Вы тут

Штраф для «чорнага капальніка» — 50 базавых велічынь


У краіне — больш за 2000 помнікаў археалогіі, больш за 10 000 археалагічных аб'ектаў. На думку распрацоўшчыкаў праекта закона і дэпутатаў, настаў час абараніць гэту спадчыну, што называецца, па-сапраўднаму. У суседняй Расіі для «нелегальных археолагаў» прадугледжана крымінальная адказнасць, але, на думку айчынных заканатворцаў, у нас дастаткова будзе і адміністрацыйнай.


Патлумачыць людзям

Наталля КУЧЫНСКАЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, у размове з журналістамі нагадала, што ў сакавіку гэтага года ў сілу ўступіў Указ Прэзідэнта, які тычыцца аховы археалагічнай спадчыны.

— Гэтым Указам вызначана: усе археалагічныя артэфакты, якія знойдзены выпадкова або не выпадкова, падлягаюць перадачы ў дзяржаўную ўласнасць, — сказала Наталля Кучынская. — Займацца археалагічнымі даследаваннямі, пошукам можа толькі прафесіянал на падставе дазволу, атрыманага ад Нацыянальнай акадэміі навук. Сёння мы працуем над развіццём гэтага Указа і прымаем законапраект, які ўносіць змены і дапаўненні ў некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы археалагічных артэфактаў.

Цікава, што адміністрацыйная адказнасць за незаконны пошук і абарот археалагічных артэфактаў устанаўліваецца на заканадаўчым узроўні ў нашай краіне ўпершыню. Кампетэнцыю па складанні пратаколаў за гэтыя правапарушэнні прапануецца надаць органам унутраных спраў.

На думку дэпутата, ахова археалагічных помнікаў — вельмі цікавае пытанне.

— Яго трэба ўзнімаць на ўзроўні грамадскага абмеркавання, тлумачыць нашым людзям, што незаконная дзейнасць «чорных капальнікаў» наносіць незваротныя страты нашай з вамі спадчыне, — упэўнена Наталля Кучынская.

У якасці асноўнага пакарання за незаконную здабычу і абарот археалагічных помнікаў уводзяцца штрафы.

— У нас прапануецца адміністрацыйная адказнасць, — паведаміла парламентарый. — У гэтым ёсць сэнс, таму што наша задача — прадухіліць і палажыць канец такім з'явам. Таму ў якасці пакарання прапануюцца штрафы і канфіскацыя сродкаў, пры дапамозе якіх адбывалася незаконная здабыча археалагічных артэфактаў, а таксама канфіскацыя знойдзеных «чорным капальнікам» прадметаў. Штраф за незаконны пошук артэфактаў складзе ад 15 да 50 базавых велічынь, за незаконны абарот — 10-30 базавых.

Калі можна спілаваць дрэва?

Дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы прадставілі ў першым чытанні праект закона, ініцыятарамі якога сталі яны самі. Дакумент уносіць дапаўненні і змяненні ў некаторыя законы нашай дзяржавы «па пытаннях абыходжання з аб'ектамі расліннага свету».

Таццяна КАНАНЧУК, намеснік старшыні азначанай Пастаяннай камісіі, паведаміла, што праект закона распрацаваны групай дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з удзелам зацікаўленых дзяржаўных органаў.

— Неабходнасць дакумента звязана з тым, што, перш за ўсё, з 31 снежня гэтага года ўступае ў сілу новы Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь.

Што да практычнага аспекту, то асаблівую ўвагу дэпутаты ўдзялілі ў дакуменце азялененым тэрыторыям.

— Мы ведаем, што, згодна з Законам «Аб ахове навакольнага асяроддзя», азялененыя тэрыторыі агульнага карыстання: паркі, скверы, бульвары — падлягаюць спецыяльнай ахове, — зазначыла Таццяна Кананчук. — Законапраект прапануе такія тэрыторыі агульнага карыстання плошчай 0,1 га і болей абавязкова ўключаць у схемы азялененых тэрыторый гарадоў і адпаведна ўстанавіць пэўныя забароны, абмежаванні на аб'екты расліннага свету, што растуць на гэтых тэрыторыях.

Дакумент прапануе таксама пералік выпадкаў, калі магчыма «выдаленне дрэў, іншых аб'ектаў расліннага свету» без дазволу мясцовых улад.

— Гэта такія выпадкі, як рост раслін на сельскагаспадарчых землях, у межах зямельных участкаў, на тэрыторыях, прадастаўленых для будаўніцтва газаправодаў, нафтаправодаў, кабельных ліній электраперадачы, а таксама калі аб'екты расліннага свету знаходзяцца ў аварыйным стане, у выпадку надзвычайнай сітуацыі, — пералічыла Таццяна Кананчук.

Бяспекай грэбаваць нельга

Ігар ШУНЕВІЧ, міністр унутраных спраў нашай краіны, прысутнічаў на ўчарашняй сесіі Палаты прадстаўнікоў. Адказваючы на пытанні журналістаў пра нядаўняе нападзенне вучня на настаўніцу, ён звярнуў увагу: такі выпадак нетыповы для нашай краіны і ў большай ступені ён сітуатыўны.

— Будзем думаць над тым, як пазбегнуць падобнага ў далейшым ці хоць бы як засцерагчы ад небяспекі педагогаў, — сказаў Ігар Шуневіч. — Ёсць сусветная практыка рэагавання на такія выпадкі, абароны выкладчыкаў — гэта ўнутраная ахова школы, сістэма забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці навучальнай установы, у тым ліку і педагогаў. На жаль, сёння мы грэбуем такімі спосабамі.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.