Вы тут

МЗС нашай краіны станоўча ацэньвае вызваленне ўкраінскай лётчыцы


Беларусь вітае той факт, што Расійская Федэрацыя і Украіна знялі з парадку дня адно з пытанняў. Пра гэта падчас чарговага брыфінгу заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзмітрый МІРОНЧЫК, адказваючы на пытанне журналісткі наконт вызвалення ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.


Адным пытаннем менш

Па словах дыпламата, гэта пытанне «на працягу доўгага часу з'яўлялася перашкодай для прадметнага абмеркавання шляхоў рэалізацыі мінскіх пагадненняў і прасоўвання па шляху мірнага ўрэгулявання на ўсходзе Украіны». Ён таксама выказаў спадзяванні, што гэта падзея «пазітыўна адаб'ецца на ўсім перагаворным працэсе».

— Беларускі бок будзе максімальна садзейнічаць далейшай працы трохбаковай кантактнай групы і рабочых падгруп, забяспечыць усе неабходныя ўмовы для працягу мінскага працэсу, каб у наш рэгіён як мага хутчэй вярнуўся мір, — сказаў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.

Ва ўласнай бяспецы мы самі зацікаўлены

Дзмітрый Мірончык таксама больш падрабязна расказаў пра нядаўнюю сустрэчу Уладзіміра Макея, міністра замежных спраў, з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі па энергетычным саюзе Марашам Шаўчовічам.

— На гэтай сустрэчы размова ішла аб энергетычным дыялогу Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага саюза, аб энергетычнай бяспецы ў рэгіёне ў цэлым і ў Беларусі ў прыватнасці, — паведаміў прэс-сакратар МЗС. — Натуральна, закраналася пытанне аб будаўніцтве Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Мы цесна працуем з міжнароднымі арганізацыямі, з усімі без выключэння, хто займаецца гэтым пытаннем. Гэта і Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі, гэта і Сусветная асацыяцыя аператараў АЭС, а таксама, натуральна, Еўрапейская камісія і іншыя партнёры. Маем намер падобным чынам дзейнічаць і надалей.

Што да чарговага каментарыя літоўскага міністэрства замежных спраў наконт бяспекі на Астравецкай АЭС, то Дзмітрый Мірончык падкрэсліў:

— Літоўскі бок фактычна займаецца тым, што публічна заклікае нас зрабіць крокі, якія мы і без гэтага рабілі, робім і будзем рабіць. Прычым, падкрэслю, мы гэта робім па ўласнай ініцыятыве, таму што сама Беларусь, як ніхто іншы, зацікаўлена ў бяспецы будучай станцыі і ў яе адпаведнасці міжнародным стандартам.

Консульствы ў сацыяльных сетках

Прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства праінфармаваў пра 23-е пасяджэнне Кансультатыўнага савета консульскіх службаў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Мерапрыемства прайшло ўчора ў Бішкеку, сталіцы Кыргызстана, які сёлета старшынствуе ў СНД.

Як паведамляецца, на пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні абароны інтарэсаў грамадзян на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц СНД. Удзельнікі мерапрыемства абмяняліся вопытам па эвакуацыі людзей з «гарачых кропак», у выпадку стыхійных бедстваў, надзвычайных сітуацый, тэрарыстычных актаў і іншых крызісных з'яў. Таксама абмяркоўвалася і выкарыстанне сацыяльных сетак у консульскай дзейнасці.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Бліжэй да міру

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.