Вы тут

Ці трэба прымушаць дзяліцца


З маленькай суседкай Маргарытай мы з сынам сустрэліся на дзіцячай пляцоўцы. Даня стрымгалоў пабег капаць пясок, хуценька набраў поўнае вядзерца і, ледзь падняўшы, сабраўся яго некуды несці. У гэты момант да яго спрытна падбегла Марго. Папярэджу, што абаім малым было каля двух гадоў, таму выразна сказаць, чаго хоча кожны з іх, яны яшчэ не маглі. Але ж дзяўчынка дала зразумець, што ёй патрэбна Даніна вядро і, не дачакаўшыся згоды сына, пачала вырываць яго з рук...


Гэта яна дарэмна зрабіла, бо для Дані яго вядро і шуфлік — святое, іх ён так проста нікому не дае. Таму шанцаў у Маргарыты не было, і малеча падняла крык на ўвесь двор. Я, натуральна, паспрабавала аднавіць мір паміж дзецьмі. Спачатку растлумачыла Маргарыце, што Даня сам толькі пачаў гуляць і яшчэ не гатовы аддаць ёй цацку. Не атрымалася. Малая ўчапілася ў вядро і крычала яшчэ мацней. Тут падаў голас і сын. Тады я прапанавала дзецям кампраміс: «Памяняйцеся вёдрамі. Марго, дай Дані сваё, а ты атрымаеш узамен яго». Але ў Марго вядра не аказалася. Шчыра кажучы, у яе ўвогуле не было з сабою цацак. Нарэшце з'явілася маці нашай суседачкі і, ацаніўшы сітуацыю, адным махам вынесла вердыкт: «Ну ты, Даня, і сквапны! Табе што, вядра шкада?» У мяне аж мову адняло ад такой несправядлівасці. «Можа, калі б вы бралі свае цацкі на вуліцу, іншыя не былі б сквапнымі?!» — абурана сказала ўдагонку я.

Зразумела, гэтая сітуацыя не прывяла мяне да думкі, што сын — скнара, абвінавачванне не мела падставы. Але падобныя канфлікты я назірала штодзённа. Звычайна, набавіўшыся са сваімі цацкамі, дзеці пераключаюцца на чужыя. А іх уладальнікі часцей за ўсё рэагуюць раўніва, могуць нават уступіць у бой, бо не жадаюць дзяліцца.

З нашымі пастаяннымі сябрамі і з іх мамамі мы знайшлі выйсце: абавязкова бяром на вуліцу аднолькавы набор цацак — шуфлікі вялікі і малы, мяч, трактар, формачкі і інш. Усе яны, зразумела, трошачкі адрозніваюцца, таму дзецям цікава мяняцца, і канфліктаў удаецца пазбегнуць.

Але бывае, што малы ўсё ж не хоча даваць сваё пагуляць. Ад гэтага многія мамачкі маюць супярэчлівыя пачуцці і бянтэжацца. Упрошваць аддаць, каб тваё дзіця не лічылі скнарай? Ці паважаць права дзіцяці самому распараджацца сваёй маёмасцю? А ці не будзе ў яго з-за такой незгаворлівасці потым цяжкасцяў у дзіцячым калектыве? Ахопліваюць сумненні. Давайце разбірацца.

P.S. Шчыра кажучы, можа, і я напачатку дапускала пэўныя памылкі, іншы раз упрошвала сына даць камусьці машынку пагуляць. Але не так даўно ён сапраўды ўразіў мяне сваім учынкам. Мы збіраліся на дзень нараджэння стрыечнай сястры Дані. Загадзя разам з сынам старанна выбралі і купілі падарунак. І раптам перад выхадам з дому Даня спытаў, ці можна яму падараваць сваёй сястрычцы ўласную цацку. Мы нагадалі, што купілі прыгожы падарунак і гэтага будзе дастаткова. Але Даня нібы не пачуў, усё бегаў з пакоя ў пакой, шукаў нешта. Калі мы ўжо ўручылі падарунак імянінніцы, сын нечакана выняў з кішэні зялёны пластмасы бранзалет і трапятліва працягнуў малой. Мы з мужам здзівіліся, бо добра ведалі, што гэта за рэч. З гэтым бранзалетам Даня ніколі не расставаўся, нават у ложак з сабою браў, прыдумляў з ім новыя гульні і вельмі перажываў, калі ён губляўся. Мы нават не разумелі, чаму ён такі дарагі малому. Але ж дзеці часта маюць прыхільнасць да, як здаецца нам, дарослым, зусім звычайных рэчаў. Імянінніца, зразумела, не выказала бурных уражанняў наконт даволі простага падарунка, але мы заўважылі, што Даня застаўся вельмі задаволены.


Парады мамам і татам

  • Псіхолагі сцвярджаюць цікавую рэч: калі хочаш выхаваць сапраўднага скнару — прымушай яго быць шчодрым. Тыя, каго ў дзяцінстве бясконца прымушалі аддаваць сваё, вырастаюць або няўпэўненымі людзьмі, якія не могуць сказаць «не» і ад гэтага пакутуюць, або становяцца занадта скупымі.

Справа ў тым, што ў 2-3 гады фарміруецца дзіцячае «я», пачуццё ўласнасці. І сваю маёмасць, у тым ліку і цацкі, малеча ўспрымае як частку самога сябе. А калі нехта квапіцца на любімае пластмасавае вядзерца, паказвае нязгоду, абараняе «сваё». І мае на гэта поўнае права. Таму ні ў якім разе не трэба настойваць, каб дзіця дзялілася супраць свайго жадання. Яно нават не зразумее, чаму павінна аддаць сваё, навошта? Калі наспявае канфлікт, прапануйце дзецям абмяняцца цацкамі, парайце пагуляць разам або пераключыце іх увагу на нешта іншае. Не дапамагло? Сыдзіце на іншую пляцоўку і пасля таго, як малы супакоіцца, абмяркуйце з ім гэтую сітуацыю.

  • Некаторыя мамы баяцца, што староннія будуць лічыць яе дзіця прагным, асудзяць выхаванне. І здольны нават забраць цацку ў свайго і аддаць чужому. Яшчэ і прысаромяць, насварацца. Ваш малы зразумее гэта як здраду, а не ўрок дабрыні. Такая самаахвярнасць нікому не на карысць. Адстойвайце інтарэсы свайго дзіцяці. «Можа, усё ж такі дасі Волечцы шуфлік пагуляць, не назаўсёды?» — зрабіце спробу пераканаць малое. Калі ўсё роўна «не», растлумачце дзяўчынцы, што ваша Таня пакуль сама хоча пагуляць, а пасля, можа, і ёй дасць.

Просты прыклад: уявіце сабе, што нехта на вуліцы раптам просіць даць яму пагуляць з вашым тэлефонам або пракаціцца на вашай машыне. Вядома, нас, дарослых, такая просьба здзівіць, і мы адмовім. Дык чаму ж дзеці павінны так лёгка аддаваць уласную маёмасць?

Чакайце моманту, калі малы пачне дзяліцца свядома. Не прыспешвайце. Жаданне павінна прыйсці па загадзе душы, а не пад ціскам.

  • Калі дзіця вельмі беражліва ставіцца да цацак і з-за гэтага не хоча дзяліцца, не бярыце на вуліцу вельмі дарагія яму рэчы. Каб пазбегнуць канфліктаў з дзецьмі, якія прыйдуць да вас у госці, схавайце найбольш любімыя і пакіньце тыя, з якімі сын ці дачка з лёгкасцю дадуць пагуляць.

У дзіцячы садок браць цацкі можна толькі ў тым выпадку, калі даваць з імі гуляць усім дзецям. Хвалюецеся, што тыя пашкодзяць рэч, тады лепш пакіньце яе дома.

  • Ва ўзросце 3-5 гадоў дзеці ўжо ўмеюць дзяліцца, бо разумеюць: разам гуляць больш цікава, чым паасобку; з тым, хто дзеліцца, будуць сябраваць, а са сквапным — не. Яны з задавальненнем абменьваюцца цацкамі. Але ж навучыць дзяцей дзяліцца павінны бацькі. Лепш за ўсё зрабіць гэта на ўласным прыкладзе. Няхай малыя бачаць, як у сям'і рыхтуюць падарункі адно для аднаго і колькі гэта прыносіць радасці; што пэўныя рэчы, адзежу, якая ўжо малая, можна аддаць таму, хто ў гэтым мае патрэбу; а тату, які хутка вернецца з працы, трэба таксама пакінуць кавалачак торта.

Паглядзіце мульцікі або пачытайце казкі, дзе шчодрыя героі атрымліваюць падзяку, а скнары пасаромлены.

Вядома, што бацькі, бабулі-дзядулі імкнуцца аддаць усё самае лепшае дзецям. Не намагайцеся адмаўляцца ад усяго на карысць свайго дзіцяці, вы перашкаджаеце развіццю шчодрасці і ў выніку выхаваеце эгаіста.

  • Калі дзіця хавае свой мячык за спінай, а чужы трактар бярэ без дазволу, растлумачце, што гэта несумленна.
  • Хваліце дзяцей, калі яны з кімсьці падзяліліся або дапамаглі іншаму.
  • Каб пазбегнуць канфліктаў паміж братамі-сёстрамі, арганізуйце для кожнага дзіцяці ўласны куток: палічку, тумбачку, шафу, дзе будуць захоўвацца яго рэчы. Акрамя агульных цацак, у кожнага павінны быць свае. Растлумачце, што нельга браць ляльку сястры без дазволу і наадварот. Навучыце ветліва прасіць. Каб не выклікаць рэўнасць да брата-сястры (а гэта таксама можа стаць прычынай прагавітасці), у роўнай ступені праяўляйце да дзяцей увагу і пяшчоту.

Калі дзіця зразумее, што ёсць «маё», ён прызнае права маёмасці і іншага.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.