Вы тут

Журналіст «Звязды» папрацавала разам з лётчыкамі агракамбіната «Зара»


Авіяцыя для сельскай гаспадаркі не таннае задавальненне, але ў агракамбінаце «Зара» Магілёўскага раёна ведаюць, што без гэтага не даб'юцца тых высокіх вынікаў, за якія звычайна ўшаноўваюць на галоўным свяце хлебаробаў «Дажынкі». Дарэчы, прадстаўнікі гэтай славутай гаспадаркі там ёсць заўсёды. Не разумею толькі, чаму сярод герояў няма Дзмітрыя Сукача і Сяргея Цімкова — лётчыкаў авіягрупы, якая ў гэтыя вясновыя дні па 40 і больш разоў з самага ранку падымаецца на Ан-2 у неба і «корміць» квітнеючыя палі гаспадаркі.


50 метраў пад крылом

Сорамна прыгадваць, колькі было хвалявання перад палётам. Не першы раз, але лятаю не так часта. Ад гаспадаркі да невялічкага аэрадрома сярод палёў некалькі кіламетраў. Пакуль мяне вязуць туды на ўсюдыходнай «Ніве», паспяваю даведацца, што Ан-2 — самая бяспечная тэхніка, што нават калі рухавік адмовіць, самалёт проста спланіруе на поле. Пасля гэтых слоў становіцца лягчэй. Таму на месцы адразу ж пачала з таго, каб пусцілі ў самалёт. Начальнік авіягрупы Віктар Сасім не пярэчыў.

Камандзіры невялікага авіясудна Дзмітрый Сукач і Сяргей Цімкоў гасцінна запрашаюць у салон. Камфорту там, прызнаюся, мала. Замест пасажырскіх крэслаў вялікі бак, куды засыпаюцца ўгнаенні. У астатнім усё, як у звычайным самалёце. Кабіна на дваіх, шмат прыбораў. Калі лётчыкі даведваюцца, што я карэспандэнтка «Звязды», дазваляюць пасядзець нават за штурвалам. І вось гучыць каманда: «Ад вінта!».

Легкакрылая машына ўздрыганулася, пранеслася некалькі метраў па невялічкай паласе і ўзляцела, павольна набіраючы вышыню. Сэрца калацілася хутчэй ад нечаканасці, чым ад страху.

Хуткасць — далёка не звышгук, усяго 160 кіламетраў у гадзіну. Ды і вышыня, мякка кажучы, умоўная. Усяго 50 метраў. Ан-2 наогул можа ляцець над полем на вышыні... 5 метраў. А 50 метраў — гэта якраз тая вышыня, якая патрэбна па тэхналогіі для ўнясення ўгнаенняў.

Адчуванне, што стаіш на даху 17-павярховага дома. Лес, вёска, палі на выгляд хоць і цацачныя, але ўсё можна разгледзець. Раптам пазнаю тое самае поле, дзе ў жніўні брала інтэрв'ю ў аднаго з перадавікоў па нарыхтоўцы хлеба Уладзіміра Корсака. Яшчэ пару месяцаў — і яно зноў заззяе золатам каласоў. Вунь як дружна ўзышлі сёлета азімыя! З-пад крыла сыплецца на іх белым снегам мінеральная падкормка. Азотныя ўгнаенні і рэгулятары росту ўносяцца з разліку 170 кілаграмаў на гектар. Хто сказаў, што бітва за ўраджай пачынаецца ў жніўні? Яна ідзе ўжо сёння. Якім ён будзе сёлета, яшчэ рана загадваць. Але тое, што ў агракамбінаце дзеля гэтага робіцца ўсё і нават больш, пераканаліся на свае вочы. Авіягрупа «Зары» працуе сумленна, спяшаючыся ўкласціся ў строга вызначаныя тэрміны.

Не паспяваю ўвайсці ў смак, як «аннушка» паварочваецца ў паветры і ледзь не кладзецца на бок. У паніцы шукаю, за што б учапіцца. Сяргей Цімкоў супакойвае, спрабуючы перакрычаць роў машыны: не трэба хвалявацца, гэта мы разварочваемся, каб ляцець назад. Мы ідзём на пасадку, а напагатове стаіць ужо другі самалёт, які прымае эстафету. У лётчыкаў цяпер гарачая пара.

Ан-2 пай­шоў на ўзлёт.

Далятаў да Омска

Пакуль лётчыкі снедаюць (сваіх нябесных аратых гаспадарка забяспечвае гарачымі абедамі), гутарым з Віктарам Сасімам пра мінулае і надзённае малой авіяцыі. Яго лётны стаж складае 40 гадоў. І ўвесь гэты час ні разу не змяняў свайму Ан-2. А вось Сяргей Цімкоў да таго, як прыйсці ў сельскую гаспадарку, лятаў на Як-40, вазіў пасажыраў. Але гэта было яшчэ ў савецкія часы.

— Мы ўсе выхадцы з грамадзянскай авіяцыі СССР, — усміхаецца Віктар Сасім. — На гэтым маленькім самалёціку я асабіста далятаў да Омска. Летам адпраўляліся ў Казахстан, дзе вялікія пасевы. Там самая маленькая гаспадарка — 60 тысяч гектараў ворных зямель. І паспрабуйце без самалёта абысціся. Вось і працавалі да 2 месяцаў.

У «Зары» Віктар Сасім з 2005 года — моманту заснавання тут авіягрупы.

Прагрэсіўны метад прапанаваў тагачасны намеснік па раслінаводстве Алег Івашкевіч. Быў яшчэ добры прыклад суседзяў. З 2001 года авіяцыяй абзавялася крычаўская гаспадарка «Бель». І «Зара» вырашыла ўзяць прыклад. Два самалёты, якія дагэтуль тут працуюць, прыйшлі з Віцебскага авіяатрада.

— Яшчэ два ў аэрапорце «Магілёў» стаяць, — удакладняе лётчык. — Адзін хімсамалёт для выканання заказаў на баку, а другі — транспартны, каб вазіць пасажыраў.

— Якіх, калі не сакрэт?

— У асноўным прадстаўнікоў Магілёўскага аблвыканкама па маніторынгу сельгасугоддзяў. Зверху ўсе заганы як на далоні, на зямлі такога не ўбачыш. Будзеце ездзіць і не зразумееце, а падыміцеся на 100 метраў над зямлёй — і ўсё адкрыецца. У тым ліку і тое, што не датычыцца сельскай гаспадаркі.

Эканамічныя складанасці ўносяць свае карэктывы. На Магілёўшчыне было 3 гаспадаркі, якія мелі авіяцыю: «Зара», «Бель» і «Рассвет» імя Арлоўскага. У «Рассвеце» авіяцыя яшчэ крыху працуе, а вось «Бель» адмовілася, сёлета нават лётчыкаў звольнілі. «Зара» пакуль зацягвае пояс тужэй, але ад самалётаў пазбаўляцца не думае.

— А наколькі ад вашай працы залежыць ураджай? Вы ж, напэўна, з чымсьці параўноўваеце?

— А нічога не трэба параўноўваць. Гэта было апрабіравана ў Савецкім Саюзе. Працаваў Краснадарскі інстытут па прымяненні авіяцыі ў народнай гаспадарцы. Своечасова зробленая падкормка — 4 цэнтнеры плюс, своечасова праведзеная хімпраполка — яшчэ 4 і гэтак далей. А кошт збожжа кожны год павялічваецца. Усё акупляецца ў выніку.

Пра тое, што без паветранай хімапрацоўкі ўраджаю, вышэйшага за 60 цэнтнераў з гектара, дабіцца немагчыма, потым пацвердзіў і намеснік генеральнага дырэктара гаспадаркі па раслінаводстве Яўген Сялюгін.

Вік­тар Са­сім у ма­лой  авія­цыі  ўжо  40 га­доў.

Чырвоная зямля

Прашу прыгадаць самыя яскравыя выпадкі з працы, але Віктар Сасім толькі ўсміхаецца ў адказ: самы добры выпадак, калі нічога не здараецца.

У гарачых кропках бываць не прыходзілася, а вось ліквідацыяй наступстваў чарнобыльскай аварыі займаліся. Пад радыяцыйным попелам аказалася ўся ўсходняя частка Магілёўскай вобласці.

— Існавала праграма ўнясення мінеральных угнаенняў у вялікай колькасці на забруджаных тэрыторыях — да 1000 кілаграмаў на гектар, — узгадвае лётчык. — Зямля практычна чырвоная была. Навукоўцы лічылі, што ўгнаенне звязвае радыенукліды, абясшкоджвае стронцый, цэзій. І мы працавалі вахтавым метадам па 10 дзён. З 1986 года, напэўна, гады два. А потым ўсё заглухла. Цяпер, калі ляціш над гэтым рэгіёнам, толькі па пладовых дрэвах разумееш, што там раней былі вёскі. У Касцюковіцкім, Чэрыкаўскім, Краснапольскім раёнах шмат такіх месцаў. Можна хвілін 8 ляцець — і ніводнага населенага пункта.

— А прыходзілася рызыкаваць?

— Галоўнае ў нашай працы — бяспека. Дзеля таго, каб не было здарэнняў, маецца цэлая брыгада тэхнікаў, інжынераў і іншай «прыслугі». Да таго, як самалёт узляціць, з яго зробяць ляльку. У нас у «Зары» 4 тэхработнікі абслугоўваюць рухавікі, яшчэ два — радыёэлектроннае абсталяванне.

— І тым не менш у навінах часам кажуць пра чарговую авіякатастрофу.

— Усе гэтыя катастрофы звязаны з тым, што пілоты цяпер лятаюць як аператары. Тэхналогія іх працы: націсне на гэтую кнопку, на гэтую. За ўсё адказвае бартавы камп'ютар. Калі ён выходзіць са строю, тады праблемы. Калі нас вучылі лятаць, такой разумнай тэхнікі на самалётах яшчэ не было. Мы спадзяваліся на свае рукі, вочы, адчуванні. Бяспека трымаецца на прафесіяналізме лётчыка. Калі чалавек 20 гадоў прасядзеў у самалёце, ён нават з заплюшчанымі вачамі будзе ведаць, што робіцца з машынай. На 50 метрах высакамер яшчэ паказвае вышыню, а калі ніжэй, вельмі вялікія хібнасці. На 5 метрах прыбор зусім не працуе. Спадзяванні толькі на вочы і рукі. Гэтаму нас вучылі. Сёння вучаць па-іншаму. Але гэта школа таксама апрабіравана.

Без самалёта

Праца для лётчыкаў «Зары» сёлета, лічы, скончана. Пасля падкормкі кукурузы — адпачынак амаль да наступнага года. Віктар Сасім вельмі перажывае, што з кожным годам у краіне становіцца менш магчымасцяў займацца любімай справай.

— Актыўныя прадпрыемствы, якія карыстаюцца малой авіяцыяй, засталіся толькі ў Гродне, — уздыхае ён. — Там знаходзіцца і вядучая кампанія па АН-2, і вядучае АТБ па абслугоўванні гэтых самалётаў. У Віцебску сельскай авіяцыі зусім няма. Там 6 самалётаў перадалі МНС, яны цяпер лясы патрулююць. А вось нашы гродзенскія калегі спачатку працуюць у сябе, а потым ляцяць у Расію, у Стаўраполле. У Расіі актыўна карыстаюцца самалётамі ў сельскай гаспадарцы. Краснадарскі, Стаўрапольскі край, Казахстан — гэта тыя вобласці, дзе шмат засеяных збожжавымі тэрыторый, якія патрабуюць апрацоўкі. Калісьці і мы там працавалі. Цяпер таксама маглі б. Але гэта вырашаецца не на нашым узроўні. Справа датычыцца Мінтранспарту і ўрадавых адносін.

— А што трэба, каб магілёўскі аэрапорт запрацаваў у поўную моц?

— Наш аэрапорт абмяжоўваецца тым, што прымае і адпраўляе самалёты. А дзеля таго, каб эксплуатаваць авіяцыйную тэхніку, трэба авіякампанія. У нас яна адна — «Белавія» — і абыходзіцца дзяржаве не танна. Да гэтых самалёцікаў (ківае на Аны) зараз наогул абыякавыя адносіны. Дзяржава не бачыць сэнсу ў развіцці малой авіяцыі. Усё трымаецца на нашым энтузіязме. Дзякуй, што яшчэ гаспадарка дае магчымасць ператвараць нашу мару ў жыццё. Мы ж апантаныя па сваёй натуры. Пасадзі нас у самалёт, і мы будзем бясплатна працаваць. Але ж чалавек павінен за сваю працу атрымліваць грошы.

Каментар у тэму

— Авіяцыя — дарагое задавальненне, наземны транспарт таннейшы, але ад самалётаў мы не адмаўляемся, — кажа генеральны дырэктар агракамбіната «Зара» Аляксандр Корнеў. — Гэта дазваляе праводзіць работы больш аператыўна, у агратэхнічна сціслыя тэрміны. Урадлівасць збожжавых залежыць ад выканання тэхналогіі вырошчвання. І тут кожны прыём вельмі важны. Можна рабіць усё проста ўзорна, але калі адно звяно прапусціш, гэта ўсе намаганні звядзе на нішто. На жаль, цана высокая. Раней існавала кампенсацыя дзяржавы, цяпер яе няма. Усе выдаткі мы цалкам бяром на сябе.

Сёння сітуацыя ўсюды складаная. Але са сваёй задачай — карміць людзей — мы спраўляемся. За апошнія 5 гадоў увялі новы забойны цэх, зрабілі рэканструкцыю мясакамбіната, сушыльнай гаспадаркі, заканчваем рэканструкцыю камбікормавага завода. Тыя пытанні, якія мы перад сабой ставілі, вырашаюцца. Аб'ёмы вытворчасці за апошнія гады павялічыліся, працуем стабільна. «Зара» па-ранейшаму лічыцца валаўтваральным прадпрыемствам вобласці.

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Паветраныя хлебаробы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.