Вы тут

Кантралюемыя змены


Пасля таго, як кіраўнік кабінета міністраў Турцыі падаў прашэнне аб адстаўцы, прэзідэнт Рэджэп Эрдаган 22 мая даручыў новаму лідару кіруючай Партыі справядлівасці і развіцця Біналі Йылдырыму сфарміраваць новы ўрад рэспублікі. Раней новы прэм'ер-міністр быў міністрам транспарту, суднаходства і сувязі. Сыход Ахмета Давутаглу быў вельмі негатыўна ўспрыняты ў Еўрасаюзе, у якім ён успрымаўся ў якасці прыхільніка трансфармацыі Турцыі па шляху, які выгадны ЕС. Але не трэба думаць, што змена прэм'ер-міністра сур'ёзна паўплывае на ўнутраную або знешнюю палітыку Турцыі, паколькі ў апошнія гады галоўнай асобай у яе вызначэнні быў дзеючы прэзідэнт. Эксперты ў сувязі з прызначэннем новага прэм'ер-міністра толькі чакаюць паскарэння тых рэформаў, якія прэзідэнтам былі задуманы раней.


ЗША працягваюць нарошчваць свае намаганні па трансфармацыі суседзяў Кітая ў сваіх саюзнікаў. З гэтай мэтай амерыканцы імкнуцца быць ім максімальна карыснымі і падтрымліваюць у любых канфліктах з Кітаем. Вельмі інтэнсіўна ў апошнія гады па гэтым сцэнарыі развіваліся адносіны з В'етнамам. Краіна атрымала поўную падтрымку ЗША ў тэрытарыяльнай спрэчцы з КНР вакол астравоў у Паўднёва-Кітайскім моры. Сігналам аб далейшым прасоўванні адносін ЗША і В'етнама стала прынятае рашэнне аб адмене раней дзеючага эмбарга на пастаўку амерыканскай зброі гэтай краіне.

Самай загадкавай тэмай тыдня стала меркаваная ліквідацыя лідара групоўкі Талібан мулы Акхтара Махамада Мансура. Спачатку агенцтва Reuters паведаміла пра знішчэнне яго пры дапамозе беспілотнага самалёта ВПС ЗША ў аддаленым раёне Пакістана каля мяжы з Афганістанам. Затым агенцтва Сіньхуа гэтую інфармацыю абвергла, удакладніўшы, што авіяўдар быў, але загінулі толькі кіроўца і пасажыр таксі. У любым выпадку, нават калі факт смерці лідара Талібан пацвердзіцца, гэта не будзе азначаць вялізных праблем для арганізацыі. Мула Мансур не быў папулярным сярод усіх членаў арганізацыі, а новы лідар магчыма здолее такім стаць.

Самым вялікім скандалам тыдня стала інтэрв'ю былога прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова газеце The Sunday Tіmes, у якім ён заявіў, што ў выпадку з Крымам зрабіў бы гэтаксама, як расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Ён таксама папракнуў ЗША ў тым, што яны не былі зацікаўлены дапамагчы Расіі стаць стабільнай і моцнай дэмакратыяй. Калі другую заяву мала хто заўважыў, то першая ўжо атрымала рэакцыю з боку саветніка міністра ўнутраных спраў, дэпутата Вярхоўнай Рады Украіны Антона Герашчанкі, які заявіў пра магчымасць забароны ўезду ва Украіну для былога савецкага лідара.

19 мая адбылася катастрофа чарговага лайнера з пасажырамі ў небе Егіпта, гэтым разам ён ляцеў з Францыі. Найбольш верагоднай прычынай падзення самалёта зноў называюць тэрарыстычны акт. Безумоўна, гэта затармозіць плануемае раней аднаўленне авіязносін Расіі з Егіптам, што згубна адаб'ецца на турыстычнай галіне краіны. Падчас расследавання высветлілася таксама, што на фюзеляжы гэтага лайнера некалькі гадоў таму з'явіўся надпіс «мы саб'ём гэты самалёт», пакінуты самімі супрацоўнікамі егіпецкага аэрапорта ў Каіры, што не дадало аптымізму ўсім, хто планаваў адпачываць у гэтай краіне.

Галоўнай геапалітычнай навіной для Беларусі на мінулым тыдні былі візіты беларускага Прэзідэнта ў Ватыкан і Італію. З часу папярэдніх візітаў мінула ўжо больш за сем гадоў, што выклікала неабходнасць актывізацыі кантактаў. Візіт да Папы Рымскага прайшоў на вельмі пазітыўнай ноце. Аляксандр Лукашэнка адзначыў аднолькавыя ў яго з Пантыфікам Францыскам прынцыпы і погляды на светабудову і развіццё і запрасіў Папу Рымскага наведаць Беларусь. На тэрыторыі нашай краіны можна арганізаваць сустрэчу з Патрыярхам рускай Праваслаўнай царквы, запрасіць да дыялогу прадстаўнікоў іншых канфесій, якія мірна і гарманічна жывуць у Беларусі.

Што да перамоў з прэзідэнтам Італіі Серджа Матарэла, то беларуска-італьянскія адносіны заўсёды вызначаліся асаблівымі сімпатыямі. Вялікую ролю ў пазітыўных адносінах адыграла бескарыслівая дапамога, аказаная ў апошнія дзесяцігоддзі італьянскімі арганізацыямі і сем'ямі ў аздараўленні беларускіх дзяцей з рэгіёнаў, якія найбольш пацярпелі пасля чарнобыльскай катастрофы. У выніку сотні тысяч беларускіх і італьянскіх сем'яў наладзілі трывалыя адносіны, і для Італіі Беларусь не з'яўляецца краінай-загадкай. Некаторую занепакоенасць выклікае толькі істотнае падзенне тавараабароту ў 2015 годзе, што і трэба будзе выправіць у наступныя гады. Аляксандр Лукашэнка заклікаў італьянскі бізнес больш актыўна інвеставаць у Беларусь і прапанаваў стварыць бізнес-савет для зняцця ўсіх праблемных пытанняў. Прэзідэнт Італіі, станоўча ацаніўшы новыя ініцыятывы, таксама асабліва адзначыў вялікую ролю Беларусі ў вырашэнні ўкраінскага крызісу.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».