Вы тут

Як развіваюць безбар'ерны турызм


Ці лёгка людзям з інваліднасцю падарожнічаць па краіне? Статыстыка сведчыць, што турыстычная інфраструктура для гэтай катэгорыі пакуль толькі развіваецца: у нас ёсць 273 месцы ў санаторыях, даступныя для калясачнікаў, і каля 30 адаптаваных нумароў у гасцініцах (у асноўным у Мінску). Асобныя паслугі прапануюць яшчэ дзесьці 20 сядзіб і пара турфірмаў. Безбар'ерны турызм разглядаюць як праблему, а не як магчымасць, хоць, па ацэнках экспертаў, гэты кірунак можа прыносіць добрыя грошы.


На Захадзе ўжо падлічылі: ёмістасць рынку безбар'ернага турызму ў Еўропе можа дасягнуць 88 мільярдаў еўра. А калі браць пад увагу, што турысты з асаблівасцямі рэдка падарожнічаюць адны, то лічба вырастае да 132 мільярдаў. На думку экспертаў, безбар'ерны турызм можа скласці 17 працэнтаў усяго турыстычнага рынку Еўропы. А ў Аўстраліі і Вялікабрытаніі ён ужо займае дзясятую частку нацыянальнага рынку.

У Беларусі адзін з праектаў рэалізуе выкладчык факультэта міжнародных адносін БДУ Наталля КЛЕПАЧ. Яе ініцыятыва дапаможа зрабіць падарожжы камфортнымі для розных катэгорый: не толькі інвалідаў, але і пажылых людзей, бацькоў з маленькімі дзецьмі. У рамках гэтага праекта да канца года валанцёры праманітораць даступнасць 70-80 сталічных аб'ектаў.

— Мы хочам ацаніць, наколькі магчыма іх адаптаваць, — кажа Наталля Клепач. — Потым плануем распрацаваць канкрэтныя рэкамендацыі для кожнага суб'екта турыстычнай інфраструктуры, зрабіць цыкл семінараў па безбар'ерным асяродку.

Даступным для ўсіх аб'ект робяць не толькі пандусы і ліфты. Сервіс таксама мусіць крыху змяняцца. Добры прыклад — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Каб інваліды-калясачнікі маглі наведваць спектаклі, адміністрацыя прапануе ім магчымасць выкупіць забраніраваны квіток непасрэдна ў дзень паказу. І прадае ім месцы ў першым радзе па цане апошняга.

Чаму нашы турфірмы пакуль абыходзяць увагай безбар'ерны турызм? Наталля лічыць, што яны проста не ведаюць запыты падарожнікаў з асаблівымі патрэбамі і пераацэньваюць неабходныя фінансавыя выдаткі. Таму прасцей праігнараваць гэты сегмент, чым распрацоўваць яго. Каб папулярызаваць безбар'ерны турызм сярод будучых тураператараў, Наталля збіраецца выкладаць на факультэце спецыялізаваны курс. Каб студэнты яшчэ падчас вучобы даведаліся пра напрамак і адкрывалі свой бізнес у гэтым фармаце.

Яшчэ адзін праект запускаюць у рэгіёне. У Валожынскім раёне адкрыецца першы ў краіне хостэл для людзей з інваліднасцю.

— Пад хостэл (ён будзе разлічаны на 20 месцаў) адаптуем будынак цэнтра дзённага знаходжання і рэабілітацыі інвалідаў, — дзеліцца планамі прадстаўнік фонду «Інтэракцыя» Ірына ІВАНОВА. — Там жа будзе канферэнц-зала, даступная для тых, у каго ёсць праблемы за зрокам, слыхам або мабільнасцю.

Турысты з асаблівасцямі змогуць адпачыць і ў Налібоцкай пушчы. Для іх там зробяць экалагічную сцежку. Паўтаракіламетровы маршрут будзе абсталяваны спецыяльным наземным пакрыццём і інфармацыйнымі банерамі, якія змогуць прачытаць нават людзі з дрэнным зрокам. Заканчвацца сцежка будзе ў жывапіснай мясцовасці на беразе ракі Іслач з альтанкай на 50 месцаў. Цяпер, дарэчы, ідуць грамадскія слуханні наконт добраўпарадкавання новага маршруту ў пушчы. Свае рэкамендацыі і пажаданні можна перадаваць у Валожынскі райвыканкам да канца месяца.

Над праектам працуюць тры грамадскія арганізацыі (апроч згаданага фонду, гэта Беларускае таварыства інвалідаў і аб'яднанне «Адпачынак у вёсцы») ды мясцовы выканкам. Бюджэт — больш за мільён еўра (90 працэнтаў выдаткаў пакрые грант Еўрапейскага саюза). Плануецца, што экасцежка і хостэл з'явяцца ў кастрычніку 2018 года.

А каб распаўсюдзіць прынцыпы безбар'ернага асяроддзя, сярод уладальнікаў аграсядзіб раёна правядуць конкурс. Пяць ініцыятыў, якія дапамогуць зрабіць адпачынак даступным для ўсіх, атрымаюць гранты.

— Мы хочам узмацніць турыстычны патэнцыял рэгіёна, — кажа Ірына Іванова. — А ўвесь атрыманы вопыт — максімальна перадаць суседнім раёнам. Каб былі месцы, куды чалавек з інваліднасцю можа прыехаць адпачываць самастойна, без дапамогі іншых людзей.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Па Налібоцкай пушчы навобмацак

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.