Вы тут

Эксперты пра тое, што ўплывае на індэкс чалавечага развіцця


Адной з мэт у рэзалюцыі ІV Усебеларускага народнага сходу стала ўваходжанне нашай краіны ў лік 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Па выніках мінулага года мы падняліся да гэтай пазіцыі і, такім чынам, апынуліся ўперадзе спіса краін з высокім індэксам чалавечага развіцця (ІЧР). Наперадзе — толькі дзяржавы з вельмі высокім ІЧР.


Індэкс чалавечага развіцця распрацавалі ў 1990 годзе эканамісты з Пакістана і Індыі Махбуб уль-Хак і Амарця Сен. Гэты індэкс уяўляе сабой параўнальны паказчык чаканай працягласці жыцця, пісьменнасці, адукацыі і ўзроўню жыцця для краін усяго свету. Сістэма выкарыстоўваецца для выяўлення адрозненняў паміж развітымі краінамі, краінамі, якія развіваюцца і недастаткова развітымі краінамі.

Спіс краін па ІЧР уключаны ў Справаздачу аб развіцці чалавецтва, якую штогод рыхтуе Праграма развіцця Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН). У спіс, абнародаваны 14 снежня 2015 года, уваходзіць 185 дзяржаў — членаў ААН.

На думку экспертаў — як дзяржаўных, так і міжнародных, няма нічога дзіўнага ў паступовым росце ІЧР у нашай краіне. Гэта вынік намаганняў і ўладаў, і грамадства.

Зінаіда МАНДРОЎСКАЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях:

— Краіна адназначна заяўляе пра сябе як пра сацыяльную дзяржаву. Пытанні, звязаныя з аховай здароўя, набываюць першачарговае значэнне. За апошняе дзесяцігоддзе працягласць жыцця нашых людзей павялічылася на 4 гады — істотны адрэзак часу. Усё гэта атрымалася, дзякуючы намаганням, прыкладзеным у галіне аховы здароўя, дзякуючы прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Істотным пунктам у індэксе чалавечага развіцця з'яўляецца і адукацыя. Звярну ўвагу, што на ахову здароўя і адукацыю ў нас ні разу не змяншаўся працэнт адлічэнняў з бюджэту, наадварот, ён пастаянна расце. У галіне адукацыі ў нас захаваліся ўсе ўзроўні навучання: пасля заканчэння школы выпускнік можа працягнуць вучыцца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, а таксама — пасля іх заканчэння — павысіць свой прафесійны ўзровень ва ўстановах дадатковай адукацыі. Цікава, што сярод краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў у нас самы высокі ўзровень прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Што да даходаў на душу насельніцтва, то яны паступова растуць, нягледзячы на крызісныя з'явы.

Спадзяюся, што індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу ў нашай краіне будзе расці. Прынамсі, ён паказвае ўзровень жыцця нашых людзей, таму і надалей мы будзем прыкладаць максімум намаганняў, каб падымаць яго. Але, натуральна, працаваць над гэтым трэба не толькі ўладам, але і ўсяму грамадству.

Ігар СЕВЯРЫН, каардынатар праектаў па сацыяльна-эканамічным развіцці Праграмы развіцця ААН:

— У рэйтынгу 2015 года Беларусь займае 50-е месца з ІЧР роўным 0,798, знаходзячыся ўсяго на адну пазіцыю ніжэй групы краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця, дзе каэфіцыент складае 0,8 і вышэй. У той жа час Беларусь знаходзіцца ўверсе спіса краін з высокім узроўнем развіцця з паказчыкам ІЧР ад 0,7 да 0,8, падзяліўшы гэтае месца з Расіяй.

У параўнанні з бліжэйшымі канкурэнтамі, якія размяшчаюцца як вышэй, так і ніжэй па спісе, Беларусь мае адносную перавагу па паказчыку працягласці атрымання адукацыі. Па гэтым крытэрыі яна практычна нічым не адрозніваецца ад Канады, Швейцарыі і Сінгапура, якія знаходзяцца ўверсе спіса. У той жа час наша краіна саступае як лідарам рэйтынгу, так і іншым краінам з падобным узроўнем чалавечага развіцця па сярэдняй чаканай працягласці жыцця пры нараджэнні і валавым нацыянальным даходзе на душу насельніцтва.

Важным для Беларусі з'яўляцца кансалідаваць высілкі па паляпшэнні ІЧР па гэтых двух кірунках. Намаганні па павелічэнні сярэдняй чаканай працягласці жыцця ў першую чаргу павінны быць звязаны з распаўсюджваннем і падтрыманнем здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва, як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці. У гэтым кірунку трэба скараціць спажыванне алкаголю і тытуню — бо менавіта яны прыводзяць да сардэчна-сасудзістых захворванняў, якія з'яўляюцца ці не галоўнай прычынай смерці ў краіне.

Павышэнне дабрабыту людзей, валавага нацыянальнага даходу на душу насельніцтва дазволіць Беларусі дасягнуць больш высокага паказчыка па ІЧР і трапіць у групу краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. Безумоўна, пытанне павышэння валавага нацыянальнага даходу не з'яўляецца лёгкім, урад прыкладае максімальныя намаганні ў гэтым кірунку, асабліва ў час эканамічнага крызісу ў рэгіёне і свеце. Для Беларусі існуе шэраг магчымасцяў, у першую чаргу звязаных з павышэннем эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі шляхам правядзення структурных рэформ, дыверсіфікацыі экспартных рынкаў. Апошняга можна дасягнуць праз больш актыўны ўдзел у сусветным гандлі і прыцягненне замежных інвестыцый, а таксама праз паляпшэнне ўмоў развіцця малога і сярэдняга бізнесу, што дазволіць стварыць дадатковы эканамічны эфект.

Важна адзначыць, што ўрад Беларусі ўсведамляе прыярытэтнасць гэтых задач і апошнім часам актыўна выкарыстоўвае індэкс чалавечага развіцця ў якасці арыенціра і індыкатара для сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Загаловак у газеце: Вышэй, яшчэ вышэй

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.