Вы тут

Адставаць ні ў якім разе нельга


У наступнай пяцігодцы нашай краіне неабходна застацца ў трэндзе сусветнай эканомікі, навукі і прагрэсу.

Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па праекце асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады.


"Стратэгічныя мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця на сярэднетэрміновую перспектыву і меры па іх рэалізацыі вызначаны. Тое, што мы абяцалі людзям у перадвыбарчы перыяд, павінна быць безумоўна выканана. Цяпер трэба азначыць далейшыя практычныя крокі, — падкрэсліў беларускі лідар. — У перадвыбарчую кампанію мы вызначаліся , што павінны зрабіць. І наша праграма, літаральна праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў, не павінна зведаць кардынальных змен, прынамсі, па асноўных стратэгічных момантах".

Прэзідэнт адзначыў, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016-2020 гады будзе галоўным дакументам для абмеркавання на пятым Усебеларускім народным сходзе. "Хацелася б, каб гэта была новая, больш цікавая форма самога дакумента, каб яна насіла жывы характар. Каб гэтая праграма, яе паказчыкі, кожны раздзел былі даступныя не толькі спецыялістам, але і людзям, дзеля якіх мы будзем дасягаць мэт, пастаўленых у гэтай праграме", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"У нас павінны быць рэальныя, але амбіцыйныя мэты. За будучую пяцігодку неабходна не толькі аднавіць страчанае, але пажадана застацца ў трэндзе сусветнай эканомікі, навукі, прагрэсу. Адставаць ні ў якім разе нельга. Мы не павінны адстаць, таму што ў нас ёсць усе для таго, каб прырастаць кожны год. Што для гэтага трэба зрабіць, гэта ў праграме павінна быць вызначана", — заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у праграме неабходна дакладна вызначыць шляхі і механізмы рэалізацыі запланаванага. "Калі, дапусцім, лічба па ВУП, то за кошт чаго? Куды будзем прадаваць прадукцыю, у якім аб'ёме?" — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не збіраемся тут займацца нейкім піярам, - падкрэсліў беларускі лідар. — Нам трэба сапраўды вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць у будучай пяцігодцы. Нам трэба зарыентаваць грамадства. І гэта будзе адкрытая размова улады з прадстаўнікамі народа".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на Усебеларускі народны сход прыедуць дасведчаныя людзі, якія паказалі сябе у працы і ведаюць, чым жыве грамадства. "Гэта будуць прадстаўнікі нашага народа. І з другога боку — улада. Мы адкрыта і сумленна павінны правесці дыскусію, выпрацаваўшы адпаведныя дакументы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Недахопы ў наяўнасці, іх утойваць не трэба. Народ іх бачыць. Усё, што добрае, мы нагадаем, што створана не толькі за пяцігодку, але за перыяд найноўшай гісторыі. Але галоўнае — гэта выпрацаваць стратэгію на пяцігодку", — дадаў Прэзідэнт.

З асноўным дакладам на нарадзе выступаў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт паставіў перад ім некалькі галоўных пытанняў. У прыватнасці, наколькі напружанымі і дасягальным з'яўляюцца мэтавыя ўстаноўкі, прапанаваныя для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе; якія маюцца інструменты для пераадолення дапушчанага ў мінулай пяцігодцы адставання; што варта распачаць для выхаду на ўстойлівую траекторыю эканамічнага росту хаця б на ўзроўні сярэднесусветнага — 2,5-3,5% за год.

"Пры гэтым не трэба даваць залішне песімістычныя ацэнкі, па інерцыі скочваючыся на ўзровень мінулых гадоў. Ніякага песімізму!" — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што за час, які застаўся да пятага Усебеларускага народнага сходу, адбудзецца яшчэ не адна сустрэча па пытанні яго правядзення і падрыхтоўкі: "Гэта наш экзамен, сур'ёзны экзамен. У найбліжэйшай будучыні мы будзем абмяркоўваць розныя моманты на розных узроўнях".

На нарадзе, якая працягвалася каля трох гадзін, разгарнулася актыўная дыскусія, абмеркаванне было вельмі прадметным і падрабязным. Па сутнасці, унесены Прэзідэнту праект асноўных палажэнняў праграмы развіцця на пяцігоддзе быў кампрамісным дакументам, выпрацаваным з удзелам урада, маніторынгавай групы на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый. Па ходзе нарады свае заўвагі і прапановы выказвалі кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, Нацыянальнай акадэміі навук, губернатары. Падрабязна абмеркаваны асноўныя параметры планавання эканомікі. Пры гэтым галоўная мэта пяцігодкі — збалансаванае развіццё краіны.

Адзначана, што ў прапанаваных падыходах прысутнічае разумны баланс пераемнасці і навізны. Аднак яшчэ неабходна работа па канкрэтызацыі тактыкі і механізмаў дасягнення пастаўленых мэт. Сярод ўзгодненых прыярытэтаў — эфектыўныя інвестыцыі, занятасць і экспарт.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб у канчатковым выглядзе праект праграмы быў канкрэтным і зразумелым для ўсіх планам практычных дзеянняў, адзначыўшы, што "тое, што сёння прапанаваў урад — гэта аснова, на якой далей павінна быць пабудавана праграма, выпрацаваная сумесна". На дапрацоўку праекта адведзена 10 дзён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».