Вы тут

Умовы ёсць, справа за інвестарамі


Касцюковіцкі раён з ліку тых сямі, якія трапілі ў праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Патэнцыял у яго вялікі, і праграма стала менавіта тым імпульсам, які можа паскорыць працэс. Праз райцэнтр праходзіць чыгунка, рукой падаць да мяжы з Расіяй, тут працуе адно з вядучых прадпрыемстваў Беларусі па вытворчасці цэменту, вапны і мелу — Беларускі цэментны завод, які ўваходзіць у склад рэспубліканскага холдынга «Беларуская цэментная кампанія». Пры гарантаваных дзяржавай прэферэнцыях Касцюковічы маюць усе шанцы стаць прывабным месцам для вядзення бізнесу.


— Чым збіраецеся прывабліваць у раён інвестараў? — пацікавілася карэспандэнт «Звязды» ў старшыні Касцюковіцкага райвыканкама Дзмітрыя Малашэнкі.

— У нас ёсць сем аб'ектаў нерухомасці і 13 зямельных участкаў, дзе можна развіваць свой бізнес. Мы зацікаўлены ў будаўніцтве аб'ектаў абслугоўвання і гандлю для насельніцтва і прамысловасці. Інвестар можа ўкласці грошы ў арганізацыю вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і канструкцый, аднаўляльных крыніц энергіі, заняцца перапрацоўкай адходаў. Мы разлічваем, што ў вызначаныя тэрміны ўступіць у строй фотаэлектрычная станцыя, будаўніцтва якой прадугледжана праграмай «Паспяховае развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі». Вельмі перспектыўны кірунак — арганізацыя вытворчасці па разліве пітной вады, алкагольных напояў. Дарэчы, па частцы пітной вады ўжо ёсць зрухі. Наш «Водаканал» пачаў працаваць у гэтым кірунку.

Таксама будзе выгадна заняцца вытворчасцю каўбас і вэнджаніны. На тэрыторыі раёна пабудаваны забойны цэх з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, які дазволіць плённа працаваць. Было б цікава аднавіць нейкія старыя традыцыі, вярнуцца да бабуліных рэцэптаў. Пакуль у зародкавым стане арганізацыя вырошчвання гародніны — чаму б не паспрабаваць развіваць гэты кірунак? Можна стварыць прадпрыемства па прадастаўленні транспартна-лагістычных паслуг, арганізаваць вытворчасць па перапрацоўцы каштоўных рыбных парод. Летась у раёне пачала працаваць вытворчасць па вырошчванні вясёлкавай фарэлі. Наладжаны сувязі па пастаўках каштоўнай рыбы ў Расію. Яшчэ адна ніша, якая пакуль што не занятая, аказанне турыстычных паслуг.

— Беларускі цэментны завод быў пабудаваны з прыцягненнем кітайскага капіталу. Ці захаваліся сувязі з гэтай кампаніяй?

— Сёння кампанія «CІTІC», якая ў 2012 годзе ўвяла ў Касцюковічах другую лінію цэментнага завода, будуе ў Жодзіне аўтамабільны завод. У нас ёсць дамоўленасць з ёй на пастаўку цэменту для будаўніцтва. Аб'ёмы яшчэ не агавораны, але ў найбліжэйшы час мы вызначымся. Цэмент — сезонны прадукт, таму робіцца ўсё, каб знайсці дадатковыя рынкі збыту. Сёння мы прадуктыўна працуем з шэрагам раёнаў Расіі па экспарце паслуг, зараз прапрацоўваецца магчымасць пастаўкі клінкеру. Для нас вельмі важна забяспечыць работу нашага прадпрыемства ў міжсезонне, калі тэмпы будаўніцтва запавольваюцца.

— Якія яшчэ кірункі плануецца развіваць у найбліжэйшым будучым?

— Касцюковіцкі раён камфортны для пражывання, тут вышэй сярэдняга ў разліку на душу насельніцтва забяспечанасць гарачай вадой, ацяпленнем, газам — усімі тымі паслугамі, якія вызначаюць якасць жыцця. Хацелася б да гэтага ўзроўню падцягнуць гандлёвае абслугоўванне. Ужо заключаны інвестдамовы на будаўніцтва двух гандлёвых цэнтраў плошчай не менш як 1000 квадратных метраў кожны.

У раёне паспяхова працуе экспартна-арыентаванае прадпрыемства «Дрэвапіл», якое пастаўляе сваю прадукцыю ў краіны далёкага замежжа. Цяпер вядуцца перамовы наконт адкрыцця яшчэ аднаго прыватнага прадпрыемства па дрэваапрацоўцы.

Спадзяёмся, што ўсе гэтыя змены будуць спрыяць развіццю раёна і прывабліваць сюды маладых спецыялістаў. Бо будучае, як вядома, за моладдзю.

Фо­та Люд­мі­лы СМАЛЯКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?