Вы тут

Школьнікі за бяспечнае сеціва


Беларускія падлеткі абмеркавалі праблемы інтэрнэту з равеснікамі з Японіі і Аўстраліі.


Днямі ў Свіслацкай школе №3 праходзіла міжнародная маладзёжная навукова-практычная канферэнцыя «Этыкетная культура як інструмент для стварэння этычных стасункаў у сацыяльных сетках», прысвечаная Году культуры.

Дарэчы, выбар месца яе правядзення невыпадковы. Свіслацкая школа №3 з'яўляецца адной з пяці ўстаноў адукацыі Гродзенскага рэгіёна, якія рэалізуюць праект «Класны кіраўнік у сацыяльных сетках». У школе створаны віртуальныя рабочыя кабінеты, музеі, наладжана сувязь з вучнямі і бацькамі праз сацыяльныя сеткі. Канферэнцыя стала завяршальным этапам праекта, падчас якога ўдзельнікі дзяліліся вынікамі працы.

Па словах намесніка дырэктара школы па вучэбнай рабоце Ларысы ТУМІЛОВІЧ, падчас форуму працавала некалькі секцый: «Фарміраванне маўленчай культуры ў працэсе стасункаў у інтэрнэт-прасторы», «Камунікатыўная культура ў сацыяльных сетках», «Камп'ютарныя гульні як сацыякультурны феномен», «Сацыяльныя сеткі і сеткавыя супольнасці» і «Міжнародны дыялог у полікультурнай прасторы». Акрамя таго, вучні школы паўдзельнічалі ў анлайн-дэбатах са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Але, пэўна, самай цікавай часткай форуму стаў анлайн-дыялог з вучнямі з Японіі і Аўстраліі, які правёў настаўнік англійскай мовы Вячаслаў КАРАТКЕВІЧ, — удзел у ім толькі з беларускага боку ўзялі каля ста школьнікаў.

— Галоўнай тэмай нашага дыялогу стала абмеркаванне магчымасці выкарыстання інтэрнэту ў якасці не столькі забаўляльнага, колькі адукацыйнага рэсурсу, — расказаў ён. — Самы просты прыклад — вывучэнне англійскай мовы падчас размоў з равеснікамі, якія жывуць за мяжой. Пытанняў было вельмі шмат. Пачалі, напрыклад, з такога: «Чаго ў інтэрнэце больш: плюсаў ці мінусаў?» Сышліся на думцы, што пазітыўнага ўсё-такі больш. Ці вось яшчэ: «Якім чынам інтэрнэт уплывае на адукаванасць дзяцей: яны атрымліваюць больш інфармацыі ці становяцца лянівымі?» Тут ужо ўсё было не так адназначна, бо прыкладаў, калі дзеці замест вывучэння замежнай лексікі карыстаюцца анлайн-перакладчыкамі, вельмі шмат. Вядома, закраналі пытанні інтэрнэт-слэнгу, камп'ютарных гульняў, у якіх зашмат агрэсіі, але гэта традыцыйныя тэмы. А вось школьнікі з Японіі закранулі адносна новую праблему, спытаўшы, ці ёсць у Беларусі з'ява так званага «булізму» (ад англійскага слова «bulle» — «бык») — цкавання, якое дзеці арганізуюць у інтэрнэце супраць вучняў, якія ім не падабаюцца. Безумоўна, падобнае бывае ў самых розных дзіцячых калектывах, але мы прыйшлі да высновы, што для нашай краіны гэта праблема пакуль не такая актуальная.

Ужо чатыры гады настаўнік наладжвае сувязі са школьнікамі з іншых краін, каб яго вучні маглі не толькі практыкавацца ў замежнай мове, але і знаходзіць новых сяброў. За гэты час хлопцы і дзяўчаты са Свіслачы ўжо шмат разоў ладзілі анлайн-абмеркаванні самых розных праблем з замежнікамі, знаёміліся з іншымі краінамі праз расказы сваіх аднагодкаў. Аўстралія, В'етнам, Тайвань, Тайланд, Японія — спіс краін, дзеці з якіх віртуальна «пабывалі» ў Беларусі, пастаянна папаўняецца.

Па выніках канферэнцыі школьнікі склалі адмысловую дэкларацыю, у якой вылучаны галоўныя праблемы грамадства, звязаныя з інтэрнэтам, і вылучаны магчымыя шляхі іх вырашэння. Сярод значных, на думку ўдзельнікаў, праблем — падлеткавая інтэрнэт-залежнасць, забруджванне мовы жарганізмамі, распаўсюджванне небяспечнай інфармацыі, пагроза для канфідэнцыяльных звестак, маўленчая агрэсія і іншае.

lyskavets@zvіazda.by

Фота Рыгора Шыраева

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.