Вы тут

Дзень адчыненых дзвярэй прайшоў у Вялікім тэатры


Аргенцінскі Буэнас-Айрэс ці астравок Прочыда на поўдні Італіі нагадваў Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь на днях — з-за маляўнічасці, наслаення гукаў і фарбаў, наплыву гасцей. Што адбываецца? Дзень адчыненых дзвярэй, прымеркаваны да дня нараджэння тэатра, 25 мая прайшоў у Вялікім ужо другі раз. 83 гады — узрост немаленькі. А юнацкага запалу яшчэ хоць адбаўляй.


Што ад­бы­ва­ец­ца ў гры­мёр­цы?

Колькі пражэктараў асвятляюць спектаклі? Чаму тканіна для стварэння заслоны вымяраецца ў... кіламетрах? Хто кіруе рухам дэкарацый? Музыкай з балета «Лебядзінае возера» ўрачыста стартаваў час адказаў на ўсе пытанні.

Для дзяцей гэты дзень стаў такім жа моцным па адчуваннях, як, напэўна, быў бы, калі трапіць у Залюстроўе Кэрала. Калі яшчэ ёсць магчымасць спакойна зазірнуць за кулісы, сузіраючы неверагодны рэквізіт і дэкарацыі, паслухаць урокі вакалу і пастаяць за станком, як балерына? 21 экскурсавод (на сем больш, чым мінулы раз) расказвалі пра гісторыю, таямніцы, цікавыя дробязі тэатральных будняў.

Пяць гадзін і тры тысячы дзвярэй. Схаваныя на самым версе і ў нетрах творчыя цэхі. Можна пабываць у аркестравай яме і ўзляцець амаль да столі. А там — гіганцкая люстра вагой амаль паўтары тоны! Летась праз усе куткі опернага прайшлі ледзь не дзве тысячы чалавек, гэтым разам — больш за тры. Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Уладзімір Грыдзюшка сказаў, што дзверы не зачыняюцца нават перад тымі, хто не паспеў запісацца ў групу. Такі прынцып.

Людзі прыехалі з усёй Беларусі. Кіраўнік опернага праанансаваў самыя прыкметныя мерапрыемствы, што пройдуць у найбліжэйшы час. Трэці міжнародны фестываль «Балетнае лета ў Вялікім» пройдзе з 11 па 18 чэрвеня, адкрыўшыся прэм'ерай Палада Бюльбюль-аглы «Каханне і смерць» па нацыянальным азербайджанскім эпасе ў пастаноўцы харэографа Вольгі Костэль. Балет пройдзе і другі раз у завяршэнне сезона. А ўжо з 24 па 26 чэрвеня прагрымяць «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» у Нясвіжы.

Рэ­кві­зіт і кас­цю­мы — у воль­ным до­сту­пе.

Адным з самых цікавых пунктаў у праграме дня адчыненых дзвярэй сталі творчыя сустрэчы з галоўнымі людзьмі тэатра ў камернай зале імя Александроўскай, якія доўжыліся аж да самага вечара. Галоўны рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ, дырыжор Віктар Пласкіна, кіраўнік балетнай трупы Юрый Траян, мастацкі кіраўнік калектыву «Беларуская капэла» Віктар Скарабагатаў, галоўны хормайстар Ніна Ламановіч — гэты спіс сам па сабе выклікае захапленне. Такая практыка, дарэчы, праходзіць упершыню.

Іншых зорак, напрыклад вядучых салістаў, таксама можна было сустрэць  падчас выпадковага шпацыру па калідорах альбо ў грымёрцы, на сцэне.

Пазнаваўча было паназіраць, як працуюць тыя, хто стварае вобраз артыстаў, грымёры, а таксама бутафоры. Звычайныя працоўныя дні, твары, якія крыху стаміліся, але ў вачах іскрынкі — у творчай абстаноўцы не засумуеш. Заходзім на Малую сцэну, а там — самая сапраўдная рэпетыцыя... «Вітаўта». Спачатку пастаноўку праганяюць па частках, потым тут жа — цалкам. Рэпетыцыйная зала таксама не пустуе — балерыны адпрацоўваюць свае па з «Сямі прыгажунь».

У харавым класе атрымлівалі асалоду ад Антоніа Вівальдзі ў выкананні трыа са скрыпкі, флейты і кантрабаса. А вось салістку Вялікага Таццяну Траццяк было не пазнаць — на некалькі хвілін Лэдзі Макбет, Сюзанна і Аіда ператварыліся ў сціплую, але настойлівую і, бачна, вельмі прафесійную жанчыну-педагога. У яе трэнінг уваходзіла механіка здабывання гукаў — вельмі працаёмкі працэс, які цесна завязаны на ўнутраным стане выканаўцы і ўменні літаральна «жангліраваць» дыхальнымі працэсамі.

Ан­то­ніа Ві­валь­дзі ў вы­ка­нан­ні трыа са­ліс­таў —  скрып­ка, флей­та і кант­ра­бас.

У фае выконвалі песні. Гэта маленькія і юныя артысты з Дзіцячага музычнага тэатра-студыі, якая ўваходзіць у склад опернага, а яго ўдзельнікі і вучацца, і ўдзельнічаюць у пастаноўках. Віктарыны, казачныя інтэрактыўныя спектаклі... Можна было сфатаграфавацца нават каля сакуры, з веерам або ў шапцы Манамаха, на троне ці каля вынаснога грымёрнага цэха. А таксама... паназіраць за стварэннем карцін. Зона з мастакамі (студэнты каледжа імя А.К. Глебава) выглядала адной з тых, дзе творчая атмасфера была насычана да такой ступені, што, увайшоўшы ў зону з мальбертам, хацелася кінуць усё і маляваць чароўную незнаёмку, якая пазіравала непадалёк. Загадаць жаданне, скарыстаўшыся дабрынёй Васілісы Прыгожай? Паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе балетак або оперным спеве? Убачыць рэдкія архіўныя дакументы і афішы? Ды без праблем!

Нагадаем, што Вялікі тэатр оперы і балеты Рэспублікі Беларусь быў створаны ў 1933 годзе. Сёння ў яго рэпертуары — 71 спектакль і каля 1000 работнікаў. Урачыстасці скончыліся ўвечары, але яшчэ адну «партыю« гледачоў чакала пышная опера «Кармэн». Сімвалічна, бо менавіта ёй Вялікі адкрыў свой першы сезон ужо амаль стагоддзе таму... Падаецца, што дні адчыненых дзвярэй у оперным, хоць і праходзяць толькі другі год, ператворацца ў яшчэ адну добрую тэатральную традыцыю.

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Оперны здымае маскі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».