Вы тут

Ілья Курган: «У кожным выпадковым супадзенні — Бог»


На гэтым тыдні, у чацвер, Ілья Курган адзначыў свой 90-гадовы юбілей. Вы маглі гэтага чалавека ніколі не бачыць, не ведаць імя ці прозвішча, але голас... Курган з 1949 года і на працягу наступных дзесяцігоддзяў (крыху не хапіла да паўстагоддзя) быў візітоўкай беларускага радыё. Гэта пад прачытаныя ім паведамленні прачыналася Беларуская ССР, ён агучваў вершы беларускіх паэтаў так, што тыя здзіўляліся, што так цудоўна напісалі...

У свае 90 Ілья Курган не страціў пачуцця гумару. У дзень нараджэння тэлефаную, віншую, зычу доўгіх гадоў жыцця. «Не дай Бог!» — смяецца ён. А нас, журналістаў, якія прыйшлі да яго на інтэрв'ю, называе іншапланецянамі, якія размаўляюць на дзіўнай, але вельмі прыгожай мове.


— Я толькі ў 87 гадоў, зусім нядаўна, пайшоў на пенсію. Цяпер законы рыхтуюцца, што на тры гады павысяць пенсійны ўзрост — аж да 63! А я да 87 працаваў і нічога. У мяне ніхто не пытаўся, я нікому нічога не казаў. Дык вось некалькі гадоў таму, калі яшчэ працаваў, аднойчы ехаў на заняткі на тралейбусе ў Акадэмію мастацтваў, першы набор якой памятаю дагэтуль, і недалёка ад мяне стаялі два хлопцы. Гляджу на іх, слухаю і думаю: ці здалося мне? Гавораць на нейкай незразумелай для ўсіх мове. Звярнуўся да іх, кажу: «На дзіўнай мове кажаце!» Яны смяюцца, бо размова паміж імі была на чысцюткай беларускай... Памятаю, аднойчы кажу студэнту: «Глянь, у Джавані Вэрга ёсць такое апавяданне...» А ён: «Джованни! Как красиво звучит!» Я яму — здароў, браце! Па-беларуску ж — каханне, натхненне (цягне падвоеныя зычныя). Як спяваюць зычныя! Расказваў студэнтам, як Адам Міцкевіч у Парыжы казаў пра прыгажосць беларускай мовы. А тыя так шчыра здзіўляліся...

— Ілья Львовіч, ніяк не магу ўцяміць, як пасля ўсіх жахаў, якія вам давялося пабачыць на вайне, удалося захаваць і ажыццявіць сваю мару — паступіць у тэатральны інстытут?

— Не памятаю, калі дакладна было (адчуванне, што ажно ў ХІХ стагоддзі), але ў школе мяне называлі «наш патэфон». Прыходзіла настаўніца па літаратуры, расказвала, што будзем чытаць, выклікала мяне да дошкі, давала разгорнутую кнігу, і я чытаў. І гэта невыпадковая з'ява. Усё яно адтуль (падымае галаву да неба). Кожнаму Бог дае па-рознаму. Мне — так. І калі паступаюць у Акадэмію мастацтваў, не ўсе студэнты разумеюць, што важна мець менавіта ад прыроды дадзеныя здольнасці. Калі іх няма, колькі ні працуй, сэнсу не будзе. Не будзе той інтуіцыі, таго нюху, якія выратуюць пры неабходнасці. Памятаю, аднойчы за некалькі хвілін да пачатку эфіру рэдактар прынесла тэкст, завераны подпісамі амаль дзясятка рэдактараў і цэнзара. Эфір пачаўся.

І раптам я бачу, што на старонцы чорным па белым надрукавана: «Сталін — прычына бяздольнасці нашых салдат». А трэба, зразумела, «баяздольнасці». Усяго адна літара прапушчана, а колькі галоў магло паляцець. Рэдактар пасля мяне абдымала: «Выратаваў маіх дзяцей!»

— Памятаеце, як пачалася вайна?

— Я сядзеў на ганку нашага дома і глядзеў, як пралятаюць над галавой нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Пасля наша сям'я, як і тысячы іншых, ішла пешшу па Маскоўскай шашы. Немцы ляталі над намі на самалётах і проста расстрэльвалі ўсіх, хто ішоў. Толькі ўявіць, такое рабілі жыхары краіны Гётэ і Бетховена!.. Калі быў паабапал дарогі лес, то мы хаваліся ў ім. А калі поле, тады маці кідалася целам на малодшага браціка, каб абараніць яго ад куляў. У той дзень, калі пачалася вайна, у мяне быў квіток на дзённы спектакль. МХАТ прыехаў да нас на гастролі. І тых артыстаў — непамерна таленавітых, вялікіх — нават не пасадзілі на транспарт. Яны ішлі з намі, зусім недалёка, рукой падаць. Потым, праўда, іх падабралі...

Калі ўжо вяртаўся з Ташкента дадому ў Мінск (а грошай на дарогу, вядома ж, не было), маці набыла паўднёвай садавіны цэлую каробку. Кажа: «Прадасі — даедзеш». Кажу, што не ўмею я так... А што рабіць? Пашчасціла, прадаў. І дабраўся да Мінска. Іду... Памятаю, увесь квартал, што цяпер за Домам афіцэраў, ператварыўся ў выстаўку трафейнай зброі. Добра памятаю, там танк стаяў велічэзны. Першую ноч вяртання правёў на вакзале, бо не было куды падзецца. І другую ноч таксама. Хадзіў днямі па горадзе: можа, хто сустрэнецца са знаёмых? Спаў у нямецкім танку, на лаўцы ў скверы каля Купалаўскага тэатра... Што казаць, лепей пакажу, — гаворыць у мой бок Ілья Львовіч. — Чытайце, даражэнькая.

— Тут, на руінах вуліцы Карла Маркса, Ілья Курган у 1945 годзе пасля шматгадовай разлукі наноў сустрэўся з татам. Справа — будынак сучаснага Нацыянальнага гістарычнага музея.

— Уяўляеце, ён толькі вярнуўся з Германіі, уладкаваўся на працу — і ідзе мне насустрач, вось па гэтай вуліцы, дзе зараз мы з вамі, па Карла Маркса. Гэта цуд! У мяне пытаюцца: «Ты верыш у Бога?» Я сапраўды паважаю рэлігію, але адказваю: «Часам». Бо Ён — менавіта ў такіх супадзеннях. Быў у мяне такі выпадак. У Ташкенце, на паравозарамонтным заводзе, куды нас паслалі ад тэхнікума працаваць, ледзь не адбылася трагедыя. Праца была катаржнай, да таго ж стаяў такі грукат, што людзі глухлі. Але самым цяжкім была начная змена, на якую нас, зялёных пачаткоўцаў, адразу ж адправілі. Мяне, знясіленага голадам, увесь час хіліла ў сон. Аднойчы настолькі невыносна захацелася спаць, што я забраўся ў паравозны кацёл, прымасціўся ў ім паміж трубамі і заснуў. Пры гэтым дадумаўся ўзяць з сабой кувалду, каб майстар, убачыўшы яе звонку, не вырашыў, што я лайдачу. І менавіта яна выратавала мяне ад гібелі! Прачнуўся я ад таго, што стала не проста душна, а пякуча горача, ажно адзенне гарэла, толькі працоўная роба ратавала. Аказалася, што рабочыя вырашылі ўзяцца за рамонт катла, у якім я заснуў: пачалі рэзаць аўтагенам краты, у якія былі ўстаўлены трубы. Натуральна, тыя разагрэліся. Мае крыкі ніхто не чуў. Тады я схапіў кувалду і пачаў з усяе сілы біць ёю. Звонку зразумелі, што ўнутры ёсць хтосьці жывы. Дробязь — узяў з сабой кувалду, а выратавала! Як тут не паверыць у Бога?

— А як паступалі ў інстытут? Ведаю, што пасля заканчэння вы выступалі ў вандроўным тэатры. Як думаеце, сённяшняя моладзь на такое здольна?

— Ужо ў пераможным 1945-м я вырашыў паступаць на акцёрскі факультэт тэатральнага інстытута. Хадзіў і пытаўся ў мінакоў, дзе мне яго адшукаць. У політэхнічным інстытуце быў пакойчык, і ў ім — тэатральны інстытут. Няма нават дзе прысесці, дзе палажыць паперу, каб подпіс паставіць. Пасля нас перавялі ў оперны тэатр. Можна было хоць кожны дзень бясплатна оперу глядзець. Я і глядзеў...

У той час у горадзе сустрэлася мне дзяўчына, якую я ведаў па школе. Яна з маці жыла ў драўляным дамку каля Дома друку. Месца мне там адвялі... Каму скажаш — не павераць. Маўляў, усё выдумаў.

А ў сярэдзіне пакоя таго дома — стол, вялікі, круглы. Яны засцялілі абрус да самай падлогі, і я там, пад сталом, спаў. Якраз здаваў іспыты, паступаў. У нямецкіх салдацкіх штанах, зялёных і тоўстых. На нагах — тапачкі, на іх — галёшы, прывязаныя шпагацікам, і ваенная югаслаўская куртка. Так і пачаў вучыцца.

Наш выпуск быў першым пасля вайны. У той час у тэатрах ішлі скарачэнні, і мы, выпускнікі, пайшлі да Пятра Машэрава, які ўзначальваў камсамол Беларусі і сказаў, што наш выпуск абавязкова захаваюць. Так мы сталі акцёрамі тэатра на колах. Ездзілі на грузавіку без брызенту, поўным дэкарацый, па краіне, па гарадах і вёсках. Дзяўчаты мне тады казалі: «Ілья, ты праехаў з намі толькі палову шляху». Пытаюся: «Чаму?» А яны кажуць, што я, як джэнтльмен, прапускаў дзяўчат у глыбіню кузава. Таму адна нага была ў грузавіку, а другая — за бортам.

— Раскажыце, калі ласка, як пазнаёміліся з жонкай.

— Калі я быў на чацвёртым курсе, перад прыёмнымі іспытамі ў тэатральны інстытут ехаў ад парку Чалюскінцаў дадому ў трамваі. І бачу — на прыпынку стаіць дзяўчына. І так яна мне спадабалася! Падумаў, шкада, што не вучымся разам. І потым падумаў: калі яна сыдзе з трамвая на прыпынку насупраць опернага, можа, пойдзе туды, да нас. На наступны дзень пайшоў, пацікавіўся пра тых, хто паступае ў наш інстытут, і пабачыў яе. І яна таксама на мяне глядзела. Пасля даведаўся, што яна з Самары прыехала паступаць у тэатральны інстытут. Я яе праводзіў дадому... А пасля і пажаніліся. У яе зусім не было прытулку. Таму яна перайшла да мяне... пад той самы стол! Затое як запомнілася. Рамантычна было...

Калі скончыў 4-ты курс, мне прапанавалі пайсці ў віцебскі тэатр. Але жонка сказала: «Мне тры гады вучыцца, а ты з'едзеш. Што за сям'я такая будзе?» А пасля я пачуў па радыё аб'яву, што праводзіцца конкурс на месца дыктара-практыканта. Так трапіў на працу на беларускае радыё, і ўжо 1 лістапада 1949 года прыступіў да сваіх новых абавязкаў.

— «Не патрэбен Левітан, калі ёсць Ілья Курган!»...

— Так, гэтая фраза ў свой час хутка разышлася сярод маіх знаёмых і калег. ...У той дзень я атрымаў званне заслужанага артыста. Трэба ж было адсвяткаваць. А ў нас гасцяваў сам Юрый Левітан, вядомы на ўвесь Савецкі Саюз дыктар радыё. І я, разумеючы, што адной чаркай сёння не абыдзецца і заўтра будзе нясоладка, прапанаваў Юрыю Барысавічу падмяніць мяне. Той пагадзіўся, але з умовай, што маё начальства ўтрасе ўсё з Масквой. Дамовіліся. Нават тэкст пераклалі на рускую мову. Трэба было дамовіцца і наконт пропуску, але ж было позна, і наш супрацоўнік не здолеў атрымаць стандартны пропуск — выпісалі толькі часовы. Левітан папрасіў мяне назаўтра папрысутнічаць у студыі з ім побач, бо і беларуская студыя, і апаратура ў ёй адрознівалася ад маскоўскай.

Ноччу, натуральна, паспаць не ўдалося, а раніцай — эфір. Канферэнцыя кіраўнікоў кампартый усяго свету, якія прыбылі ў Мінск па запрашэнні самога Леаніда Брэжнева. Раніцай накіраваліся мы з Левітанам у Палац спорту. У фае на Юрыя Барысавіча накінуўся нейкі рэпарцёр і пацягнуў яго на інтэрв'ю. Ніколі больш не бачыў, каб журналіст так упарта хацеў пагутарыць... Мы дамовіліся так: я падымуся ў сваю студыю, а Левітан, як вызваліцца, таксама падыдзе туды. Аднак час ішоў, а ён ўсё не з'яўляўся. Хацелі паслаць людзей, ды да таго часу ўсё хаджэнні па палацы былі забароненыя. Як ні прасілі ахоўнікаў нас прапусціць, не дазвалялі. І іх можна зразумець: такая праца — выконваць загад.

Пазней высветлілася, што Левітана з яго часовым пропускам затрымалі ўнізе. Тады рэдактар прыняў рашэнне, што весці рэпартаж буду я.

Я, зразумела, стаў адмаўляцца: як, маўляў, мне чытаць, калі я нават гаварыць не магу нармальна? А ён мне: «Калі мы не пачнём, то ты ўяўляеш, што зробяць з усімі намі?» Я пагадзіўся. Але тут паўстала яшчэ адна праблема: кінуліся шукаць тэкст — яго няма! Першы застаўся ў Левітана ўнізе. Выйсці са студыі нельга. Урэшце нейкім цудам у аднаго з карэспандэнтаў адшукаўся пакамечаны, перакрэслены шмат разоў асобнік на рускай мове. Нічога не разабраць. І вось на сцэну сталі выходзіць афіцыйныя прадстаўнікі ўладаў. Яшчэ не зусім цвярозы, я сеў за мікрафон і за секунду да таго, як Машэраў сказаў: «Таварышы!», паспеў агучыць бясконцы спіс з імёнаў і «тытулаў» прысутных на канферэнцыі кіраўнікоў замежных кампартый. А там столькі няродных прозвішчаў — так і не вымавіш адразу нават у спакойным стане. І толькі значна пазней я звярнуў увагу на тое, што ў рэдактара, які падчас майго рэпартажу трымаўся за стол, пасінелі пальцы... Калі эфір скончыўся, заляцеў у студыю Левітан і сказаў: «Не патрэбен Левітан, калі ёсць Ілья Курган!»


«Курган» — гэта прозвішча маці Ільі Львовіча, якое ён узяў падчас працы на радыё замест бацькавага «Эйдэльман».

— Заходжу ўпершыню ў аўдыторыю да студэнтаў. Кажу, што я — Курган. Што пра мяне яшчэ Янка Купала пісаў: «Здзірванелы курган векавечны». Жарт жартам, а некаторыя верылі! — смяецца юбіляр.

pustavit@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

«А жанчына так і не прыйшла...», Заяц на чацвярых, Асаблівасці нацыянальнага палявання.

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.