Вы тут

Юрый Ярошык: «Самае цікавае ў маёй працы — гісторыі іншых людзей»


Упершыню нагодай для знаёмства з гэтым маладым рэжысёрам Белтэлерадыёкампаніі стаў яго праект «Раскадроўка», які пэўны час ішоў у эфіры «Беларусь 1». Потым за яго ростам можна было сачыць па праектах «Беларусь LІFE», «Сімвал Перамогі», яго аўтарству належаць промаролікі для «Еўрабачання», абноўленай праграмы «Добрай раніцы, Беларусь!», да 70-годдзя Вялікай Перамогі «Такая Перамога ёсць не ў кожнага народа». Таму мы зноў сустрэліся з Юрыем Ярошыкам, каб пагаварыць аб працоўных буднях, уражаннях і набытках, якія застаюцца па-за кадрам.


У ванд­роў­ках  ён ні­ко­лі не ся­дзіць на ад­ным мес­цы.

— Нядаўна ў эфіры стартаваў новы сезон праекта «Нашы»...

— У гэтай праграме было шмат розных адгалінаванняў. Калі ўспомніць, то першыя яе героі — простыя людзі, якія жывуць побач з намі. Потым рабілі цыкл, прысвечаны Алімпійскім гульням і беларускім спартсменам, — «Нашы чэмпіёны», героям мінулых часоў «Нашы. Рэтра», былі і «Нашы ў свеце». Цяпер сезон называецца «Нашы таленты», і ў ім выпускі будуць прысвечаны беларускім музыкантам. Пачалося ўсё 11 мая з гісторыі Аляксандра Іванова (Іvan) напярэдадні яго выступлення на «Еўрабачанні». Працягнулася — гісторыяй групы «Би-2». Нам удалося здабыць эксклюзіў — мы знайшлі дзяўчыну, якой прысвечана песня «Мой рок-н-рол» у Бабруйску (там нарадзіўся Шура з гурта). Таксама даведаліся, хто напісаў, акрамя саміх салістаў, песні «Варвара», «Дурочка», «Корабль плывет». Наперадзе гледачоў чакаюць цікавыя гісторыі пра гурты «Без білета», «Серебрянная свадьба», раскажам таксама пра маладога артыста Клоўна Ракету.

— Ці не зменіцца працягласць выпускаў, каб расказваць новыя гісторыі?

— Хранаметраж у нас застанецца, як і раней, 15-хвілінным. І, вядома, што пры такой абмежаванасці ў часе многімі цікавымі момантамі здымак, фактамі даводзіцца ахвяраваць. З некаторымі артыстамі нам удавалася доўга размаўляць. Пра таго ж Іvana можна проста гадзінны фільм выдаваць, бо шмат здымалі яго ў сувязі з падрыхтоўкай да конкурсу. Сустрэча і праца з «Би-2» праходзіла зусім у іншай атмасферы. Нам сказалі, што маем пяць хвілін... Таму мы выстаўлялі дэкарацыі і аб'ядноўвалі прэс-канферэнцыю з нашым інтэрв'ю, каб здабыць фактуру. А потым іх дырэктар зрабіў нам прапанову паехаць з артыстамі ў Бабруйск, дзе гурт у той дзень даваў канцэрт. І дзякуючы гэтаму мы ўбачылі школу, музычнае вучылішча, у якіх вучыўся Шура. Пазнаёміліся з тымі людзьмі, з кім ён пачынаў свой шлях у музыцы, а потым ужо літаральна перад канцэртам запісвалі з артыстамі гутарку ў калідоры, калі ў іх выдавалася вольная хвілінка.

— Чым прываблівае цябе праца над праектам «Нашы»?

— У ім я зараз задзейнічаны як аўтар і рэжысёр. І праект «Нашы» мне падабаецца перш за ўсё з-за таго, што няма нічога больш цікавага, чым гісторыі іншых людзей. Калі мы толькі пачыналі яго рабіць, то я адразу прапанаваў калегам, каб мы стваралі яго ў выглядзе дакументальных фільмаў, дзе знікне ўвесь закадравы тэкст, а застанецца толькі жывая гутарка з героямі і людзьмі, якія іх ведаюць. І потым, пераглядаючы мінулыя выпускі, я разумеў, што няма нічога лепшага для мяне, чым па крупінках збіраць гісторыі сваіх герояў. Я лічу гэты праект больш рэжысёрскім, чым журналісцкім, бо робім мы сапраўднае дакументальнае кіно, а не рэпартаж.

— Маючы магчымасць працаваць і ў кадры, і па-за кадрам, дзе за гады працы на тэлебачанні адчуваеш сябе больш упэўненым?

— У якасці вядучага мару, што змагу аднойчы працаваць у ранішняй праграме накшталт «Добрай раніцы, Беларусь!» альбо ў вячэрнім шоу. А рэжысурай я сёння займаюся непасрэдна, ствараючы промаролікі, дакументальныя праекты. І, вядома, працуючы ў прамым эфіры, атрымліваеш неверагодны драйв, але ў ролі рэжысёра маеш магчымасць дзяліцца сваім бачаннем праз тое, што адбываецца на экране. У мяне часам нават здараюцца выпадкі, калі мяне просяць, знаходзячыся ў кадры, «выключаць» рэжысёра. Тады вельмі важна разняволіцца і зразумець, што за камерай працуюць таксама прафесіяналы, аператары, рэжысёры, якія маюць свае погляды, і даверыцца гэтым людзям. Напрыклад, падчас здымак у Грузіі мы працавалі з камандай праекта «Арол і рэшка» і там мне было камфортна, бо я арыентаваўся зрабіць тое, чаго ад мяне патрабавалі. Таму хоць у рэжысёра і больш свабоды для творчасці, але разам з тым і адказнасць на тваіх плячах зусім іншая...

На «Еў­ра­ба­чан­ні-2016» вя­ду­ча­га час­та пры­ма­лі  за эс­тон­ца Юрыя По­атс­ма­на.

— Дарэчы, ці плануецца працяг праекта ў стылі «Вандроўкі па Грузіі»?

— Падчас здымак згаданага праекта я спасціг вельмі важную рэч: больш важнымі за інфармацыю з'яўляюцца эмоцыі. У наш час, калі тэлебачанне сыходзіць у інтэрнэт, ты разумееш — калі ты не зачапіў тэлегледача, то ён пераключыць ролік, а значыць, трэба даць яму эмоцый па максімуме і быць жывым і натуральным у кадры. Тады тэлеглядач зацікавіцца і знойдзе тое, што шукае, у тым ліку і новую, карысную для сябе інфармацыю. Мне хочацца летам прыкладна ў такім жа фармаце зрабіць праграму пра падарожжы па Беларусі. Бо, па-першае, адпачываць за мяжой цяпер дарагавата, а, па-другое, не заўсёды бяспечна. І таму я хачу пераканацца і паведаміць іншым, што ўсё, што мы шукаем у Еўропе, ёсць і тут. Разумею, што сёння існуе шмат праграм пра падарожжы, але хочацца зацікавіць гледача сваім маршрутам, эмоцыямі...

— Работа над праектам «Падарожжа па Грузіі», відаць, добра цябе натхніла...

— Перш за ўсё, там я прайшоў для сябе абсалютна новую прафесійную школу. У нас былі здымкі летняй і зімняй Грузіі. Памятаю, у першы здымачны дзень я пачаў агучваць нейкую адпаведную, як мне здавалася, інфармацыю, і тут мне ў адказ — не тое! Нам патрэбны эмоцыі, жывыя каментарыі! І вось два тыдні работы з новай камандай далі мне проста неверагодны вопыт. Папрацаваць удалося і ў гарах, і ў пустыні, ў горадзе, і на моры... Адчуванне — быццам пабываў адразу ва ўсіх кліматычных зонах. Можна сказаць, я прымяраў на сябе ролю экстрэмальнага вядучага і на любыя прапановы здымачнай групы ці то гатаваць, ці купацца альбо залезці кудысьці згаджаўся і ўвасабляў у жыццё. Нават неаднойчы з сябе жартаваў, што людзі прывозяць з падарожжаў магніцікі, а ў мяне замест іх на целе шрамы.

— Якія рэцэпты асвоіў у працэсе здымак?

— Што тычыцца грузінскай кухні, то я многія стравы навучыўся гатаваць. Шашлык, хінкалі, хачапуры па-аджарску, па-кахецінску, па-кутаіску, па-длісцку, па-мецінску (у іх там у кожным рэгіёне свой рэцэпт), таксама ўмею цяпер адціскаць віно, вытрымліваць яго... Думаю, калі што, — можна смела адчыняць свой рэстаранчык грузінскай кухні. Стаў такім беларускім грузінам.

— Увогуле, калі ты падарожнічаеш, то што для цябе найбольш важна — знаёміцца, каштаваць ежу ці глядзець краявіды?

— Самае лепшае для мяне — гэта знайсці варыянт, дзе будуць спалучацца пляжны адпачынак і таксама магчымасць знаёміцца з новымі людзьмі, даведвацца пра іх жыццё, смакаваць мясцовую кухню і любавацца тым, што засталося ім у спадчыну ад продкаў.

— Ведаю, што ты не адзін год ездзіш на «Еўрабачанне» ў складзе здымачнай групы. Якая атмасфера гэтага конкурсу знутры?

— Гэта было ўжо пятае песеннае спаборніцтва, асвятленнем якога я займаўся. Мне «Еўрабачанне» нагадвае алімпіяду з тым толькі адрозненнем, што там тэлегледачы могуць уплываць на вынікі, а не проста «хварэць» каля экранаў. І да прадстаўнікоў Беларусі там ставяцца заўсёды добра. А нашы артысты дастойна выступаюць. Сёлета ўсе — ад прадзюсараў з розных краін да арганізатараў — былі шакіраваны ад таго, што Іvan не прайшоў у фінал. Нумар быў па-сапраўднаму класны! Вядучы шоу Монс Самерлёв нават зрабіў рэверанс у наш бок, калі выйшаў на сцэну аголены і з цацачным ваўком. Пра нашага прадстаўніка пісалі выданні ва ўсім свеце, у тым ліку амерыканскі GQ, Guardіan, BBC, а значыць, успаміналі Беларусь, а гэта галоўнае.

Калі казаць пра эмоцыі падчас прагляду шоу, то там адбываецца нешта неверагоднае. Напрыклад, калі ў свой час выступала Ларын, то ў глядзельнай зале панавала сапраўдная эйфарыя. Альбо сёлета, можна сказаць, быў проста бум тэхналогій: праекцыя з ценямі ў Ісландыі, першая галаграма на конкурсе ад Беларусі, шоу з 3d-мапінгам ад Расіі... Але ў выніку перамагла эмоцыя Джамалы з песняй «1944» — дарэчы, адзіная кампазіцыя, ад якой у мяне бегалі мурашкі. Яшчэ мяне ўвесь час блыталі з прадстаўніком Эстоніі Юрыем Поатсманам, мы нават цёзкі. І варта было Яўгену Перліну пра гэта згадаць у каментарыі візіткі канкурсанта, як пачалося... Потым да мяне падыходзілі і пыталі, чаму я не прайшоў у фінал. І так цудоўна, калі ёсць магчымасць убачыць закуліссе такога песеннага форуму і адчуць яго атмасферу. Але для мяне галоўнае, што ўбачаць тэлегледачы. Мне як тэлевізійніку вельмі падабаецца, як там працуе каманда арганізатараў самога шоу. У іх усё распісана па хвілінках, пачынаючы ад рэпетыцый і заканчваючы фінальным выступленнем канкурсантаў. Кожны крок, рух адбываецца зладжана і дакладна. На такое варта паглядзець кожнаму прафесіяналу, які працуе на тэлебачанні.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».