Вы тут

Але наша мова не знікне!


Іван Іванавіч Астроўскі, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, намеснік загадчыка кафедры Белдзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.


«Звязду» я выпісваю «сто гадоў» — з тых самых часоў, калі служыў у войску. Малады, здавалася б, быў, але выбар зрабіў свядома — выбраў газету найперш з-за мовы. А потым да яе паступова дадаліся завочныя спаборніцтвы па шашках, складанне прыпевак, удзел у конкурсе «Хто каго?»... Заўсёды любаваўся здымкамі Анатоля Клешчука, чытаў «Фотасловы» Яўгена Пясецкага, смяяўся і, часцяком здаралася, пераказваў іншым «вясёлыя і праўдзівыя гісторыі» з рубрыкі «...Народ на провадзе!», суперажываў думкам Алены Ляўковіч, Святланы Яскевіч... Жонка (а яна, дарэчы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры), апроч гэтага, досыць уважліва чытала і, што называецца, брала на ўзбраенне парады з «Краіны здароўя», «Крынічкі», «Хатняй энцыклапедыі»... Нас цікавіла і цікавіць усё!

Але ж галоўнай адметнасцю «Звязды» была і застаецца мова.

Што рабіць: ад роднай, ад матчынай горад, а тым больш вялікі, прымушае адмаўляцца — хочучы-няхочучы «пераводзіць» людзей на рускую. Менавіта на ёй — і, можна сказаць, адной, хоць афіцыйна ў нас двухмоўе — вырасла ўжо некалькі пакаленняў гараджан. Таму не дзіва, што многія з іх не разумеюць першай з дзяржаўных, горш за тое — пагарджаюць ёй...

І як жа прыемна са старонак «Звязды», «Чырвонкі» даведвацца, што сярод моладзі ўсё больш папулярнай становіцца беларуская, што ёсць цікавасць да нашай гісторыі і культурнай спадчыны...

А зрэшты, прозай можна пісаць доўга, вершаваным радком — карацей:

На мове дзяцінства чытаць, гаварыць

Зусім адвучылі: «Нязвыкла...»

Але

наша слова гучыць і гучыць,

Але

наша мова не знікла!

І жыць яна будзе, паверце, заўжды:

Мы звязаны з роднай навекі!

Прымайце ж яе са старонак «Звязды»,

Як водар духмяны, як лекі!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.