Вы тут

На рынку пачаўся ягадны сезон


Аматары клубніц ды чарэшняў ужо з усіх сіл шукаюць на прылаўках гэтыя салодкія ягады па выгадных цэнах. Што маем у асартыменце? Вялізныя сакавітыя ўзбекскія чарэшні (ягадкі — адна ў адну) добра аблегчаць ваш кашалёк: кілаграм абыходзіцца ў 90-100 тысяч рублёў. У параўнанні з імі малдаўскія чарэшні выглядаюць блякла і нават крыху губляюцца сярод латкоў: яны і драбнейшыя, і не заўжды спелыя, сустракаюцца нават пабітыя ягады. Затое гэты варыянт бюджэтны — 50 тысяч рублёў за кілаграм (лічыце, за такія ж грошы вам прапануюць журавіны з браслаўскіх мясцін).


Клубніцы на прылаўках у асноўным таксама прывезеныя з іншых краін. За кілаграм украінскіх просяць 50-55 тысяч рублёў, грэчаскія ягады каштуюць на 10 тысяч рублёў даражэй. На мой погляд, асаблівай розніцы паміж імі няма. Нектарыны, персікі і абрыкосы не саступаюць ягадам па папулярнасці — іх таксама даволі шмат на прылаўках, і пакупнікі бяруць іх з вялікай ахвотай. Малдаўскія абрыкосы ідуць па 35-45 тысяч за кілаграм, нектарыны і персікі ўтрымліваюць аднолькавую планку: ад 45 да 65 тысяч за кілаграм. Сунічнае ківі аддаюць па 35 тысяч за кілаграм. Будзьце пільнымі, выбіраючы апельсіны: хоць часцей сустракаюцца цэннікі з лічбай 40, ёсць нічым не горшыя варыянты па 23 тысячы рублёў за кілаграм. Бананы таксама варта пашукаць вельмі ўважліва: сярэдні цэннік складае 25-27 тысяч рублёў, але можна знайсці і па 20-21 тысячы.

Да сезона кавуноў яшчэ далекавата, аднак першыя паласацікі ўжо чакаюць ахвочых паласавацца імі. Каштуе гэтае смакоцце нямала — 35 тысяч рублёў за кілаграм. Дыні выходзяць таннейшымі — па 25 тысяч за кілаграм. Варта прыгледзецца да груш: кіло сакавітых «бэр» мядовых стане вашым за 30 тысяч рублёў, прыгожых аргенцінскіх «абатаў» — за 45 тысяч рублёў.

Пераходзім да прылаўкаў з гароднінай: дзе-нідзе ёсць чэргі па памідоры ды агуркі. Апошнія з Пінска разыходзяцца на «ўра» — гэта нядзіўна, бо аддаюць іх па 13-15 тысяч рублёў за кілаграм (у мінулым месяцы за кіло «куражу» даводзілася выкласці ажно 32 тысячы рублёў). Ранняя бульба ідзе ў сярэднім па 14 тысяч рублёў за кілаграм, а ранняя капуста — па 11-12 тысяч рублёў за кілаграм. Прылаўкі поўняцца зяленівам: так, вялікі пучок зялёнай цыбулі абыдзецца ў 2,5-4 тысячы рублёў, «букеты» пятрушкі ды кропу — у 8 тысяч рублёў.

Беларускія таматы даражэйшыя за прывезеныя іспанскія: першыя аддаюць за 29 тысяч рублёў, другія — за 19 тысяч рублёў. Сярэдняя цана айчынных памідораў складае 26 тысяч рублёў. Я выбрала гладкія чырвоныя плады сярэдняга памеру, хоць спакушалася ўзяць драбнейшыя таматы гатунку «малышок» па 18 тысяч рублёў за кілаграм. Даволі ўдалымі выглядаюць украінскія «мясістыя» памідоры — за кілаграм вялізных пладоў просяць 30 тысяч рублёў. Дарэчы, калі параўноўваюць кошты гэтага і папярэдняга шпацыру, заўважу, што ў мінулым месяцы іспанскія памідоры каштавалі якраз 30 тысяч рублёў, а беларускія выходзілі на 15 тысяч даражэй.

Лічыльнік «Звязды» (цэны за кілаграм, калі не пазначана іншае)

Сала салёнае — 90-120 тыс.

Свініна (філе) — 120 тыс.

Ялавічына (філе) — 60-95 тыс.

Цяляціна (філе) — 85-120 тыс.

Індычына (філе) — 130 тыс.

Кураня бройлернае — 32 тыс.

Фарш (свініна) — 45 тыс.

Шашлык (свініна) — 75-99 тыс.

Сардэлькі (цяляціна) — 75-80 тыс.

Паляндвіца свойская — 220 тыс.

Яйка курынае Д-В — 16 тыс. (дзясятак)

Алей сланечнікавы — 22-25 тыс. (бутэлька)

Грэчка — 21-23 тыс. (800 г)

Рыс «Басмаці» — 25 тыс. (800 г)

Сачавіца — 31 тыс. (800 г.)

Гарох — 12 тыс. (800 г.)

Разынкі без костачак — 70 тыс.

Грэцкія арэхі ў шалупінах — 50 тыс.

Фінікі карамельныя — 45 тыс.

Сыр «Расійскі» — 85 тыс.

Сыр «Галандскі» — 90 тыс.

Загаловак у газеце: Настаў час аматараў салодзенькага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».