Вы тут

Партнёрства дзяржавы і бізнесу з кожным годам усё больш плённае


Партнёрства дзяржавы і бізнесу з кожным годам усё больш плённае. У выніку набіраюцца моцы абодва бакі. І ўжо нямала добрых канкрэтных прыкладаў.


У 2012 годзе англічане выкупілі пустыя будынкі завода ў Оршы і наладзілі там вытворчасць упаковачных латкоў.

Лідар па інавацыях

На асаблівую падтрымку з боку дзяржаўных органаў могуць разлічваць прадпрымальнікі і інвестары, якія рэалізуюць інавацыйныя праекты.

— Віцебшчына на першым месцы ў краіне па інавацыйнай прадукцыі: яе доля ў рэгіёне складае больш за 30%. Каля
70 прамысловых прадпрыемстваў выдаткоўваюць сродкі на тэхналагічныя інавацыі. Цяпер у Прыдзвінскім краі каля 30 арганізацый, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, — канстатуе намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.

У вобласці дзейнічаюць два навукова-тэхналагічныя паркі: у Полацкім дзяржаўным універсітэце і Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.

— Найбольшы акцэнт сёння — спрыяць стварэнню новай і мадыфікаванай, высокатэхналагічнай навукаёмістай вытворчасці з высокай доляй дабаўленай вартасці, — працягвае віцэ-губернатар.

Для падтрымкі гэтага напрамку ў вобласці рэалізуюцца адпаведныя мерапрыемствы. Каля 9 трыльёнаў рублёў штогод накіроўваюцца на мадэрнізацыю вытворчасцяў. Усяго на інвестыцыі — парадку 20 трыльёнаў. Фінансаванне праектаў ажыццяўляецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь і рэгіянальнай навукова-тэхнічнай праграмы. Укладваюць грошы і прыватныя інвестары.

Прывабнасць СЭЗ «Віцебск»

На сёння ў свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск» паспяхова рэалізуецца каля 40 інвестыцыйных праектаў з удзелам айчыннага і замежнага капіталу. Геаграфія рэзідэнтаў шырокая: ад суседняй Польшчы да ЗША і Канады.

Фірма з Вялікабрытаніі, напрыклад, стварыла вытворчасць упаковачных матэрыялаў з успененага полістыролу. Яны выкарыстоўваюцца для ўпакоўкі кандытарскіх, мясных, рыбных вырабаў. У іх добра захоўваюцца таксама агародніна і садавіна. У канцы 2011 года фірма стала рэзідэнтам СЭЗ. За пару гадоў у вытворчасць было ўкладзена больш за 10 мільёнаў еўра. Стварылі каля 90 рабочых месцаў. Уклад у эканоміку гэтым прадпрыемствам уладай ацэньваецца высока. Дырэктар стаў лаўрэатам звання «Чалавек года Віцебшчыны».

— Рэзідэнтам прадастаўляюцца розныя прэферэнцыі. Напрыклад, вызваленне ад падатку на прыбытак на працягу 10 каляндарных гадоў (з даты аб'яўлення рэзідэнта СЭЗ). А пасля гэтага прадугледжваецца змяншэнне стаўкі падатку на прыбытак на 50% — ад стандартнай стаўкі. Гарантуецца вызваленне ад падатку на нерухомасць, ад плацяжоў, звязаных з ажыццяўленнем будаўніцтва аб'ектаў нерухомасці. Рэзідэнты вызвалены і ад абавязковага продажу валюты. Ёсць і іншыя льготы, — пералічвае кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Віцебск» Сяргей Юркевіч.

На Вялікім шаўковым

Чым прыцягальная для інвестараў менавіта гэтая СЭЗ? У адміністрацыі нагадваюць, што Віцебская вобласць мяжуе з Расіяй (Смаленская і Пскоўская вобласці) і ЕС: Літва, Латвія. У горадзе ёсць дзеючы аэрапорт, які можа абслугоўваць самалёты рознага класа. Сетка сучасных аўтамабільных дарог і чыгунка забяспечваюць зносіны паміж абласным цэнтрам і найбуйнейшымі гарадамі Еўропы. Праз Віцебск праходзіць адна з галоўных трансеўрапейскіх транспартных камунікацый — «Крыцкі калідор № 9» (Хельсінкі — Віцебск — Кіеў — Кішынёў — Плоўдзіў), магістраль М1 (Брэст — Масква), эканамічны пояс Новага шаўковага шляху.

У горадзе некалькі ВНУ, шмат ПТВ, каледжаў — значыць, ёсць добры кадравы патэнцыял. Вобласць багатая на лясы і вядомая як азёрны край. Па аб'ёме прамысловай вытворчасці ў Прыдзвінскага краю трэцяе месца ў краіне.

Купілі і... штаб

Бізнесмены ахвотна купляюць пустыя будынкі на Віцебшчыне. Некаторыя — па сімвалічнай цане.

— На аўкцыёне 5 мая прадалі некалькі аб'ектаў у гарадскім пасёлку Баравуха (былы ваенны гарадок. — Аўт.) Полацкага раёна. Пачатковы кошт продажу па кожным — базавая велічыня. На таргах цана вырасла ад 2 да 65 разоў і склала: 410 тысяч рублёў — за будынак былога штаба, 12,2 мільёна — за будынак каравульнага памяшкання, 13,7 мільёна — за майстэрню. За 24 мільёны купілі былую радыёмайстэрню. А казарма, спартзала і склад прададзены аднаму ўдзельніку аўкцыёну ўсяго за 661,5 тысячы рублёў... Новыя ўласнікі плануюць выкарыстоўваць маёмасць у сваёй дзейнасці, — паведамілі ў фондзе «Віцебскаблмаёмасць».

Сёлета ўлады вобласці арганізавалі рэалізацыю будынкаў на электроннай гандлёвай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы». На 18 і 25 мая былі прызначаны таргі па 11 аб'ектах. Летась на Віцебшчыне прадалі, перадалі ў арэнду і бязвыплатна ў прыватную ўласнасць больш за 300 будынкаў і збудаванняў. У бюджэт ад рэалізацыі маёмасці паступіла 15,7 мільярда рублёў. А ад здачы ў арэнду — даходы — 24,8 мільярда.

Патэнцыйныя ўласнікі могуць стаць гаспадарамі больш за 600 тысяч «квадратаў» аб'ектаў рознага прызначэння.

pukshanskі@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Стварыць умовы для поспеху

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.