Вы тут

Экатрэнер не разумее, навошта браць крэдыт на вяселле


Раман Саблін да 29 гадоў быў паспяховым піяршчыкам у буйной расійскай кампаніі. Аднак пасля ў яго здарыўся... крызіс сярэдняга ўзросту. Пераасэнсаваўшы сваё жыццё, захапіўся ёгай, перайшоў на раслінную дыету, а праз некаторы час пазнаёміўся з праектам EcoWіkі («Экалагічная Вікіпедыя») і стаў экаактывістам. З тых часоў Раман зніжае свой экаслед (плошча Зямлі, якая неабходна аднаму чалавеку для задавальнення сваіх патрэб цягам жыцця. — Аўт.). У кнізе «Зялёны драйвер. Код да экалагічнага жыцця ў горадзе» ён на ўласным прыкладзе патлумачыў, што значыць жыць экалагічна. Сёння першы экатрэнер Расіі матывуе іншых людзей пераходзіць на «зялёны бок» жыцця, «азеляняе» бізнес.


— Раман, з чаго пачаўся ваш рух да экалагічнасці?

— Са збору другаснай сыравіны. У Маскве я даведаўся пра акцыі па асобным зборы смецця і стаў на іх валанцёрыць. Прапанаваў суседзям па кватэры сартаваць адходы і паставіў тры скрынкі: «шкло», «пластык», «папера». Адна з суседак не пагадзілася, нягледзячы на тое, што 10 гадоў пражыла ў Германіі. «Давай дачакаемся, пакуль установяць кантэйнеры ў двары», — казала яна. Аднак я вырашыў сартаваць.

Грузіў заплечнік і праз восем прыпынкаў на метро вёз усё гэтае дабро ў парк, дзе стаялі кантэйнеры для розных відаў адходаў.

За тыя шэсць гадоў, што я сартую адходы, кантэйнеры ўсё яшчэ не з'явіліся ў кожным расійскім двары. Але ў Маскве і Санкт-Пецярбургу пунктаў прыёму стала нашмат больш, у прыватнасці дзякуючы акцыям «Раздзельны збор» і праекту «Збіратар». Акцыя доўжыцца тры гадзіны, за гэты час людзі раскладваюць смецце па максімальнай колькасці відаў: напрыклад, не проста пластык, а пластык 3-5 відаў. Праект некамерцыйны, гэта цэлы рух неабыякавых людзей, якія запускаюць хвалю па зніжэнні экаследу.

У хуткім часе я зразумеў, што мае суседкі не асабліва падтрымліваюць маё захапленне, таму прапанаваў знаёмым разам арэндаваць жыллё і весці там экалагічны лад жыцця. Так з'явіўся эксперыментальны «Экалофт на Пятніцкай» — экакамуна, у якой я пражыў год (сам праект праіснаваў 2,5 года). Там мы запусцілі экашколу. Кожны чацвер у нашай гасцёўні праводзіліся дыскусіі на розныя тэмы: экатурызм, валанцёрства, асобны збор смецця. Людзей набівалася пад завязку.

— Як вы сталі трэнерам па экалагічна дружалюбным ладзе жыцця?

— Праз паўтара года існавання экалофта я звольніўся з кампаніі з марай пра сацыяльнае прадпрымальніцтва. Узнікла ідэя з кансалтынгам па зялёных офісах, мы запусцілі агенцтва GreenUp. Першы платны кліент у нас з'явіўся толькі праз тры гады. А першыя грошы на экалогіі я зарабіў сумесна з Аляксеем Шыршовым, сузаснавальнікам «Школы экарамонту і натуральнага будаўніцтва імя Тома Соера». Памятаю, як ён для тэлевізійнага сюжэта піў на камеру зялёную фарбу, зробленую з малака (смяецца).

Трапіўшы на канферэнцыю па інфармацыйным бізнесе, я раптам зразумеў, што ўсе мае веды па экалогіі можна... манетызаваць. На радзіме, у Кузбасе, арганізаваў свой першы майстар-клас «10 крокаў да экалагічнага жыцця», надрукаваў візіткі на экапаперы і стаў развіваць свой уласны брэнд экатрэнера. На сёння Мінск стаў 30-м горадам, дзе я выступаю, мяне пачула больш за 20 тысяч чалавек. Зараз збіраюся выдаць кнігу «Зялёны драйвер-2: жыццё за горадам», апошнія два гады рухаюся ў гэтым кірунку. Мая першая кніга — на 60% кампіляцыя з іншых крыніц. Аднак усе гэтыя рэчы перажыты мной. Большасць трэнераў не расказваюць пра тое, як яны жывуць, што ядуць, а проста даюць парады. (У гэты момант Раман дастае сетку, якая замяняе яму ў краме пластыкавы пакет — яна створана ўдзельнікамі праекта «Авоська дорыць жыццё», сплецена сляпымі людзьмі. — Аўт. ). Я матывую іншых людзей і запускаю «зялёную» хвалю далей.

Пят­руш­ка і сель­дэ­рэй за­мест бу­ке­та.

— Вам пашанцавала з жонкай: яна падтрымлівае вашы ідэі...

— З Любоўю мы пазнаёміліся на канферэнцыі па абыходжанні з батарэйкамі, якую яна арганізавала. Праз два месяцы я пераехаў у Санкт-Пецярбург. Мы пажаніліся, нашаму сыну Саву ўжо два гады. Агульнасць поглядаў вельмі дапамагае. Люба мудра падказвала мне, што не трэба заўзята завабліваць людзей у экалагічны лад жыцця, многіх гэта адпужвае. На самой справе не трэба зацыклівацца на «бія» і «арганіцы».

Шчыра запытайце ў сябе — ці любіце вы сябе і сваіх дзяцей? Калі так, то вы свядома зробіце выбар у бок здаровага і экалагічнага ладу жыцця.

— Ваша вяселле таксама атрымалася экалагічным?

— Так, мы арганізавалі арганік-вяселле ў экастылі. Прыдумалі такую фішку: замест традыцыйнага букета ў нявесты быў пучок з пятрушкі і сельдэрэю, які мы пасля з'елі. Куды важней, што на вяселле мы не заказвалі лімузінаў і шыкоўных аўтамабіляў. Нявеста была ў арыгінальнай сукенцы — нічога лішняга. Праблему з падарункамі вырашыў «спіс жаданняў»: дзякуючы яму нам не дарылі непатрэбных рэчаў. Безалкагольнае вегетарыянскае вяселле на 100 чалавек абышлося нам у 500 долараў. Я не разумею, чаму бяруць крэдыты на вяселле — па-мойму, гэта шаблон, людзі не разумеюць, чаго хочуць.

— А як ставяцца да вашай экалагічнасці сваякі?

— Сям'я ў нас вялікая — чацвёра дзяцей, я старэйшы. Бацька, на жаль, не застаў маю гісторыю станаўлення на шлях экалагічнасці. Ён вельмі шкадаваў, што я з'ехаў у горад, спадзяваўся, што я застануся ў пасёлку ў Сібіры і займуся сельскай гаспадаркай. Мама заўжды казала: ваша жыццё — ваш выбар. Яна прывыкла жыць сціпла, таму экалагічныя ідэі ёй блізкія. Адна сястра — кансультант па натуральных родах, другая сартуе смецце. Яны прыхільніцы здаровага харчавання. Малодшы брат Арцём некалькі гадоў назад быў актывістам руху «Смецця. Больш. Няма» і ўдзельнічаў у арганізацыі дабрачынных крам «Дзякуй». Я ўдзячны сваёй сям'і за тое, што яна паступова пераймае мае ідэі.

Што ў за­плеч­ні­ку экат­рэ­не­ра? 1) Сет­ка 2) Кам­плект адзен­ня 3) Па­пя­ро­выя па­ке­ты 4) Кні­га 5) Кан­тэй­нер з ежай 6) Па­ху­чыя па­лач­кі і за­пал­кі 7) Эка­ві­зі­тоў­кі 8) Чай 9) Ка­зі­нак 10) Даж­джа­вік 11) Бу­тэль­ка з ва­дой

— Вы сочыце за экаследам свайго сына Савы?

— Вельмі важна разумна падыходзіць да экаследу дзіцяці. Мы, напрыклад, выкарыстоўвалі біярастваральныя падгузкі, пакуль яны былі недарагімі. Спрабавалі і шматразовыя тканевыя, якія можна праць. Самая лепшая практыка ў гэтым выпадку — высаджванне, калі з малых гадоў у патрэбны момант несяце на гаршчок. У Савы гэтага не атрымалася, і ў выніку мы карыстаемся звычайнымі падгузкамі: па 1-2 у дзень на сон і прагулку. У тканевых спаць не пакладзеш: яны прамакаюць праз пару гадзін. Абавязкова натуральнае харчаванне. Што датычыцца цацак, у Савы шмат драўляных, але ёсць і пластмасавыя — проста мы стараемся сачыць, каб яны былі якаснымі і не змяшчалі ў сабе бісфенолу A. У нашага сына шмат машынак, але мы стараемся мяняцца цацкамі альбо аддаваць іх задарма, тым самым запускаем кругаварот цацак. Паказваем мультфільмы: Сава любіць «Свінку Пэпу» і «Гару самацветаў», але глядзець іх не больш за гадзіну ў дзень. Стараемся займаць яго прагулкамі, чытаннем, маляваннем ды іншымі карыснымі рэчамі.

— Вы плануеце жыць за горадам?

— Гэта мара зарадзілася пасля экалофта. Тады я зразумеў, што горад — не лепшае месца для экалагічнага жыцця. Сваім сябрам раю па магчымасці на нейкі час з'ехаць у экапаселішча, кластар альбо проста ў вёску. Аднак калі вам падабаецца горад, заставайцеся ў ім і рабіце яго «зялёным». Жыць у мегаполісе экалагічна цалкам рэальна. Напрыклад, у Стакгольме і Хельсінкі шмат зеляніны, выконваюцца стандарты па выкідах, траціна насельніцтва ездзіць на веласіпедах. Я ведаю, што многія людзі не ўяўляюць свайго жыцця без сцен кватэры, на прыродзе ім некамфортна. Але асабіста мне не надта добра жыць у горадзе. Да таго ж гарады з колькасцю насельніцтва да 100 тысяч жыхароў яшчэ можна «азеляніць», але зрабіць мегаполіс абсалютна «зялёным», на мой погляд, нерэальна.

Столь­кі смец­ця збі­ра­ец­ца ў сям'і за ты­дзень.

Я пабываў у 20 расійскіх экапаселішчах, але ніводнае з іх мне не спадабалася для жыцця з сям'ёй. Былі спробы стварыць уласнае экапаселішча, але яны не скончыліся паспяхова. Этнаграфічны парк-музей «Этнасвет» за 90 кіламетраў ад Масквы, дзе я сёння жыву, — гэта мая шостая спроба пакінуць горад. Праект неверагодна вар'яцкі. Яго задача — узнавіць усе культуры свету на 240 га зямлі. Тут жывуць і працуюць 400 чалавек. Чыстае паветра, прырода і разам з тым даброты цывілізацыі — музеі, кавярні. Функцыянуе дзіцячы садок, у наступным годзе пачне працаваць школа. Мы з сям'ёй прапісаліся ў гімалайскім доміку, што ў азіяцкай частцы парку.

— Напэўна, у вас усё ж ёсць эказвычкі, якія вы парушаеце?

— У мяне няма жорсткіх рамак, бо я не ідэальны экачалавек: такім можна назваць жыхара тайгі, які харчуецца з уласнага ўчастка, альбо жыхара аўтаномнага экапаселішча. Часам я набываю пластыкавыя пакеты — здараецца, забываю ўзяць з сабой сетку. Але пасля выкарыстоўваю пакет шмат разоў альбо здаю ў перапрацоўку. Часам п'ю каву, што таксама не здорава. Я заўважыў, што калі мы нешта забараняем сабе, часцей за ўсё гэта ператвараецца ў гвалт, часам хочацца парушыць забарону. Насамрэч экалагічнасць — гэта перш за ўсё здаровы сэнс. А жыццё — непрадказальная прыгода. Менавіта таму трэба паспець палюбіць сябе і іншых як можна больш.

Фота з архіва Рамана Сабліна

Загаловак у газеце: Пучок пятрушкі замест букета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».