Вы тут

Спатканне ўсляпую


У аўторак я сустракалася з хлопцам з сайта знаёмстваў. Вечар атрымаўся. Напэўна, сышліся зоркі або проста дапамагла вывучаная ўздоўж і ўпоперак «інструкцыя да першага спаткання з віртуальным жаніхом».


Людныя месцы і святло

На спатканне Сяргея я паклікала сама: надакучыла глядзець у манітор камп'ютара. Пабачыць, як выглядае размоўца ў жыцці, адважылася на трэці дзень нашай перапіскі.

— Неяк у нас усё хутка закруцілася. Звычайна я з дзяўчатамі прыкладна пасля двухсотага паведамлення сустракаюся, а тут толькі 54, — пачаў размову «віртуальны жаніх».

Адназначнага адказу на пытанне, калі трэба анлайн-зносіны пераводзіць у рэальнасць, няма. Адны лічаць, чым хутчэй, тым лепш. Маўляў, можа прапасці цікавасць. Іншыя ўпэўненыя, што «сціслыя тэрміны» актуальныя толькі для тых, хто шукае партнёра выключна для інтыму.

Сустрэліся мы ў цэнтры горада пасля працоўнага дня. «Правілы» раяць прызначаць спатканне толькі ў людных месцах і ў светлы час сутак. Перш за ўсё, дзеля вашай бяспекі. Забараняецца ехаць да кавалера на кватэру або на шашлыкі да яго сяброў. Кіно і тэатр таксама трэба адкласці: гэта не самае зручнае месца для знаёмства і размоў.

— Я цябе па абутку пазнаў, — усміхаючыся, сказаў Сяргей. — Чамусьці запомніўся ён мне. Перад тым, як да цябе падысці, зверыў усё з фотаздымкамі. Ведаеш, часта ў інтэрнэце бачыш адно, а ў жыцці зусім іншае.

Але «гэтая гісторыя» не пра мяне, запэўніў Сяргей, а я прыгадала правіла нумар 3.

Дасведчаныя жанчыны раяць на першае спатканне ісці «сапраўднай», а яшчэ лепш падобнай да той, каго на фотаздымку ўвесь час бачыў ваш суразмоўца.

Нядаўна прачытала на адным з жаночых форумаў «сардэчны крык» 25-гадовай дзяўчыны. Марына пытаецца, ці сустракацца ёй з хлопцам (перапісваюцца ўжо другі год!!!), калі яна паправілася на 30 кілаграмаў? «На фота ў інтэрнэце я важу 55 кілаграмаў, а цяпер усе 85! Як ён гэта ўспрыме? Сяброўкі па інтэрнэце нават увагі на гэтыя слёзы не звярнулі. Усіх зацікавіў толькі той факт, што жаніх не прапанаваў сустрэцца раней. «Сто працэнтаў жанаты. Іншага тлумачэння такім паводзінам проста няма. Таму можаш есці далей свае булкі і таўсцець». Вось такая яна, жаночая анлайн-тэрапія...

У пагоні за прыгодамі

Сяргею 24 гады. Ён працуе і вучыцца на праграміста. Хлопец кажа, што на сайт знаёмстваў яго прывяла выключна цікавасць: як гэта працуе. За кампанію з Сяргеем на сайце паўгода таму зарэгістраваліся і пяць яго сяброў. Ніхто, дарэчы, анкету да гэтага часу не выдаліў. Эксперымент, відаць, спадабаўся...

— Я з чатырма дзяўчатамі з сайта знаёмстваў сустракаўся. Ні з адной не было другога спаткання. Як той казаў, не зраслося. Адна ўвогуле дзіўная трапілася, усё пра нейкую секту расказвала. І голас непрыемны быў, — дзеліцца вопытам Сяргей.

Дарэчы, пра голас. Паводле «інструкцыі», абавязкова перад першым спатканнем трэба звязацца з кавалерам па тэлефоне, Vіbеr, Skуре, FасеTіmе. Лісты-лістамі, а голас і манера размовы могуць шмат што паведаміць пра чалавека нават за лічаныя хвіліны (сама ж гэты пункт я чамусьці праігнаравала).

— А што такая дзяўчына, як ты, шукае ў інтэрнэце? Упэўнены, у рэальным жыцці праблем з мужчынскай увагай у цябе дакладна няма, — запытаўся Сяргей.

— Напэўна, новых эмоцый захацелася, прыгод, — на хаду прыдумляю я.

— Тады ты дакладна па адрасе! Мішка, сябар, учора распавядаў, як хадзіў на спатканне з прыгажуняй Вікай з сайта знаёмстваў. Нёс кветкі Вікторыі, а падарыў іх... Свеце, суседцы па школьнай парце! Вось так бывае! Чым не прыгоды? — смяецца мой кавалер. — Аказваецца, Светка так змянілася, так папрыгажэла, што Мішка яе проста не пазнаў на фота! А назвацца ў інтэрнэце і каралевай Вялікабрытаніі можна, — дадаў Сяргей.

Паводле «інструкцыі», калі падчас інтэрнэт-зносін вы ўзялі нік (і выдалі яго за сваё асабістае імя), напрыклад Анжаліка, а на самой справе вас завуць Маша — пры сустрэчы скажыце кавалеру пра гэта. А яшчэ лепш — да сустрэчы.

Можна перавесці гутарку ў жарт, маўляў, «заўсёды хацела быць Анжалікай, і ў інтэрнэце мая мара спраўдзілася». Раяць таксама казаць праўду і наконт астатніх рэчаў: месца працы, хобі, сямейнага становішча і г.д.

Усё «па інструкцыі»

Ідэальны час для першага спаткання — паўтары, дзве гадзіны. За гэты час мы с Сяргеем паспелі папіць кавы (плаціў кавалер), пасядзець на дзвюх лаўках, паглядзець на фантаны і прайсціся пешшу некалькі прыпынкаў. Усё было добра, ён мяне не расчараваў... Калі ж вам не так моцна пашчасціць і суразмоўца не спадабаецца (а такіх выпадкаў шмат), — уцякайце! Але рабіце гэта прыгожа. «Правілы» раяць перад спатканнем папрасіць сяброўку патэлефанаваць вам праз паўгадзіны пасля вашай сустрэчы з «віртуальным жаніхом». Для яго гэты званок будзе званком «ад вашай мамы», якой тэрмінова спатрэбілася дапамога.

— Куды мы пойдзем у наступны раз? — раптам запытаўся Сяргей. — Якую кухню ты любіш? А якія кветкі?.. Ружы ці лілеі? Увогуле, трэба абмяняцца нумарамі тэлефонаў.

Па маёй ініцыятыве абышліся мы без нумароў, прозвішчаў і сяброўства ў сацыяльных сетках. Хлопец прапанаваў падвезці да дома на аўто, але я (усё «па інструкцыі») выбрала метро. Увечары Сяргей быў анлайн на сайце знаёмстваў. Запытаў, як я дабралася, і пажадаў добрай ночы. На наступны дзень і далей паведамленняў ад Сяргея не было... Відаць, не спадабалася яму тое, што я з ежай і кветкамі не вызначылася...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.