Вы тут

Па меддапамогу з укусамі кляшчоў звярнулася больш за 2 тысячы чалавек


З пачатку вясны па меддапамогу з укусамі кляшчоў ужо звярнулася больш за 2 тысячы чалавек, сярод якіх нямала і дзяцей. Больш за ўсё пацярпелых — у Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску.


Колькасць пакусаных сёлета большая, чым летась. А ўсё таму, што саміх кляшчоў актыўна прыбывае — «дзякуй» цёплай зіме і ранняй вясне. Спецыялісты сцвярджаюць, што колькасць кляшчоў у лясах, парках ды садах вырасла амаль на 30 працэнтаў. І ўсім трэба харчавацца. А для гэтага кляшчу падыходзяць і людзі, і грызуны, і птушкі, і жывёлы.

Распазнаць выключна па знешнім выглядзе, ці не з'яўляецца клешч носьбітам інфекцыйнага захворвання, немагчыма. Для гэтага неабходна рабіць спецыяльны аналіз, што для звычайнага пакусанага не так і важна. Як вядома, сам па сабе клешч — бяспечны, але ён здольны перадаваць інфекцыі, самыя распаўсюджаныя з якіх — клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз. Для гэтага членістаногі павінен укусіць нас або казу, малако якой акажацца заражаным і небяспечным, калі яго выпіць без папярэдняга гатавання.

У прыватным парадку можна звярнуцца ў цэнтр прафдэзынфекцыі, і на ўчастку правядуць спецыяльную апрацоўку супрацьклешчавым сродкам. Гэта праводзіцца, напрыклад, у летніх аздараўленчых лагерах, дзе ўкусы кляшчоў таксама рэгіструюцца. Бо апрацоўка — не панацэя. Дастаткова прайсці дажджу, як эфект будзе страчаны.

Гэта факт

Носьбітамі клешчавога энцэфаліту з'яўляецца 1,5 працэнта кляшчоў, Лайм-барэліёзу — 33 працэнты. Астатнія 8 інфекцый, якія яны могуць перадаваць, таксама выяўляюцца, але захваральнасць імі не рэгіструецца.

Што рабіць, калі ўкусіў клешч?

  • Кляшча можна выцягваць пінцэтам або звычайнай ніткай. Прынцып адзін — схапіць як мага бліжэй да месца ўкусу, акуратна пацягнуць уверх і выцягнуць крывасмока цалкам. Калі не атрымалася, не варта чапаць тое, што засталося. Апрацуйце месца ўкусу спіртавым растворам, можна ёдам. Другі варыянт — ідзіце ў бліжэйшы траўмапункт да хірурга, які выканае ўсё за вас. Дзіця з укусам варта паказаць цягам сутак педыятру.
  • Аднаразова трэба прыняць доксіцыклін, у якасці прафілактыкі Лайм-барэліёзу. Тым, каму проціпаказаны гэты прэпарат, урач прызначыць іншы. Ад клешчавога энцэфаліту прафілактыку не прызначаюць.
  • Цягам месяца назірайце за сваім станам: калі паднімецца тэмпература, на месцы ўкусу з'явіцца чырвоная пляма, ідзіце ў паліклініку.
  • Даследаваць кляшча не абавязкова.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Цяпло і клешч любіць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».