для раскрыцця яго хапае гадзіны), які аказваецца мудрагелістым і шматмерным.

Да гэтага схіляюць асвятленне, дэкарацыі і ігра Міхаіла Шаламенцава, які расказвае байку так, быццам гэта сюжэт трылера. Лейтматывам спектакля становіцца палёт — казка разгортваецца ў межах крыла самалёта, а расказчык апрануты, як лётчык.

У пачатку пастаноўкі ён прачынаецца, ляніва мяшае нейкую страву на патэльні і маўчыць. Хацелася звязаць гэта з Абломавым: калі гаворка ідзе пра загадкавую рускую душу, міжволі шукаеш адсылкі да літаратурнай класікі. Але ж не: персанаж аказваецца рухавым, знаходлівым і дасціпным апавядальнікам з багатым запасам дапаможнікаў. І сама пастаноўка — самадастатковы пошук асаблівасцяў рускай душы, без «гогалеўшчыны», «дастаеўшчыны» ці яшчэ чаго, пазычыўшы толькі казачныя матывы.

Жылі дзед з бабай, былі ў іх два сыны і кот. Сумна вядомы Цмок, які з'еў усё жывое вакол, дайшоў і да іх хаты — праглынуў сыноў, а дзядулю з бабуляй — не. Баяўся падавіцца. Засталіся яны адны з катом і намалілі сабе яшчэ аднаго сына — Ваню. Той вырас і паехаў на рыбалку, каб бацькоў сваіх пракарміць. Трапілася яму пачвара, абазвала вырадкам, атрымала ад Вані-асілка — па «кумпале». І хоць фізічна Ваня, вядома, перамог, пытаннем аб сваім паходжанні задаўся. Вярнуўся ён дадому, даведаўся пра сваё дзіўнае з'яўленне, братоў, Цмока і пайшоў шукаць гэтае страшыдла. На шляху яму і Баба Яга трапілася, і лясы непраходныя, і рэкі глыбокія, і гара. Якая аказалася ўласна Цмокам.

Спектакль «Ваня» дзіўны ў тым сэнсе, што для вобразаў пастаноўкі можна бясконца прапаноўваць свае алюзіі. Палітыка, эміграцыя, урбанізацыя, алкагольная залежнасць — ад глабальнага да празаічнага. А можна не ўвасабляць Цмока ў нешта рэальнае і разважаць метафізічнымі катэгорыямі. Што гэта за пачвара/з'ява, якая можа падавіцца людзьмі старой загартоўкі? Тым больш: хто гэта, калі ўнутры Цмока — ну чыста Парыж: танцы, каруселі, весялосць? Што гэта, калі ад такой весялосці трэба ратаваць? Але ёсць і іншы бок: ратаваць жа ніхто не прасіў. Ваня не зважае на свой статус вырадка і самаахвярна ідзе па «братоў» (так і не накарміўшы дзеда з бабай) — такая іронія над жаданнем умешвацца ў справы тых, хто аб гэтым не просіць. Актуальная.

Дарэчы, браты пасля выратавання скідаюць Ваню назад у Цмока. У выніку іх з'елі ваўкі, а ваўкі, як вядома, — санітары лесу. Ёсць тут і рамантычны сюжэт — Ваня ў Цмоку сустракае Яе. Але паколькі нічым аб'ектыўна добрым казка не канчаецца, на радзіму яны вяртаюцца як птушкі. Палёт, свабода, незалежнасць.

Спектакль «Ваня. Казка пра Ваню і загадкавую рускую душу» вельмі тэатрагенічны. На што працуюць метафарычнасць сюжэту, праца мастака, ігра і голас Міхаіла Шаламенцава. І, дарэчы, рукі акцёра, у сувязі з чым успамінаюцца кінакарціны Рабэра Брэсона, у якіх рукі персанажаў з'яўляюцца прадметам асаблівай увагі. Так, пастаноўку вельмі прыемна глядзець, тым больш што яна добра прыпраўлена гумарам.

Спрадвечная тэма загадкавай рускай душы, напэўна, не магла быць незаўважанай на «Залатой масцы», але яна ж накладвае на пастаноўшчыкаў дадатковую адказнасць, аўтаматычна павышае патрабаванні да сюжэта з боку кампетэнтнай публікі. Выказвацца на тэму загадкавай рускай душы — як ісці па тонкім лёдзе: надта вялікая рызыка закрануць самалюбства. «Ваня» ж гэтага, хутчэй за ўсё, пазбегне. Варыятыўнасць інтэрпрэтацый. Метафізіка. Свабодны палёт.

katsyalovіch@zvіazda.by

«Сабраўшыся з думкамі, стаў пісаць сваю «рэжысёрскую прамову». Не спыняў працы ні на дзень. Калі пад рукой не было камп'ютара, пісаў алоўкам, ручкай, фламастарам на ўсім, што траплялася пад руку. Выматаў нервы дамашнім, выпіў пачак кавы. Нарэшце, расклаўшы перад сабой кучу нататак, пачаў складаць тэкст. Прамучыўшыся тыдзень, стаў выкрэсліваць лішняе. Засталося — «Казка хлусня, ды ў ёй... намёк».

Аляксей ЛЯЛЯЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.