Вы тут

І ажыўшая памяць загаворыць...


«Звязда» працягвае цыкл публікацый у падтрымку стварэння музея Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна.

Вось яшчэ адзін Дзень Перамогі адышоў у гісторыю. З ранку да ночы па радыё грымелі песні тых часоў, тэлебачанне круціла ваенныя фільмы. Усё, здаецца, было як заўсёды. Акрамя аднаго. Мне здалося (або і вы заўважылі?), што іх, сапраўдных герояў Вялікай Айчыннай, амаль не засталося. Хаця чаму здзіўляцца? Нават тым, каму на пачатак вайны было ўсяго 15 гадоў, цяпер 90. Яшчэ некалькі гадоў — і Дзень Перамогі мы будзем адзначаць без сведак тых падзей . Хто тады раскажа нам праўду пра вайну?


Па гэ­тую вёс­ку Ада­мо­віч на­пі­саў у сва­ёй тра­гіч­най апо­вес­ці «Кар­ні­кі».

Нядаўна незнаёмы малады чалавек ашаламіў на вуліцы непрыстойным пытаннем. Можа, хацеў самасцвердзіцца або праходзіў тэст на смеласць. У той момант я якраз думала пра Дзень Перамогі без ветэранаў, пра Адамовіча, музея якога дагэтуль няма. І ад слоў выпадковага мінака стала вельмі прыкра. «А ці ведаеш ты, хто такі Адамовіч?» — проста хацелася хоць чымсьці зняць гэтую нахабную ўсмешку з маладога твару. Паглядзець на яго без маскі. Усмешка сапраўды знікла. «Беларускі пісьменнік», — не вельмі ўпэўнена сказаў ён. «А што ён напісаў?» Хлопец адразу ж звяў і безнадзейна паціснуў плячыма: не ведаю.

Нешта падказвае, што такі невук сярод нас ён не адзін. Добры матэрыял для тых, хто сёння робіць спробы перапісаць гісторыю і прыменшыць заслугі нашых дзядоў у той перамозе. Вунь у Італіі ўсур'ёз кажуць пра стварэнне музея фашызму. Хочацца верыць, не дзеля таго, каб прапагандаваць яго. Але, як змрочна жартуюць на гэты конт у сеціве: у свеце зноў павялічваецца попыт на карычневую чуму.

На жаль, чалавечая памяць кароткая. У гэтым няма нічога асаблівага. Чалавеку так лягчэй перажываць няшчасці. На тое і існуюць такія месцы, як Хатынь. У Магілёўскай вобласці, на жаль, ёсць свая Хатынь — вёска Баркі ў Кіраўскім раёне, якую дашчэнту знішчылі ў 1942-м нелюдзі са свастыкай на адзенні. Яны забілі 1800 мірных жыхароў гэтай і суседніх вёсак. Сёння пра страшнае мінулае нагадвае створаны тут мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці». А яшчэ — аповесць Алеся Адамовіча «Карнікі», трагічныя падзеі якой непасрэдна звязаныя з гэтай «акцыяй застрашвання». Чытаеш або глядзіш зняты па ёй фільм «Ідзі і глядзі» — і мароз па скуры.

Магіляўчанін Дзяніс Іваноў добра ведае гэтую аповесць. Яго бабуля Ніна Іванова (у дзявоцтве Калеева) — адна з тых нешматлікіх жыхароў, якім пашчасціла пазбегнуць страшнай долі. Ёй было ўсяго 12 гадоў, калі маці за некалькі хвілін да прыходу ў іх вёску немцаў разам з дзецьмі паспела схавацца ў лесе.

Дзя­ніс ра­зам са сва­ёй цу­дам вы­ра­та­ва­най ба­бу­ляй.

Ад пасёлка Глуша Бабруйскага раёна, дзе адбываліся падзеі, апісаныя яшчэ ў двух раманах Адамовіча — «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», — да Баркоў не вельмі далёка. І тое, што немцы не кранулі, — сапраўды цуд. Бо пасёлак усю акупацыю дзёрзка супрацьстаяў «новай уладзе». А акупанты каралі і за меншае.

Беларусь называюць яшчэ і партызанкай. Бо перамога кавалася не толькі на перадавой, але і пад стрэхамі дамоў звычайных беларускіх сем'яў. Нашы бабулі, дзядулі, бацькі, маці неслі цяжкі крыж, гінулі сотнямі, адзінкамі выжывалі. Краіна перамагла таму, што баявы дух яе не быў зломлены менавіта тут, у тыле.

Музей Адамовіча — унікальны праект, падобнага якому пакуль што няма ў Беларусі. Бо немагчыма ўявіць сабе Алеся Адамовіча, найлепшага пісьменніка ў стылі нон-фікшн, без герояў яго твораў, якія гінулі не на перадавой, а пад роднымі стрэхамі. Гэта своеасаблівы помнік усім тым партызанам, падпольшчыкам, жанчынам, дзецям, усім тым, хто дагэтуль не вярнуўся з вайны. Ён праілюструе творы пісьменніка, зробіць іх выпуклымі і гэтым яшчэ мацнейшымі па сіле ўздзеяння. Хатынь, Баркі, Глуша-падпольшчыца — героі твораў ажывуць і загамоняць. Музей не абмяжуецца сценамі дома, астатняе раскажа пасёлак, бо ў раманах Адамовіча тут «страляе» кожны камень, кожнае дрэўца. Зямля заўсёды гарыць пад нагамі чужынцаў, якія прыйшлі яе захапіць. У вёсцы жывуць нашчадкі прататыпаў герояў раманаў. У іх хатніх альбомах яшчэ захаваліся фотаздымкі відавочцаў. Яны самі — частка гісторыі , да якой можна будзе дакрануцца.

Сёлета пры Бабруйскім райвыканкаме запрацаваў разліковы рахунак для збору ахвяраванняў. Я асабіста ведаю людзей, якія ўнеслі грошы з зусім не вялікіх сваіх заробкаў. Не заставайцеся ўбаку. Бо гэты музей патрэбен нашым нашчадкам, тым, хто ніколі не ўбачыць жывых ветэранаў. У Італіі трацяць грошы на музей фашызму. А ў Магілёўскай вобласці грошы збіраюць на музей патрыятызму. Бо ведаюць яму цану.

zigulya@zviazda.by

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама

р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ АБ «Беларусбанк», код 706

г. Бабруйск, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?