Вы тут

Сунічнае лета... можна купіць


Лета — найлепшы час для аздараўлення і адпачынку дзіцяці. Добра, калі вы загадзя паклапаціліся пра тое, як правядзе канікулы ваш сын ці дачка. А калі не... Давайце разам шукаць варыянты дзіцячага адпачынку.


Пікніковы

Сітуацыя, калі няма бабуль, дачы і грошай на «марскую» пуцёўку, не тупіковая, упэўнена маладая мама Ірына Ваўчкова. Адпачынак з дзіцем яна праводзіць у горадзе: «Пакуль я была ў дэкрэце, летнія дзянькі мы бавілі ў парках. Малы купаўся ў фантанах, катаўся на атракцыёнах, мы наведвалі гарадскія фестывалі, музеі.

Цяпер, калі я выйшла на працу, пікнікі ладзім па вечарах і ў выхадныя. Часам нас падбіраюць знаёмыя: пасля працы яны на машыне выязджаюць за горад — шашлык паcмажыць, пакупацца на возеры, парыбачыць».

Пазнавальны

Між іншым, з кожным годам для дзетак, якія вымушаны праводзіць канікулы ў горадзе, розныя камерцыйныя ўстановы прапануюць летнія адукацыйныя паслугі. Школьнікі могуць вывучаць замежныя мовы, праграмаванне, робататэхніку, ладзіць доследы. Разумныя заняткі есць нават для малых. Так, летам бацькам 4-6-гадовых дзетак школы ранняга развіцця прапануюць не толькі падрыхтоўку да школы, але і ўрокі малявання, акцёрскага майстэрства і... фізікі, геаграфіі, хіміі, анатоміі — вядома ж, у займальнай форме. Вось толькі часам уражвае кошт асобных прапаноў. Летняя навука для дзяцей у сталіцы можа каштаваць больш, чым адпачынак дзіцяці за такі ж час у аздараўленчым лагеры.

Прыгодніцкі

Адна справа — вучыцца ў горадзе, іншая — спасцігаць розныя навукі за яго межамі. Так, сёння многія летнікі таксама прапануюць школьнікам розныя пазнавальныя, адукацыйныя праграмы. І спасцігаць на канікулах можна не толькі замежную мову, але і мастацтва, гісторыю, вакал, плаванне, арыентаванне на мясцовасці, скалалазанне, альпінізм. «На лецішчы ў бабулі маёй дачцэ сумна, без сяброў яна там ледзьве вытрымлівае некалькі дзён. А як вяртаецца з летніка — у яе багата расповедаў. Важна толькі адказна падысці да пошуку аздараўленчага лагера, азнаёміцца з тым, якая там база, як падбіраюцца важатыя, што за праграма арганізоўваецца для дзяцей. Шукайце водгукі бацькоў, бо не факт, што ў дарагім летніку, дзе быццам арганізатарамі прадуманы ўсе дробязі, дзіцяці будзе добра», — упэўнена мінчанка Юлія Амельчанка. Сапраўды, сёння можна падабраць для дзяцей цудоўныя месцы адпачынку. У праграме асобных лагераў ёсць экскурсіі, наведванне аквапарка, лазертаг, спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы, майстар-класы, трэнінгі, квесты, падарожжы, сплавы на плытах, катанне на квадрацыклах, катамаранах, рыцарскія турніры. У асобных ствараюцца нават тэматычныя праграмы: напрыклад, хлопчыкі могуць паспрабаваць сябе ў якасці лясных воінаў — яны будуць вучыцца страляць з лука, фехтаваць, засвояць асновы рукапашнага бою і сакрэты выжывання ў лесе.

Ёсць і такія летнікі, для якіх спецыяльна пішацца прыгодніцкі сцэнарый, рыхтуецца рэквізіт, задзейнічаны аніматары. Вось толькі арганізаваныя прыгоды часта каштуюць не менш, чым пуцёўка дзіцяці на мора.

Летнія аздараўленчыя лагеры могуць абысціся ў 2-8 мільёнаў, кошт залежыць ад колькасці дзён, умоў пражывання дзяцей і амбіцый арганізатараў.

Калі ваша дзіця наведвае гурткі ці спартыўныя секцыі, пацікаўцеся, ці не арганізоўваюць клубы і цэнтры дадатковай адукацыі летні адпачынак. Пра яго можна запытацца і ў грамадскіх арганізацыях. Напрыклад, беларускія скаўты кожнае лета збіраюць сваіх сяброў у палатачным лагеры.

Марскі

Калі бацькі не могуць самі вывезці дзіця на мора — не бяда. Сёння турагенцтвы прапануюць арганізаваны дзіцячы адпачынак на марскіх курортах. Прычым тут для дзяўчатак і хлопчыкаў могуць таксама ладзіцца тэматычныя праграмы. Пляжны адпачынак дзіця можа сумясціць з заняткамі замежнай мовай, тэатральнымі рэпетыцыямі і вывучэннем традыцый пэўнай краіны. Часам арганізаваныя групы дзяцей на мора едуць з педагогамі ад спартыўных і танцавальных клубаў; можаце пацікавіцца, ці магчыма і вам туды ўладкаваць сваіх сыноў і дачок.

Сунічны

Добра, калі можна выбрацца на лецішча ў суніцы і іншыя ягады з агарода, лесу. Але не трэба забывацца на гэты варыянт адпачынку, нават калі няма ўласнай дачы.

Пры жаданні можна «купіць» сунічнае лета для дзіцяці — зняць дамок. І добра, калі пры ім яшчэ ёсць агародзік і сад, хаця б тыя ж кусты парэчак. Засяліцца можна як у старэнькую вясковую хату, так і ў абсталяваны катэдж — адсюль і вялікая розніца ў цэнах: ад 200 да тысячы (і болей) долараў за месяц.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.