Вы тут

Шчасце з паперы


З Ірынай Іоўлевай я пазнаёмілася на адным з майстар-класаў па арыгамі. Мяне вельмі ўразіла, як гэтая захопленая сваёй справай жанчына змагла захапіць фігуркамі з паперы не толькі маці і іх дзетак, але і бабуль, і нават дарослых хлопцаў. Адных вучыла рабіць малпачак, другіх — вазачкі для кветак, трэціх — пярсцёнкі для сваіх каханых (дарэчы, пагадзіцеся, арыгінальны падарунак на папяровае вяселле). Скарыстаўшыся магчымасцю, я папрасіла Ірыну правесці майстар-клас для «Сямейнай газеты».

На носе лета — сезон вяселляў. Таму вырашылі зрабіць вытанчаных матылькоў. У старажытнасці іх клалі на стол маладым, каб яны прынеслі новай сям'і шчасце. Можна таксама рознакаляровымі папяровымі матылькамі ўпрыгожыць дзіцячы пакой. Цудоўна, калі да гэтай справы вы падключыце ўсю сям'ю. Матылёк — адна з самых простых фігурак: яе могуць зрабіць сваімі рукамі нават маленькія дзеці.


Ірына па адукацыі тэхнолаг адзення, дызайнер. Да арыгамі ж прыйшла, калі выйшла замуж і нарадзіла дачку.

— Проста тады, як і любая маці, пачала задумвацца, чым заняць дзіця. Самы даступны матэрыял — папера, яна заўсёды пад рукой. Арыгамі бываюць розныя. Вось гэтая жабка (паказвае) надзімаецца, варона каркае, жураўлік махае крыламі. З папяровымі фігуркамі можна гуляць, іх можна падарыць, можна любавацца... Акрамя таго, заняткі арыгамі станоўча ўплываюць на развіццё дзяцей.

Даказана, што пры складанні папяровых фігурак гарманічна развіваюцца адразу два паўшар'і галаўнога мозга (як і падчас заняткаў музыкай), памяць, логіка, густ, творчае мысленне, прасторавае ўяўленне. У дзяцей удасканальваецца дробная маторыка рук, рухі пальцаў робяцца больш дакладнымі (гэта асабліва важна для вучняў пачатковых класаў, якія вучацца пісаць літары).

— Сёння я цалкам згодная з Васілём Сухамлінскім, які казаў: «Чым больш майстэрства ў дзіцячай руцэ, тым разумнейшае дзіця», — кажа Ірына. — Мая дачка скончыла школу з залатым медалём, сярэдні бал атэстата — 10. Акрамя таго, адразу 100 балаў узяла на алімпіядзе па рускай мове. Скончыла музычную школу. Паступіла ва ўніверсітэт на фундаментальную хімію. Цяпер з'яўляецца галоўным рэдактарам факультэцкай газеты. Арыгамі, лічу, дало вялікі штуршок. На прыкладзе сваёй дачкі, а таксама іншых дзяцей узросту 6-7 гадоў (Ірына 12 гадоў працуе педагогам у мінскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Эўрыка» пры школе №138) бачу, як развіццё рук уплывае на развіццё мозга.

У Японіі ёсць інстытут узроставай медыцыны пры Універсітэце Тахоку. Прафесар Кавасіма Рута даказаў, што заняткі арыгамі павялічваюць паток крыві, які праходзіць праз прэфрантальную зону галаўнога мозга, дапамагаючы яму лепш працаваць.

У японцаў ёсць такі лозунг — «радасць знаёмства з арыгамі — тройчы ў жыцці». Першы раз яны адкрываюць гэты від мастацтва ў дзяцінстве, другі раз — калі вучаць складаць папяровыя фігуркі сваіх дзяцей, і нарэшце, трэці раз — ужо ва ўзросце 60-70 гадоў. У Японіі ў многіх клубах для пажылых людзей працуюць гурткі арыгамі, бо гэта цудоўны сродак прафілактыкі хваробы Альцгеймера.

— А вось гэта кусудамы (модульны від арыгамі — калі цэлая фігура збіраецца з некалькіх дробных частак, кожная з якіх складваецца з паперы) — лячэбныя шары. У Японіі клапатлівыя сваякі падвешваюць іх над ложкам хворых, каб выгнаць злых духаў. Пры гэтым змяшчаюць у папяровыя адтуліны лячэбныя зёлкі, эфірны алей.

Калі раней для вырабу папяровых фігурак выкарыстоўваўся толькі квадратны ліст паперы, то, цяпер мастацтва арыгамі развілася настолькі, што падыдуць і шасцівугольнікі, і прамавугольнікі.

— Дзе б я ні знаходзілася, пастаянна штосьці складаю, — усміхаецца Ірына. — Калі сяджу ў кавярні ці рэстаране, у ход ідуць сурвэткі, фольга ад цукеркі. Дарэчы, арыгамі — цудоўны спосаб здзівіць свайго маладога чалавека ці дзяўчыну (раней самураі заваёўвалі ўвагу дам на сярэднявечных балях, складваючы фігуркі з паперы). Можна скласці сурвэтку ў выглядзе лілеі, а ўсярэдзіну паставіць кубачак гарбаты. Альбо зрабіць ружачку.

Ірына раіць займацца арыгамі ўсёй сям'ёй. Балазе, у інтэрнэце шмат разнастайных схем. Пры жаданні можна запісацца на майстар-клас. У Мінску такую магчымасць прадастаўляе, напрыклад, цэнтр японскай культуры і традыцый «Хагакурэ».


Як скласці матылька?

1. Вазьміце квадратны ліст паперы, любога памеру.

2. Складзіце яго па дзвюх дыяганалях.

3. Затым складзіце квадрат напалову, каб атрымаўся прамавугольнік.

4. Злучыце верхнія вуглы прамавугольніка так, каб зверху і знізу атрымаліся два трохвугольнікі.

5. Цяпер загінаем угору вугалкі аднаго з трохвугольнікаў.

6. Верхні вугалок другога трохвугольніка загінаем так, каб ён ледзь-ледзь выходзіў за край першага.

7. Згінаем папалам крыльцы. Вуаля! Матылёк гатовы.

Раздарыць 1000 жураўлікаў

«Калі чалавек зробіць 1000 жураўлікаў (цуру — традыцыйны сімвал шчасця і даўгалецця) і раздарыць іх, яго жаданне споўніцца, — пасля гэтых слоў Ірына працягнула нам з фатографам па папяровай фігурцы. — Зрабіла спецыяльна для вас. Люблю сама дарыць і дзяцей гэтаму вучу».

У 50-я гады ўвесь свет абляцела гісторыя пра японскую дзяўчынку — Садако Сасакі. 6 жніўня 1945 года, падчас атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы, яна знаходзілася дома, усяго за мілю ад эпіцэнтра выбуху. Дзяўчынка выжыла. Але праз 9 гадоў у яе праявіліся прыкметы прамянёвай хваробы. 21 лютага 1955 года яна трапіла ў шпіталь. Лепшы сябар прынёс ёй лісток залацістай паперы і склаў з яе жураўля. Пры гэтым нагадаў павер'е пра тое, што жаданне чалавека, які склаў тысячу папяровых цуру, споўніцца. Садако стала складаць птушак шчасця з любых кавалачкаў паперы, якія траплялі ў яе рукі. Але паспела зрабіць толькі 644 фігуркі. Пасля смерці дзяўчынкі яе сябры завяршылі працу. З таго часу папяровы жураўлік лічыцца адным з сімвалаў міру і сяброўства.

dryla@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.