Вы тут

Пра супадзенні, якія не бываюць выпадковымі


На мамінай радзіме, у Кукшавічах, што недалёка ад Станькава, мы бываем цяпер толькі раз на год — увесну на Радаўніцу. У самой вёсцы ўжо ні далёкай, ні блізкай радні не засталося, затое на мясцовых кладах іх — цэлая вуліца Клімовічаў. Я заўсёды па дарозе на тыя надзвыйчай светлыя (сапраўдны бярозавы гай, пранізаны сонечнымі промнямі) могілкі думаю пра повязі, якія трымаюць нас за продкаў, адно за аднаго; пра супадзенні, якія не бываюць выпадковымі; пра памяць, якая перадаецца на падсвядомым узроўні наступным пакаленням. Пра людзей, якія сустракаюцца, знаёмяцца, ідуць па жыцці, ужо ведаючы адзін пра аднаго, але не здагадваючыся, што яшчэ да іх нараджэння было нешта, што калі не прадвызначыла іх сустрэчу, дык накрэсліла ў летапісе іх роду агульную старонку.


Машына імчала праз сонечнае майскае ранне, і ўбачанае па дарозе, прыгаданае, адчутае склалася ў выкшталцоны, але абсалютна лагічны ланцужок.

Вось вёска Скірмантава, амаль родная — тут жыве брат; сюды, у саўгасны дом культуры хадзілі за сем кіламетраў на дыскатэку. Вёску разам з жыхарамі ў 1943-м спалілі фашысты, у памяць пра гэта цяпер на плошчы стаіць мемарыял. Як гэта было, я чула ад жывога сведкі — Баляслава Феліцыянавіча Цехановіча. Ён, падлетак з суседніх Вертнікаў, у той спякотны дзень пасвіў паблізу кароў, і стаіўшыся ў хмызах, з жахам назіраў, як зганялі людзей у адрыну, як пасля падпалілі, як успыхвалі, бы свечкі, саламяныя стрэхі на хатах...

Расказаў мне гэта Баляслаў Феліцыянавіч далёка ад нашай з ім радзімы — у Моўчадзі, вёсцы на мяжы Баранавіцкага і Дзятлаўскага раёнаў, дзе ён жыў і працаваў. Мяне туды — у госці да дзеда з бабкай — запрасіла аднакурсніца Ірына (сама яна родам з Магілёўшчыны, з Крычава), з якой пасля сталі па жыцці найлепшымі сяброўкамі. З яе дзедам Болесем пра нашы родныя мясціны, пра трагедыю Скірмантава мы прагаварылі тады ўвесь вечар. І дзіўна і незвычайна было ўсведамляць, як пакручастыя сцяжыны лёсу вывелі нас адно да аднаго, можа, толькі дзеля таго, каб ён мог расказаць менавіта мне, якая магла не зразумець — дэталёва ўявіць — тое, што бачыў улетку 43-га...

Гадоў дзесяць спіць на каталіцкіх маўчадскіх могілках дзед Болесь, сама Ірына каторы год святкуе дзень Перамогі ў Берліне, а я назаўтра пасля свята еду праз Скірмантава, праз Вертнікі, праз Койданава да сваёй бабулі Надзеі. Яе разам з аднавяскоўцамі фашысты ганялі капаць магілу койданаўскім яўрэям. Бабуля, жонка чырвонага камандзіра, з дваімі малымі дзецьмі-пагодкамі цудам засталася жывой у пекле той вайны. Але гэты эпізод — калі над вялікай ямай, што яны выкапалі пад аўтаматамі, пасля два дні варушылася зямля і чуліся стогны — быў, здаецца, самы страшны ў яе ўспамінах. Яна нам, малым яшчэ, часта пра гэта расказвала. Дзеля чаго? Проста: каб помнілі.

А можа, не так проста? Можа, дзеля таго, каб ужо праз дваццаць гадоў, як яе не стала, праз шэсцьдзясят гадоў пасля вайны, пазнаёміўшыся у Маскве з Сямёнам Рубіным, таксама журналістам, добрым, таленавітым хлопцам, я магла яму гэта расказаць? Бо, як высветлілася, менавіта там, у койданаўскай магіле ляжаць ягоныя дзед і бабуля... З Сямёнам з таго часу мы добрыя прыяцелі, летась ён прыязджаў у Мінск, мы разам ездзілі ў Койданава. І, памятаю, доўга пасля разважалі пра тое нешта, што накрэслівае ў летапісах зусім розных, не знаёмых да пэўнага часу людзей агульныя старонкі яшчэ да іх нараджэння...

Калісьці амерыканскія псіхолагі прыдумалі тэорыю шасці поціскаў рукі, згодна з якой любыя два чалавекі на планеце знаёмыя паміж сабой праз ланцужок агульных знаёмых, які ў сярэднім складаецца з пяці чалавек. Не ведаю, наколькі яна правільная, але, калі яна сапраўды працуе, бадай што для кожнага, хто мае дачыненне да Беларусі, адным з гэтых шасці поціскаў абавязкова будзе поціск мінулай вайны. І так будзе, я думаю, яшчэ не з адным пакаленнем. Ты можаш пра гэта нават не здагадвацца, а яна дыхне раптам холадам у самы твар і зазірне ў вочы пустымі вачніцамі.

Дзеля чаго? Вось тут, здаецца, сапраўды проста: каб помнілі.

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Шосты поціск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».