Вы тут

Жыццё піша найлепшы сцэнарый


Мы самі любім ствараць ілюзіі. Верым у тое, у што хочам верыць. І адмаўляемся ведаць тое, што і без таго ведаем. Мы закладнікі ўласных поглядаў і жаданняў.


Аднойчы, распытваючы пра дзейнасць дабрачыннага «Клуба 5000», журналістка папрасіла мяне: «Чытала, што вы былі сведкай некаторых гісторый кахання паміж падлеткамі ў анкацэнтры. Раскажыце пра іх». Ёй вельмі хацелася пачуць прыгожы расповед пра рамантычныя пачуцці, здольныя змяніць нязменнае. Мне таксама хацелася падзяліцца такой гісторыяй. Вельмі хацелася. Але я набралася мужнасці і адмовілася. Бо ў рэальнасці гэта сумныя гісторыі. З такімі ж бытавымі праблемамі, як у нас з вамі, з такімі ж сваркамі, ахвярамі, з такімі ж інтрыгамі і расчараваннямі. Толькі з іншым фіналам. Часта банальна прадказальным. Там кропка канчатковая. Пункт незвароту. Сапраўдны канец.

Мы рамантызуем такія гісторыі. Пісьменнікі аздабляюць іх, прыфарбоўваюць. І незаўважна звычайная гісторыя адносін пераўтвараецца ў размаляваную слязлівую аповесць, дапаможнік для ўсіх закаханых.

Мы, журналісты, таксама грашым схільнасцю прыхарошваць рэчаіснасць. Нам здаецца, што парачка штучных зялёных лісточкаў не зменіць сутнасці, але надасць сакавітасці. Пары лісткоў аказваецца недастаткова — далучаюцца цэлыя галіны, дадаюцца пластыкавыя кветкі, складаюцца штучныя букеты. І мы аздабляем, адразаем лішняе, падганяем па форме, упісваем у каноны.

У клубе была падапечная, прыгожая маладая дзяўчына. Хвароба прынесла ёй шмат пакут. Паказала несправядлівасць, нявернасць, чалавечую гнілату. Крыўды, расчараванні. Найлепшыя кавалеры, з-за якіх ёй зайздросцілі іншыя дзяўчаты, раптам адвярнуліся. Алена разгубілася і больш не разумела, каму патрэбная, а для каго цяпер няважная.

І тут пад шумок з'явіўся ён. Не, не прынц, зусім не прынц. Звычайны вясковы хлопец. Пры іншых абставінах яна, прыгажуня, і не зірнула б на яго. А тут перагледзела свае прыярытэты, ацаніла клопат. Адказала на рамантычную прапанову і, не адкладаючы, пачала збірацца замуж.

Прыгожую гісторыю кахання цяжка хворай дзяўчыны і адданага хлопца падхапілі СМІ. Людзі натхняліся, дзякавалі, зычылі маладым шчасця.

Толькі за кадрам засталося тое, што клапатлівы малады дужа піў і часта сварыўся са сваёй прыгажуняй, моцна засмучаў яе. У агульнай замілаванасці ніхто не звярнуў увагі і на юнацкі Аленін адчай. Ёй вельмі хацелася кахаць і быць каханай. Ёй даводзілася прызвычайвацца да новых умоў і абмежаванняў. Яна адчайна шукала паветра, пачуццяў, разумення. Хоць заўсёды з аптымізмам глядзела ў будучыню, думаю, падсвядома, яна баялася не паспець. Таму спяшалася. І таму заплюшчвала вочы на гарэлку, безадказнасць і абразы.

Гэты абзац не ўпісваецца ў канцэпцыю бездакорнай гісторыі кахання. Мы скарацілі яго, выкінулі, не заўважылі, выкраслілі з памяці і сцёрлі з гісторыі. Мы робім так з усім, што не ўпісваецца ў рамкі, намі ж самімі і створаныя.

Часам едзеш на інтэрв'ю з ужо падрыхтаванай схемай эфірнага сюжэта. Так ты пачнеш, потым дасі сінхрон, далей падводку да праблемы, у гэтым месцы герой павінен расказаць пра гэта, а ў наступным — пра тое. Прыязджаеш, пачынаеш гутарку — і ўсе твае планы разбураюцца, як картачны дамок. Суразмоўца выходзіць на такія аспекты тэмы, на такія эмоцыі і развагі, пра якія ты нават не падазраваў. Ён не ўпісваецца ў тваю канцэпцыю. Ды і канцэпцыі больш няма. Ты разумееш, што жыццё піша найлепшыя сцэнарыі.

Я люблю дакументальныя фільмы Андрэя Куцілы. Там кожная сцэна пастаўлена жыццём. Пастаўлена бездакорна. Ты акунаешся ў яе і разумееш, што ніводзін рэжысёр, нават самы выдатны, не даб'ецца ад самага таленавітага акцёра такога моманту. Ніводны залатарукі дэкаратар не зробіць такой карцінкі, як само жыццё. Толькі не стварайце яму рамкі, не абмяжоўвайце канцэпцыямі. Проста назірайце і фіксуйце. Жыццё не падуладнае нам, не падладжваецца пад нашы патрэбы. Гэта мы падпарадкоўваемся яму. І калі скарыцца, даверыцца і прыняць гэта, то ўпісацца ў яго даволі проста.

Што да герояў гісторыі кахання, яны не паспелі пажаніцца. Адданы жаніх і праз некалькі гадоў пасля страты Алены абражае тых, хто захоўвае яе памяць. А па інтэрнэце гуляе кранальны сюжэт пра тое, як дзіўнай прыгажосці смяротна хворая дзяўчына і клапатлівы хлопец з дапамогай кахання пераадольвалі наканаванае.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».