Вы тут

«Мару захапіць сваіх дзяцей падарожжамі»


Чалавек — гэта брыльянт, таму ён павінен быць шматгранным. Менавіта такім жыццёвым крэда кіруецца Ганна Бяляк. За свае 24 гады дзяўчына вывучылася на інжынера-праекціроўшчыка метрапалітэнаў, выйшла замуж, з'ездзіла аўтастопам у Польшчу і прайшла турыстычныя інструктарскія курсы. Ганна не можа ўявіць сваё жыццё без яркіх фотаздымкаў, самаробнай выпечкі і танцаў. Калегі дзівяцца з маладзіцы: яна прыязджае на працу на ровары. Хтосьці бавіць вольны час перад тэлевізарам, а Ганна бярэ заплечнік і ідзе па балотах. Але яе самы непрадказальны ўчынак — паход па гарах Цэнтральнай Каталоніі.


Ганна Бяляк - заваёўніца вяршынь Цэнтральнай Каталоніі.

— Усё пачалося з сяброў, якія шмат падарожнічаюць. Яны расказвалі цікавыя гісторыі з вандровак, а я імі захаплялася. Мне заўсёды здавалася, што гэта не для мяне. Лічыла, што трэба валодаць жалезнай сілай волі і неверагоднымі фізічнымі здольнасцямі. Аднойчы знаёмы запрасіў мяне ў паход у Радашковічы. Там я і пазнаёмілася з інструктарам, які прапанаваў мне вандроўку ў Іспанію.

Ганну з дзяцінства прыцягвала ўсё новае, нязведанае. Самы лепшы падарунак у жыцці — гэта калекцыя кніг «Я спазнаю свет» ад бацькоў. Найбольш пашарпанымі чамусьці аказаліся кнігі па гісторыі і геаграфіі.

Цуда у Барселоне растуць мандарынавыя дрэвы.

Над прапановай інструктара дзяўчына думала нядоўга. — Сябры дапамаглі мне з каскай, турыстычным заплечнікам, палкамі для хадзьбы, спальнікам, — кажа Ганна. — Я паклала ў заплечнік бутэльку пітной вады, запалкі ў цэлафанавым пакеце (каб не адсырэлі), запасны абутак, шкарпэткі і майкі, аптэчку, ежу. Нават захапіла «451 градус па Фарэнгейце», але мяне хапіла толькі на 15 старонак. Астатняе дачытвала дома. Спадзяюся, Рэй Брэдберы не пакрыўдзіўся. У выніку — 20-кілаграмовы заплечнік! Я прыйшла з працы, запляла свае фірмовыя касічкі, надзела шапку і паехала на вакзал. Там я і сустрэлася з калегамі па паходзе: інструктарам, жанчынай гадоў сарака пяці, хлопцам і дзяўчынай майго ўзросту.

Такі паход па кішэні кожнаму сярэднестатыстычнаму беларусу. Галоўнае — віза, якая абыдзецца прыкладна ў 80 еўра. Большасць сродкаў ідзе на пералёт і правоз багажу. Спаць даводзілася ў палатках.

У гарах.

— Знаёмыя паставіліся да майго падарожжа па-рознаму, — дзеліцца Ганна. — Сяброўкі падзяляюць маё захапленне. Нядаўна яны зрабілі мне цудоўны падарунак — сертыфікат на скаладром. А вось мужа, на жаль, не захапляюць мае інтарэсы. Калі мы браліся шлюбам, я паходамі не цікавілася. Цяпер ён у шоку (усміхаецца). Галоўнае для яго, каб я вярнулася здаровая і без траўмаў. Аднойчы падчас паходу маці даслала мне SMS са словамі «Дачушка, я вельмі ганаруся табою. Я ніколі не адважылася б на такое. Ты малайчына». Гэта былі вельмі прыемныя, натхняльныя словы.

Маршрут быў разлічаны на 12—14 дзён і складаў 120 кіламетраў. Лічба невялікая, але на самой справе ўлічваецца не ўвесь пройдзены кіламетраж, а толькі той, што з нейкімі перашкодамі. Першапачаткова вандроўнікі апынуліся ў Барселоне. «Там растуць мандарынавыя дрэвы! Вось людзі жывуць! — з захапленнем прыгадвае Ганна. — Я паспрабавала дольку — такая горкая аказалася. Гэта былі дэкаратыўныя мандарыны». Астатнія іспанскія гарады, у якія траплялі падарожнікі, былі вельмі малыя, з вузенькімі вулачкамі і старымі капліцамі. Прайсці іх можна за 10-15 хвілін.

Абдымкі з фінішным слупом.

На дзіва, з камунікацыяй праблем не ўзнікала. У Барселоне крыху ведалі англійскую мову і некалькі слоў па-руску. «Я ж на іспанскай гаварыла толькі два словы: hola (прывітанне) і gracіas (дзякуй). Самая лепшая мова — мова жэстаў. Цікавы выпадак, калі нам з дзяўчынай захацелася паласавацца згушчонкай. Мы бегалі па краме са слоўнікам і дамагліся свайго. У гарах сустракаешся з падарожнікамі з розных куткоў свету. Не ведаючы мовы, мы разумелі адзін аднаго: хтосьці па плячы паляпае, хтосьці руку пацісне. Гэта падбадзёрвала».

— Уразіў характар мясцовых жыхароў. Ты сустракаеш людзей упершыню, але яны адкрытыя, шчырыя. Напрыклад, можна было пакінуць на падзарадцы тэлефоны ў кавярні і пайсці на паўтары гадзіны па сваіх справах. У крамах дазвалялі мыць садавіну. Гэта фантастычны народ.

Абдымкі з мясцовай прадавачкай.

У гарах надвор'е было непрадказальнае: тэмпература вагалася ад 12 градусаў удзень да мінус 2-3 ноччу, у перадапошні дзень пайшоў лівень, апошні дзень адзначыўся 15-сантыметровым слоем снегу. «Калі быў лівень, мы схаваліся ў прыгарадным муніцыпальным будынку, — распавядае Ганна. — Праз тры гадзіны да нас падышоў нейкі важны дзядзька і паказаў на выхад. Мы спачатку не маглі зразумець адзін аднаго. У выніку ён завёў нас у свой кабінет, адкрыў інтэрнэт і пачаў штосьці друкаваць па-іспанску. «Гугл» пераклаў — «Я мэр горада». Першая думка — што за лухта! Потым мы зразумелі, што знаходзімся ў будынку мэрыі. Калі мэр даведаўся, што мы падарожнічаем па іспанскіх гарах, ён завёў нас да дырэктара турыстычнага клуба. Той арганізаваў нам месцы для адпачынку на мяккіх спартыўных матах, дазволіў пакарыстацца душам і плітой. Ад грошай гаспадары катэгарычна адмовіліся».

На шляху адважных падарожнікаў былі і непрыемнасці, і нечаканыя радасці. Даводзілася лазіць уздоўж бездані па скалах, трываць жудасны боль ад крывавых мазалёў, пакутаваць ад бессані. Здавалася, яшчэ адзін крок — і ты не здолееш ісці. Але калі гэты крок рабіўся, быццам адкрывалася новае дыханне. Ганна ўсё жыццё баялася вышыні. Высветлілася, што гэта не так. Падарожнікі садзіліся на схіл і цешыліся краявідамі.

Снег - цуд для Іспаніі.

«У гарах я адчула сябе самым здаровым чалавекам: не балелі ні галава, ні сэрца. Я заўсёды знаходзілася ў руху, таму кроў рэгулярна абнаўлялася.

Дзяўчына заўсёды павінна быць моднай — такім прынцыпам кіравалася Ганна, калі збіралася ў паход. Яна зрабіла манікюр пад колер курткі. Інструктар быў вельмі здзіўлены: «Манікюр у паходзе? Ты адзіная такая на маёй памяці», — пракаментаваў ён. Як камічна гэта ні выглядала на пачатку, Ганна была адзіная, у каго не расслаіліся пазногці.

А яшчэ нашым спадарожнікам давялося есці іспанскія далікатэсы і прымаць душ у экстрэмальных умовах.

— Сухая і мяккая пасцель, чыстая вада, гарачы душ — усё гэта людзі пачынаюць цаніць у паходзе, — упэўнена Ганна. — Аднойчы мы купаліся пры тэмпературы два градусы. Гэтая працэдура суправаджалася віскам і крыкам, але я адчувала сябе ў той дзень духмянай ружай. Галаву памыла за ўвесь час два разы: у прыбіральнях сабора і кафэ. У кавярні ракавіна была ўдвая меншая за маю галаву».

Ежа ў паходзе здаецца ў сто разоў смачнейшай за дамашнюю. У нас было чатыры віды гарніру: аўсянка, грэчка, рыс і іспанская макарона. Гатавалі на газавых балонах. У паходзе я палюбіла малако. У гарах нават батон з чаем і рыбныя кансервы ідуць за мілую душу. Паспелі мы паласавацца і іспанскімі далікатэсамі. Такіх сакавітых апельсінаў я ў жыцці ніколі не каштавала. Здзівілі мяне і іспанскія перцы. Адзін перац разразалі на пяцярых, і кожны атрымліваў велізарны скрыль. А які чароўны смак у хамону (вяленага мяса) і іспанскага марозіва!

Сёння Ганна з усмешкай прыгадвае ўсе неверагодныя выпрабаванні, якія ўдалося пераадолець. Але ні пра што не шкадуе. Яе мара — захапіць сваіх дзяцей падарожжамі і хадзіць у паходы разам з імі. Засталося толькі з мужам дамовіцца. — Паход навучыў мяне з двух велізарных заплечнікаў рабіць адзін, — кажа Ганна. — А калі сур'ёзна, я стала ўпэўненай у сабе.

З гасцінным дырэктарам турыстычнага клуба (у цэнтры).

Зразумела, што калі магу паўзці па гарах, то ў жыцці магу горы звярнуць.

Сябар падарыў Ганне на Новы год скрэтч-мапу. На ёй ужо закрэслены Беларусь, Польшча, Расія і Іспанія. Але спыняцца на гэтым дзяўчына не збіраецца. Наадварот — плануе размаляваць яе цалкам.

Застаецца пажадаць Ганне поспехаў у пераадоленні новых маршрутаў. Пасля нашай гутаркі я зразумела яшчэ адну рэч: з такімі адважнымі працаўнікамі трэцяя галіна метро будзе ўведзена своечасова.

Вераніка Уласевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».