Вы тут

На ваенным палігоне пад Брэстам спаборнічалі банкіры і праграмісты


На палігоне 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады праходзіць шмат спаборніцтваў, вучэнняў, у тым ліку міждзяржаўнага ўзроўню. А вось паказваць ваенна-спартыўнае майстэрства грамадзянскім асобам даводзіцца нячаста.


— Тым большую адказнасць адчуваю, — сказала пра свой удзел у гульні супрацоўніца ААТ «Пріорбанк» Алена Уперавец. Гэта адзіная дзяўчына ў камандзе названай установы, якая страляла, бегала, пераадольвала паласу перашкод нароўні з мужчынамі. Яшчэ Алена аказвала медыцынскую дапамогу ўмоўнаму параненаму. Але пра гэта крыху пазней...

Ваенна-патрыятычная спартыўная гульня, якая адбылася ў мінулыя выхадныя пад Брэстам, атрымала назву «Супрацьстаянне» і нечым нагадала спаборніцтвы для школьнікаў «Зарніца». Толькі на гэты раз гулялі дарослыя людзі, таму заданні даваліся больш складаныя і патрабаванні да ўдзельнікаў былі адпаведна вышэйшыя.

У вайсковую часць прыбылі шэсць каманд з Мінска, якія прадстаўлялі банкі і ІТ-кампаніі. Паводле ўмоў, кожная каманда мела пяць спартсменаў-удзельнікаў і 15 чалавек групы падтрымкі. Апошнія, дарэчы, маглі не толькі падбадзёрваць гучнымі крыкамі сваіх калег, падносіць вадзічку спартсменам, але і ўдзельнічаць у розных спаборніцтвах і тым самым зарабляць дадатковыя балы для асноўнай каманды.

Як сказаў карэспандэнту газеты начальнік штаба кіраўніцтва ваенна-патрыятычнай гульні «Супрацьстаянне» маёр Вадзім Бабілевіч, мэтай мерапрыемства вайскоўцы вызначылі магчымасць пазнаёміць работнікаў фінансавых структур з жыццём мабільнай брыгады, армейскімі буднямі, асаблівасцямі падрыхтоўкі дэсантнікаў. Большасць членаў каманд не служылі ў арміі і, як аказалася, маюць даволі аддаленае ўяўленне пра вайсковае жыццё. Таму ўмовы іх пражывання на час гульні максімальна наблізілі да рэальных. Фінансісты пасяліліся ў палатачным гарадку, харчаваліся, займаліся і выступалі ў палявых умовах. «Такія спаборніцтвы праводзяцца ў нас другі раз, — дадаў маёр Бабілевіч, — і сёлета ўжо прыкметны пэўны прагрэс. Каманды лепш падрыхтаваліся».

Пра пазнавальны і патрыятычны характар гульні казалі ўсе выступоўцы падчас яе ўрачыстага адкрыцця, што адбылося на тэрыторыі 38-й брыгады. З добрымі словамі пажаданняў да ўдзельнікаў звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Уладзімір Базанаў.

З намеснікам камандзіра 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады Сяргеем Сухавілам накіроўваемся на палігон, дзе ідуць спаборніцтвы. Каманда ААТ «Пріорбанк» знаходзілася на стрэльбішчы, а іх таварышы з групы падтрымкі ўдзельнічалі ў самых розных спаборніцтвах, напрыклад па армрэслінгу. Кіраўнік каманды, намеснік старшыні прафкама банка Святлана Гульковіч, расказала, што групу добраахвотнікаў на ўдзел у гульні сабралі даволі хутка. Паводле слоў Святланы Мікалаеўны, моладзь банка вельмі актыўна займаецца спортам, а пажыць у палявых умовах, пазнаёміцца з жыццём не проста вайсковай часці, а сапраўднай дэсантнай брыгады для многіх здалося асабліва цікавым. Гонар банка абаранялі Дзяніс Аліва, Яраслаў Андрыянаў, Дзмітрый Бурван, Дзяніс Спарыш і Алена Уперавец. У звычайным працоўным жыцці яны — начальнікі аддзелаў, галоўныя спецыялісты розных структур банка, а тут сталі стралкамі, кідальнікамі, бегунамі — словам, байцамі маленькага вайсковага падраздзялення. І, як сказала Алена, падчас спаборніцтваў адчуваеш не толькі пэўны драйв, але і адказнасць за сваю ўстанову, з'яўляецца пачуццё каманды, таму выступаць слаба проста немагчыма.

А прыкласці свае сілы, спартыўнае майстэрства на «Супрацьстаянні» было дзе. Пераадольваць паласу перашкод, у тым ліку водных, кідаць гранату з акопа ў поўнай вайсковай амуніцыі аказалася не так проста. Гэта падкрэсліў кіраўнік каманды ААТ «Белінвестбанк» Дзяніс Бялан. Група падтрымкі названага банка асабліва старанна ўдзельнічала ва ўсіх спаборніцтвах балельшчыкаў і падтрымлівала сваіх спартсменаў. Дзяніс Бялан сказаў, што яны ўдзельнічаюць у «Супрацьстаянні» другі раз і вельмі ўдзячныя гаспадарам за асаблівую атмасферу, якая створана на дні пражывання цывільных людзей у палявым лагеры. Тут прадугледжана культурная праграма, вечарам першага дня ўсе з задавальненнем паглядзелі канцэрт. А ў апошні, трэці, дзень гульняў каманды адправіліся на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць. Наведалі мемарыяльны комплекс з музеямі, а таксама пяты форт крэпасці. У гэты час журы падвяло вынікі, падсумавала ўсе заліковыя ачкі камандаў і назвала найлепшых. Перамагла ў гульні каманда ААТ «Пріорбанк», другое месца занялі ўдзельнікі з Белінвестбанка, трэцімі сталі спартсмены Банка «Масква-Мінск».

yackevіch@zvіazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Самыя хуткія, моцныя, дакладныя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.