20 Верасень, чацвер

Вы тут

Зробім свет больш зручным


Дапамагчы ў гэтым можа ўніверсальны дызайн.

Аўтобусны прыпынак «Дзіцячая бальніца» на праспекце Кіжаватава ў Мінску. На слупе — шыльдачка з раскладам руху транспарту. Вось толькі вісіць яна так высока, што азнаёміцца з гэтым самым раскладам праблематычна нават людзям з добрым зрокам і зусім нерэальна тым, у каго ён хоць бы трохі зніжаны. Навошта яна тады патрэбная?..


Цяпер у свеце набірае папулярнасць паняцце ўніверсальнага дызайну. Што гэта такое? Часта ўніверсальны дызайн называюць яшчэ «дызайнам для ўсіх», таму што ён закліканы зрабіць навакольнае асяроддзе і прадметы максімальна зручнымі для ўсіх без выключэння людзей.

Прыгледзьцеся як-небудзь да тых, хто ідзе вам насустрач па вуліцы. Сярод мінакоў будзе нямала маладых мам з дзіцячымі каляскамі, падлеткаў, пажылых, тых, хто нясе цяжкія сумкі, ды і проста стомленых людзей. Гэта без уліку яшчэ тых, у каго ёсць інваліднасць...

Паняцце «безбар'ернае асяроддзе» ўжо худа-бедна ўвайшло ў наша жыццё, хоць яшчэ і далёка не цалкам. Архітэктары-практыкі да гэтага часу кажуць, што гэта вельмі нязручныя пытанні. «У нас распрацаваны нядрэнныя дакументы, дзе прапісаны патрабаванні для забеспячэння безбар'ернага асяроддзя. І праекціроўшчык можа яго забяспечыць. Але тут ён уступае ў канфлікт з заказчыкам, якому гэта зусім не патрэбна. Як правіла, заказчыкі ў нас здаровыя людзі, і праблемы інваліднасці іх не цікавяць, таму што гэта дадатковыя выдаткі. Прайдзіцеся па нашых грамадскіх будынках, вакзалах, прыпыначных пунктах... нідзе няма стопрацэнтнай адпаведнасці ўсім патрабаванням», — сказаў «Звяздзе» адзін з праекціроўшчыкаў.

Універсальны дызайн не прыстасаваны для нейкай пэўнай сацыяльнай групы, напрыклад, выключна для людзей з інваліднасцю. У той жа час ён з'яўляецца важным складнікам даступнага асяроддзя і дазваляе палегчыць жыццё не толькі людзям з абмежаванымі магчымасцямі, але адначасова і ўсім астатнім. Бо, напрыклад, на вакзале кожны з нас будзе толькі рады пандусу, па якім лёгка скаціць сумку на калёсіках.

Канцэпцыя ўніверсальнага дызайну пакуль новая для Беларусі і выклікае шмат пытанняў. Ці будуць прафесіяналы арыентавацца на яго? Ці не прывядуць новыя падыходы да падаражэння праектаў? Як узгадняюцца прынцыпы ўніверсальнага дызайну з нашым заканадаўствам?

Спецыялісты адзначаюць, што калі якасна прадумаць праект, то гэта не прывядзе да падаражэння аб'екта. А вось пераробліванне таго, што было пабудавана з парушэннем нарматываў, ужо патрабуе фінансаў.

Часам стварэнне даступнага і камфортнага асяроддзя і зусім не патрабуе выдаткаў — дастаткова, нешта робячы, проста хоць бы на хвіліну ўявіць, ці зручна будзе гэтым карыстацца іншым людзям. І павесіць шыльдачку з раскладам транспарту крыху ніжэй, калі ўжо браць прыклад, прыведзены ў пачатку гэтага артыкула.

На адкрытай дыскусіі, якая нядаўна адбылася ў Мінску, дацэнт кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў БНТУ, аўтар навуковага выдання «Універсальны дызайн адкрытых прастораў, будынкаў і збудаванняў» Наталля Лазоўская зазначыла:

— Сёння ў нас дзейнічаюць нарматывы, поўнае выкананне якіх здольна зрабіць наша асяроддзе зручным і даступным. Архітэктурныя праекты ствараюцца з улікам патрабаванняў даступнасці, але на ўведзеных аб'ектах мы фіксуем парушэнні і неадпаведнасці нормам. У цэлым, калі кажуць аб безбар'ерным асяроддзі, то маюць на ўвазе стварэнне асобных элементаў асяроддзя і забываюць пра сістэмнасць. Вось і атрымліваецца, што ў нас ёсць даступныя пераходы, але яны не ўключаныя ў непарыўную пешаходную сетку. І гэта толькі адзін з прыкладаў. Канцэпцыя ўніверсальнага дызайну — гэта тое, што можа змяніць сітуацыю.

Наогул, трэба памятаць, што кожнаму чалавеку можа спатрэбіцца камфортнае, даступнае асяроддзе, бо мы не становімся маладзейшымі, і заўтра лесвіца ў дваццаць пяць прыступак можа стаць непераадольнай перашкодай для любога з нас.

Дарэчы, за мяжой уласнікі разумеюць выгады даступнасці іх аб'ектаў для ўсіх. Так, ужо падлічана, што прыбытак крамы, якая не мае парога на ўваходзе, вышэй на 15% у параўнанні з той крамай, у якой ён ёсць.

buskо@zvіаzdа.bу

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.