Вы тут

Парадак на стадыёне абмяркоўваем разам


Міністэрства ўнутраных спраў выступіла з прапановай грамадскага абмеркавання паводзінаў спартыўных фанатаў на стадыёнах.

— Канфліктныя сітуацыі паміж супрацоўнікамі міліцыі і заўзятарамі выклікаюць шырокі розгалас, — кажа Канстанцін Шалькевіч, начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў. — Міністэрствам распрацаваны шэраг ініцыятыў, прыняцце якіх дазволіць удасканаліць сістэму мер бяспекі на стадыёнах, а таксама мінімізаваць негатыўныя наступствы ўзаемаадносін спартыўных балельшчыкаў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

Тым часам ужо распрацаваны праект адпаведнага закона. Дакумент прадугледжвае новы від пакарання — «адміністрацыйная забарона наведвання фізкультурна-спартыўна-масавых мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў». Тэрмін пакарання — ад трох месяцаў да трох гадоў за парушэнне ўстаноўленых абмежаванняў пры правядзенні мерапрыемстваў.

Акрамя таго, закон «Аб фізічнай культуры і спорце»
ад 4 студзеня 2014 года прапануецца дапоўніць тэрмінамі «балельшчык», «валанцёр» і «сцюард». Апошнія разам з супрацоўнікамі міліцыі надзяляюцца паўнамоцтвамі правяраць у грамадзян асабістыя дакументы, а таксама праводзіць дагляд грамадзян, іх рэчаў, прадметаў, транспартных сродкаў, у тым ліку з дапамогай тэхнічных і спецыяльных сродкаў.

На думку праваахоўнікаў, прыняцце адміністрацыйнай забароны і ўвядзенне новых саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў дазволяць агарадзіць наведвальнікаў спартыўных мерапрыемстваў ад патэнцыйнай небяспекі.

— Абмеркаванню папярэднічаў аналіз мерапрыемстваў, скіраваных на захаванне бяспекі на стадыёнах, у замежных краінах: Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі... — кажа Дзмітрый Кур'ян, начальнік упраўлення аховы правапарадку Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Рэспублікі Беларусь. — Акцэнт спачатку робім на футболе. Але калі ўсё будзе ўспрынята добра і зацверджана на заканадаўчым узроўні, змены будуць тычыцца і іншых відаў спорту. Мы чакаем водгуку грамадства, каб разам з зацікаўленымі маглі выпрацаваць канцэпцыю забеспячэння аховы правапарадку з улікам міжнароднага вопыту. Гэтыя пытанні закранаюць шырокія слаі насельніцтва. Усё ж такі ў нас вялікая колькасць людзей наведвае спартыўныя мерапрыемствы. Гэта найперш тычыцца хакея і футбола. І праблема, якую мы ўзнялі, актуальная для многіх.

Даслаць свае прапановы і рэкамендацыі можна па электроннай пошце guoppmvd@maіl.ru альбо скіраваць у пісьмовым выглядзе на адрас: Галоўнае ўпраўленне аховы правапарадку і прафілактыкі, вул. Гарадскі вал, 4, 220030, г. Мінск. Вы таксама можаце паўдзельнічаць у галасаванні «Парадак на стадыёнах — абмяркоўваем законапраект разам» на сайце МУС.

P.S. Прапановы і рэкамендацыі не з'яўляюцца зваротамі грамадзян і пад закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» не падпадаюць. Падрыхтоўка адказаў на прапановы не прадугледжваецца.

taras@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?