Вы тут

Банкамат «пад лупай»


У першым матэрыяле нашай рубрыкі, якую тым разам прысвяцілі безнаяўным грашам, мы вялі размову аб нюансах, звязаных з пластыкавымі карткамі. Сёння «ўшчыльную» пазнаёмімся з банкаматамі і іншымі прыладамі самаабслугоўвання. І ў гэтым нам паслужыць пакрокавы дапаможнік, які быў распрацаваны Нацыянальным банкам краіны.


Штуч­нае пры­ста­са­ван­не на карт­ры­дар зды­мае ін­фар­ма­цыю з маг­ніт­най па­ла­сы «плас­ты­ка».

Свой любімы тэрмінал

Пры выбары банкамата або іншай прылады самаабслугоўвання, дзе вы збіраецеся правесці аперацыю з выкарыстаннем банкаўскай карткі, пажадана пазбягаць дрэнна вядомых вам і бязлюдных месцаў. Найбольш бяспечнымі з'яўляюцца памяшканні банкаўскіх офісаў. А ўвогуле для здзяйснення рэгулярных аперацый спецыялісты раяць карыстацца адным і тым жа банкаматам, які размешчаны ў добра асветленым месцы ці ў памяшканні. У выпадку, калі вы заўважылі, што з банкаматам адбыліся якія-небудзь змены (напрыклад, з'явілася накладка на карткапрыёмніку), патэлефануйце ў службу падтрымкі банка, які абслугоўвае банкамат па нумары тэлефона, што паказаны на экране банкамата, і паведаміце аб вашых падазрэннях.

Не пазнаюць, то папытаюць...

Перад пачаткам здзяйснення аперацыі спецыялісты раяць уважліва агледзець пярэднюю панэль банкамата. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на яго асноўныя элементы: карткапрыёмнік, пін-клавіятуру і прыладу для выдачы грашовых сродкаў. Некаторыя банкаматы прапануюць зверыць малюнак прылады, што знаходзіцца на маніторы, з тым, якую вы бачыце перад сабой. Тут, калі вы заўважылі розніцу, неабходна паведаміць пра гэта ў банк і ўстрымацца ад выкарыстання такой прылады. А яшчэ трэба добра прыгледзецца да шчыліны карткапрыёмніка, бо махляры могуць усталяваць па-над ім ці непасрэдна ў карткапрыёмніку спецыяльную накладку. Часцяком ашуканцы пакідаюць прыкметныя сляды: шчыліны, клеевыя падцёкі і сколы. Лепш не выкарыстоўваць банкамат, дзе карткапрыёмнік выглядае так, быццам нехта калупаў яго адвёрткай або абліў клеем.

Часам скімеры (карткавыя зладзеі) робяць падробленыя панэлі з відэакамерамі, якія потым мацуюцца да банкамата: на дыспенсер для грошай, пад казырок, пад экран ці нават у стэндзе для рэкламных брашур. Гэтыя камеры здалёку могуць выглядаць як чорныя кропкі, а самі фіксуюць і перадаюць зламыснікам усю інфармацыю.

Калі ў вас узніклі падазрэнні аб наяўнасці падобных прылад, то не трэба ўвогуле карыстацца такім банкаматам або іншай прыладай самаабслугоўвання і па магчымасці паведаміць пра гэта ў свой банк. Такі ж алгарытм дзеянняў кліентаў будзе і ў тым выпадку, калі якія-небудзь дэталі банкамата не замацаваныя, хістаюцца ці выглядаюць ненатуральна.

Лепш позна, чым ніколі

Цікава, а што трэба рабіць, калі нам пашанцавала сутыкнуцца з «мадэрнізаваным» банкаматам ужывую? Пры выяўленні старонняга абсталявання (напрыклад, накладкі) не трэба спрабаваць зняць яго самастойна, лепш устрымацца ад здзяйснення аперацый, а пра сваю знаходку паведаміць у банк.

Не страшна, калі сумненні адносна карэктнай працы банкамата ўзніклі ўжо пасля таго, як картка была змешчана ў карткапрыёмнік. Тут не трэба ўводзіць пін-код, а націснуць кнопку для адмены аперацыі і забраць картку. Крыху сумна будзе (але не смяротна), калі вы заўважылі старонняе абсталяванне ўжо пасля заканчэння абслугоўвання. У гэтым выпадку неабходна абавязкова адразу ж заблакаваць картку любым даступным вам спосабам.

Тут ёсць і адно «але», калі машына робіцца некарэктнай ужо па вашай віне. Каб гэтага не было, трэба папярэдне пераканацца, што абраны вамі банкамат прымае менавіта ваш тып карткі. Лагатып плацёжнай сістэмы на вашай картцы і на экране праграмна-тэхнічнай прылады і (або) на яго корпусе павінны быць аднолькавыя. Калі вы ўставілі ў банкамат картку, якую не абслугоўваюць у дадзенай прыладзе, то пластык вам вернуць, пры гэтым на экране павінна з'явіцца інфармацыя аб немагчымасці здзяйснення аперацыі з выкарыстаннем гэтай карткі. А вось ужываць празмерную фізічную сілу, каб уставіць картку ў банкамат, калі ён яе не хоча прымаць, зусім не трэба.

А на­клад­ная кла­ві­я­ту­ра счыт­вае пін-код карт­кі.

Прынцып асабістай прасторы

Спецыялісты Нацбанка раяць звяртаць увагу на людзей, якія стаяць за намі ў чарзе каля банкамата, а ў выпадку неабходнасці папрасіць іх адысці на адлегласць, з якой яны не змогуць убачыць набраны пін-код. Пры ўводзе пін-кода трэба знаходзіцца як мага бліжэй да банкамата, пры гэтым пажадана прыкрываць клавіятуру далонню свабоднай рукі.

Можа быць і такое, калі паблізу ад банкамата знаходзяцца людзі, якія выклікаюць у вас падазрэнне. Тады варта абраць іншы час для выкарыстання дадзенай прылады або скарыстацца іншым банкаматам. А ўвогуле трэба быць асабліва асцярожнымі, калі незнаёмыя людзі прапануюць вам дапамогу ў выкарыстанні карткі ў банкамаце. У выпадку цяжкасцяў, якія ўзніклі пры выкарыстанні карткі, нельга прыслухоўвацца да парад старонніх асоб, а для сувязі з банкам, які выдаў картку, неабходна карыстацца толькі нумарамі тэлефонаў, што пазначаны непасрэдна на картцы альбо атрыманы вамі з надзейных правераных крыніц ці непасрэдна ў банку.

Перш правер, а потым вер

Мне здаецца, што цяпер усім вядома тое правіла, калі пры неаднаразовым (як правіла, трохразовым) няправільным уводзе пін-кода картка блакуецца і можа быць канфіскавана банкаматам або іншай прыладай самаабслугоўвання. У выпадку такога «з'ядання» карткі (незалежна ад прычыны) банкаматам трэба неадкладна заблакаваць яе (напрыклад, звязаўшыся са службай падтрымкі кліентаў банка або з выкарыстаннем сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання).

Пры выкарыстанні карткі трэба ўважліва вывучаць інфармацыю, якая выводзіцца на экран прылады самаабслугоўвання, і заўсёды правяраць дакладнасць інфармацыі, што ўводзіцца вамі. Падобны алгарытм дзеянняў неабходна выконваць з далікатнай скрупулёзнасцю, таму нельга дазваляць нікому адцягваць вашу ўвагу падчас правядзення аперацыі, паколькі існуе верагоднасць выпадкова здзейсніць яе некарэктна. Акрамя таго, пры адсутнасці якіх-небудзь дзеянняў з вашага боку на працягу вызначанага для дадзенай прылады часу яна можа канфіскаваць банкаўскую картку і (або) грошы.

Пасля атрымання наяўных грашовых сродкаў у банкамаце варта пераканацца ў тым, што картка была вернута прыладай, і дачакацца выдачы карт-чэка (пры яго запыце). Тут трэба памятаць, што паслядоўнасць выдачы наяўных грашовых сродкаў і вяртання карткі ў банкаматах розных банкаў можа адрознівацца. У асобных фінансавых установах банкамат можа спачатку вярнуць картку, а потым выдаць патрэбную суму грашовых сродкаў. Неабходна ўлічваць гэтую спецыфіку работы банкаматаў і не адыходзіць ад прылады да моманту атрымання карткі, карт-чэка (пры яго запыце) і грошай.

Пільнасці многа не бывае

А яшчэ я параіў бы заўсёды прыслухоўвацца да ўласнай інтуіцыі. У актыўных карыстальнікаў банкаўскімі карткамі яна звычайна не спіць. Напрыклад, у выпадку, калі банкамат пачынае працаваць некарэктна (доўгі час знаходзіцца ў рэжыме чакання, самаадвольна перазагружаецца), варта адмовіцца ад выкарыстання такой прылады, адмяніць запланаваную аперацыю, націснуўшы на клавіятуры адпаведную кнопку, і дачакацца вяртання карткі. Калі прылада не вяртае картку, трэба неадкладна заблакаваць картку любым даступным вам спосабам і звярнуцца ў банк. Гэтая парада спецыялістаў выконваецца асабіста ў мяне аўтаматычна на падсвядомым узроўні. Калі мне не падабаецца банкамат ці інфакіёск, то лепш абысці яго бокам.

А вось вам яшчэ адна слушная парада наконт пільнасці. Распрацоўшчыкі пакрокавага дапаможніка пры карыстанні банкаўскімі карткамі раяць нам не пакідаць запытаны карт-чэк у банкамаце ці іншай прыладзе, а таксама не выкідваць у бліжэйшы сметнік. Справа ў тым, што часам у вашым чэку могуць быць паказаны і сума аперацыі, і рэшта грашовых сродкаў. Гэта можа прыцягнуць рабаўніка або махляра. А такі сцэнарый нам не патрэбны.

Даведка «Звязды». Скімінг (ад англ. Skіm — здымаць вяршкі) — махлярства з банкаўскімі карткамі, калі на банкамат усталёўваюць прыладу (скімер), які капіюе ўсе звесткі з магнітнай паласы. Усталяваўшы ж міні-камеры або накладку на клавіятуру, ашуканцы атрымліваюць і ваш пін-код.

Скімеры могуць назапашваць выкрадзеную інфармацыю аб пластыкавых картках альбо дыстанцыйна перадаваць яе па радыёканале зламыснікам, якія знаходзяцца паблізу. Пасля капіявання інфармацыі з карткі ашуканцы вырабляюць яе дублікат і, ведаючы пін-код, здымаюць усе грошы ў межах ліміту выдачы, як у нашай краіне, так і за мяжой. Таксама ашуканцы могуць выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю аб банкаўскай картцы для здзяйснення пакупак у гандлёвых кропках.

У наступным матэрыяле рубрыкі «Разумныя грошы» мы раскажам пра істотныя моманты пры атрыманні наяўных грошай і правядзенні безнаяўнай аплаты з выкарыстаннем картак у аддзяленні банка і арганізацыях гандлю.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».