Як можна падтрымаць чалавека, што стаў беспрацоўным? Як стварыць умовы для таго, каб ён мог захаваць звыклы ўзровень жыцця на той перыяд, калі шукае новую работу? Рашэннем гэтага пытання і можа стаць страхаванне па беспрацоўі.
Калі браць сусветную практыку, то сёння каля 72 краін выкарыстоўваюць сістэму страхавання па беспрацоўі (па звестках Міжнароднай арганізацыі працы). Яе мэта простая: у выпадку страты работы чалавек павінен мець на нейкі час «падушку бяспекі». Гэта значыць вас звольнілі, але пры гэтым вы будзеце штомесяц атрымліваць суму, не намнога меншую за вашу зарплату.
Як сведчыць сусветны вопыт, каб атрымаць гэтую дапамогу, неабходна выкананне некалькіх умоў. У першую чаргу ацэньваецца папярэдні досвед працы, яго працягласць, а таксама ці адбывалася выплата страхавых унёскаў. Акрамя таго, чалавек павінен мець афіцыйны статус беспрацоўнага і актыўна шукаць новае месца для працаўладкавання. Яшчэ адзін момант: той, хто звольніўся па ўласным жаданні, права на такую дапамогу можа і не мець.
У большасці краін памер выплачваемай дапамогі вызначаецца ўзроўнем сярэдняга заробку, які быў да таго, як чалавек стаў беспрацоўным. Перыяд, за які разлічваецца сярэдні заробак, можа складаць год (Францыя, Чылі), 5-6 месяцаў (Канада, Аргенціна, Японія), 3 месяцы (Манголія, Данія) ці нават 1 месяц (Бельгія).
Пачатковая стаўка кампенсацыі таксама вар'іруецца. У большасці краін яна складае каля 50% ад папярэдняга заробку (Аргенціна, Карэя, Эстонія, ЗША), аднак можа быць і вышэй (Германія, Францыя), нават дасягаць 90% (Данія). Пры гэтым многія краіны выкарыстоўваюць паніжальную з часам стаўку кампенсацыі (Аргенціна, Чылі, Швецыя, Эстонія).
Мінімальны перыяд выплаты ў некаторых краінах складае толькі 3 месяцы (Бразілія, Манголія, Канада), у іншых выплаты праводзяцца як мінімум 6 месяцаў (Германія, Італія), а ў некаторых не менш за 1-2 гады (Данія, Швецыя). Максімальны перыяд выплат зноў жа адрозніваецца: ад 3-5 месяцаў (Манголія, Чэхія) да 3 гадоў (Партугалія).
* * *
У прыватнасці, у бліжэйшай нашай суседкі — Латвіі дапамога па беспрацоўі разлічваецца ў залежнасці ад працягласці страхавога стажу. Як паведаміла дырэктар Дэпартамента сацыяльнага страхавання Міністэрства дабрабыту Латвіі Яна Муіжніецэ, калі страхавы стаж меншы за 9 гадоў, дапамога вызначаецца ў памеры 50% ад сярэдняй зарплаты, калі ён складае 10-19 гадоў — 55%, 20-29 гадоў — 60%, звыш 30 гадоў — 65% сярэдняй зарплаты. Сума выплат ажыццяўляецца з разліку сярэдняга заробку за папярэднія 12 месяцаў. Пры гэтым сістэма выплаты дапамогі па беспрацоўі мае абмежаванні па працягласці, што павінна стымуляваць чалавека на актыўны пошук працы.
Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун адзначае: «На маю асабістую думку — гэта прагрэсіўная сістэма. Мы вывучаем сітуацыю і ў канцы года плануем даць прапановы ўраду па гэтай тэме. Але, вядома, галоўнае пытанне: хто будзе плаціць страхавыя ўнёскі і ў якім памеры? Наўрад ці ў нас атрымаецца пабудаваць сістэму абароны ад беспрацоўя, якая будзе рэальна функцыянаваць без дапамогі працадаўцаў і работнікаў.
* * *
24 мая па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адбыўся «круглы стол» па абмеркаванні перспектыў укаранення новых відаў сацыяльнага страхавання — страхавання па беспрацоўі і страхавання на выпадак страты заробку з прычыны неплацежаздольнасці (банкруцтва) наймальніка. У ім узялі ўдзел міжнародныя эксперты, прадстаўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, эканомікі, фінансаў, Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнай акадэміі навук, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Па выніках работы «круглага стала» будуць выпрацаваны прапановы, якія прафсаюзы накіруюць ва ўрад, а таксама ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2017 год. Таксама вынікі работы круглага стала будуць разгледжаны на адным з маючых адбыцца пасяджэнняў Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.
Дарэчы
Колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на 1 красавіка 2016 года — 53,5 тысячы чалавек.
Укараненне механізму страхавання па беспрацоўі і павелічэнне дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню бюджэту пражытковага мінімуму прадугледжваецца праектам Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці і сацыяльнай абароны на 2016–2020 гады.
Асноўныя прынцыпы страхавання ад беспрацоўя — трохканальная сістэма фінансавання страхавых фондаў (работнікі, працадаўцы, дзяржава), значная ступень цэнтралізацыі страхавых фондаў, высокі ўзровень сацыяльнай абароны і страхавых дапамог.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.