Вы тут

Рэалізаваныя інвестыцыйныя праекты — рост дабрабыту людзей


Рэалізаваныя інвестыцыйныя праекты азначаюць эфектыўную работу новых прадпрыемстваў, стварэнне працоўных месцаў і ўрэшце — рост дабрабыту людзей.


Гэта падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік падчас XІІІ эканамічнага форуму, які прайшоў у паўднёва-ўсходнім рэгіёне Беларусі:

— У нас ёсць сур'ёзны сацыяльна-эканамічны патэнцыял, дапоўнены характэрнай для Беларусі палітычнай стабільнасцю і гнуткім інвестыцыйным курсам. Нашы дзелавыя партнёры змогуць скарыстацца перавагамі Мытнага і Еўразійскага эканамічнага саюзаў. У актыве Гомельскага эканамічнага форуму з 2008-га па 2015 год — 67 падпісаных інвестыцыйных дакументаў на суму, якая перавышае $1,5 млрд. Дзве трэці з іх выкананы ці знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі.

Сёлета ў межах форуму падпісана 18 дакументаў на агульную суму $313 млн. Два буйныя праекты па стварэнні вытворчасці мяса і мясапрадуктаў плануецца рэалізаваць у Петрыкаўскім і Буда-Кашалёўскім раёнах. У першым будуць гадаваць індыкоў і перапрацоўваць іх мяса. У другім — расіянамі будзе наладжана вытворчасць мяса, і такім чынам 150 мясцовых жыхароў будуць працаўладкаваны. На тэрыторыі Светлагорскага раёна інвестар мае намер пабудаваць гандлёва-забаўляльны комплекс, дзе будзе створана 100 працоўных месцаў. 350 новых працоўных месцаў будзе арганізавана на вытворчасці штапельных віскозных валокнаў на базе ААТ «Светлагорскхімвалакно».

Падпісаны інвестыцыйны дагавор па будаўніцтве шчэбневага завода ў Лельчыцкім раёне. Магутнасць прадпрыемства складзе каля 1 млн куб. м за год, а ўкласці плануецца да чатырох мільёнаў долараў інвестыцый.

У Нараўлянскім раёне чакаецца пачатак будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі магутнасцю да 45 Мвт, а ў Гомелі створаць інавацыйную вытворчасць новых дэкаратыўных уцяпляльных матэрыялаў, на якой мяркуецца задзейнічаць 50 чалавек. Славакі зацікаўлены ва ўвасабленні праектаў у галіне глыбокай перапрацоўкі драўніны. Яны ж выказалі інтарэс да нашай сельскагаспадарчай тэхнікі.

У Рэчыцкім раёне кітайская карпарацыя «Сюань-Юань», якая ўжо будуе ў Добрушы кардонны завод, узвядзе шматфункцыянальны комплекс для прадстаўніцтва сваёй кампаніі. Карпарацыя з правінцыі Цзянсу зацікаўлена ў пастаўках на кітайскі рынак нашай ялавічыны. З гэтай мэтай прадстаўнікі кітайскага бізнесу наведалі Гомельскі і Калінкавіцкі мясакамбінаты. Намеснік прэзідэнта Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Хуайаня Чжун Бо нагадаў, што ў свой час кітайскі бок атрымаў значную дапамогу ад Гомеля ў прамысловай і адукацыйнай сферах. Ён упэўнены, што эфектыўныя кіраўніцкія рашэнні з кітайскага боку паспрыяюць павелічэнню аб'ёмаў закупу гомельскай прадукцыі.

Бізнесмен Торстэн Меркель, які прадстаўляе інтарэсы ірландскай кампаніі, канстатаваў: бізнес у Беларусі, і ў прыватнасці на Гомельшчыне, — гэта спакойна, надзейна, выгадна:

— Магчыма, у Беларусі прысутнічае такая з'ява, як бюракратыя. Неабходна рыхтаваць шмат справаздач, іншых дакументаў. Аднак для мяне гэта не прынцыпова. Гэта не замінае весці справы.

Торстэн Меркель лічыць несправядлівым той імідж краіны, які сфарміраваўся ў Еўропе і свеце. Дарэчы, яго кампанія Byr Energy Effіcіency Generatіon падпісала чатыры інвестыцыйныя дагаворы з Гомельскім аблвыканкамам, а раней пабудавала ў Калінкавічах міні-ЦЭЦ, якая зараз паспяхова працуе. Цяпер кампанія займаецца рэалізацыяй дзвюх сонечных электрастанцый у Брагінскім раёне.

Сёлета вырасла колькасць удзельнікаў форуму — у Гомелі ўпершыню пабывалі бізнесмены з Аўстрыі, Ірландыі, Харватыі, Кыргызстана, Узбекістана. Вядома ж, форум стаў добрай нагодай для ўмацавання наладжаных сувязяў з кампаніямі з Расіі, Украіны, Германіі, Славакіі, Кітая. Увогуле ж Гомельскі эканамічны форум сёлета сабраў рэкордную колькасць замежных удзельнікаў за ўсю сваю гісторыю: амаль 300 прадстаўнікоў ад 28 краін.

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Дамоўленасці на $300 млн

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.