Вы тут

Як разбурыць свой шлюб? Чытайце і рабіце высновы


Адгрымеў марш Мендэльсона, з'едзены ўсе салаты, распакаваны падарункі, а на вясельныя грошы набыты халадзільнік і тэлевізар... Надышлі звычайныя сямейныя будні, напоўненыя турботамі, прыціркамі, бытавымі праблемамі, храпам мужа і брудным посудам... І цяпер самае галоўнае — не зрабіць ваш шлюб шчаслівым, а стаць у адзін шэраг з пераважнай большасцю пар, якія ўвесь час сварацца, не паважаюць думку сваёй палавінкі ішукаюць разумення ў іншым месцы. Гэта нескладана — проста трэба прытрымлівацца наступных парад.


Пастаянна кантралюйце яго

Вядома ж, ваш мужчына не здольны добра вымыць посуд, выбраць сардэлькі або купіць сабе футболку. Прыдзірліва сачыце за ўсімі яго дзеяннямі, кантралюйце кожны этап і перыядычна прыгаворвайце: «Ты як малое дзіця! Ну што ты робіш? Нічога без мяне не можаш». Так вы заб'яце ў мужу ініцыятыўнасць і самастойнасць — навошта яны яму? Лепш, калі ён успрымае вас як строгую маму і ўсё робіць толькі «з выспятка» — калі жонка не скажа, дык і паесці забудзецца.

Станьце раўнівай

Але не проста раўнівай, а раўнівай да вар'яцтва! Для пачатку пачніце тэлефанаваць мужу кожныя паўгадзіны і ўдакладняць, дзе ён, што робіць, як і навошта. Будзе злавацца — крыўдуйце, надзімайце губкі, але тэлефанаваць не пераставайце! Калі не будзе браць трубку — пішыце sms. Інтэрвал — дзесяць хвілін. Калі адключыць мабільны, тэлефануйце на працу, калегам. Нахабнічайце, як толькі можна!

Дома абавязкова правярайце сотавы тэлефон, электронную пошту, «гісторыю» ў інтэрнэце, выварочвайце кішэні, прынюхвайцеся да пінжака на прадмет паху жаночай парфумы, уважліва шукайце на кашулі плямы ад губной памады. Паверце, вельмі хутка вашаму мужу такі кантроль надакучыць, і ён навострыць ад вас лыжы. Але ж вам таго і трэба!

Жывіце толькі сваім жыццём

Думайце толькі пра свае інтарэсы. Нічога страшнага, што няма часу накарміць мужа вячэрай або што вас няма дома ўжо пяты вечар за тыдзень. Вы ж такая самадастатковая асоба, у вас праекты, справы і г.д. Ён усё зразумее, пасумуе-пасумуе і... потым знойдзе тую, якая будзе чакаць яго пасля працы са смачным пловам.

Камандуйце

Жанчына-кіраўнік абавязкова павінна, прыходзячы дадому, «строіць» мужа. Дайце яму зразумець, хто тут галоўны. Камандуйце, бо гэта ж у вас атрымліваецца лепш за ўсё. Вы так шмат дабіліся, што не павінны ні перад кім прыніжацца!

Пабольш крытыкуйце

Пастаянна бурчыце і крытыкуйце мужчыну за ўсё! Ён жа напэўна ўсё робіць няправільна, нават есць і мыецца. Бурчыце пастаянна, бурчыце заўсёды і ўсюды. Асабліва эфектыўна атрымліваецца бурчэць на публіку, дзе-небудзь пасярод гандлёвага цэнтра. Так, каб мужчыну было сорамна за сябе і яшчэ больш за вас. Урэшце яму захочацца знайсці жанчыну, якая не будзе дапякаць яго суткамі, і ён ад вас уцячэ.

Арганізуйце «сексуальны бунт»

Не займайцеся з мужам сексам ні пры якіх абставінах. Знаходзьце адгаворкі. Вы стаміліся, у вас баліць галава ці яшчэ што-небудзь... Галоўнае, каб мужчына зразумеў, што дома сексу ў яго не будзе, і пачаў яго шукаць у іншых месцах. Вось тут ужо і да разводу недалёка, трэба толькі праявіць кемлівасць і злавіць яго на месцы злачынства! (Гл. пункт 2-гі.)

Параўноўвайце яго з іншымі

А вось муж сяброўкі зарабіў на новую машыну. А ў каляжанкі — ходзіць у спартзалу. А ў іншай сяброўкі муж наогул дэпутат. А ваш хто? Звычайны інжынер на звычайным заводзе. Ніякіх вам замежжаў і новых футраў — звычайнае ціхае сямейнае жыццё са старым рамонтам у кватэры. Параўноўвайце мужа з больш паспяховымі людзьмі, знішчайце яго самаацэнку. А каб дабіць канчаткова, параўноўвайце са сваімі былымі. Асабліва ў ложку. Мужчыны гэта вельмі «любяць»!

Абмяркоўвайце яго з сяброўкамі

Вядома, сяброўкі павінны ведаць усё пра ваша асабістае жыццё. Асабліва дрэннае. Цудоўна, калі ў вас агульная кампанія, і мужы сябровак кантактуюць з вашым сужэнцам. Тады і яны таксама будуць у курсе ўсіх яго промахаў і заган. Яшчэ адзін выдатны прыём: гаварыце пра мужа з сяброўкамі па тэлефоне ў яго прысутнасці. «Уяві, ён сёння ў ваннай зноў паслізнуўся! Вось няўклюда!» Ён гэта ацэніць, не сумнявайцеся.

Ён увесь у бацькоў!

Пачніце гаварыць дрэннае пра яго бацькоў. Ніводзін нармальны чалавек не зможа вытрымаць, калі ганяць яго маці і бацьку. Так што сваркі і скандалы з нагоды вашага языка вам будуць забяспечаны, а там, глядзіш, і развод не за гарамі.

Ніякіх захапленняў

У мужчыны не павінна быць сяброў і хобі. Толькі сям'я, праца і дом. І не дай Бог ён захапляецца лыжным спортам або паляваннем. Адбівайце ў яго любоў да гэтых немэтазгодных мужчынскіх заняткаў з дапамогай скандалаў і ўльтыматумаў. Муж павінен быць побач з вамі. Крок направа, крок налева — расстрэл!

Вы выконвалі ўсе нашы рэкамендацыі? Значыць, вынік дасягнуты — калі пасля ўсяго гэтага муж нікуды не сышоў, значыць, ён вас вельмі кахае. Ляжыць на канапе, ні да чога не імкнецца, увесь час ные і лічыць сябе нікчэмнасцю. Затое побач. Вы ж пра гэта марылі, праўда?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.