Вы тут

Вясновы букет – сапраўднае сузор’е таленавітых майстроў


У Мінску прайшоў чарговы Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”.


Як заўсёды, штогадовая культурніцкая падзея адбылася ў самым маляўнічым і гістарычным кутку сталіцы -- Лошыцкім парку. З усіх рэгіёнаў краіны прыехалі самыя працавітыя, умелыя і, галоўнае, адмысловыя майстры, для якіх іхняя справа не толькі любімы занятак, а сапраўднае мастацтва. Жыхары і госці сталіцы першымі ацанілі выканальніцкае майстрэства ўмельцаў з Палесся і Паазер’я, Панамоння і Падняпроў’я, сталічнай вобласці і самога Мінска. Асабліва даспадобы наведвальнікам было далучыцца да майстар-класаў, якія ахвотна давалі знакамітыя майстры --  члены Рэспубліканскага Саюза майстроў. На “Вясновым букеце” захавальнікі і прадаўжальнікі старажытных традыцыйных рамёстваў працягвалі працу над сваімі  творамі -- на трацыдыйных кроснах яны ткалі свае ручнікі і паясы, з лазы плялі кошыкі і карзіны, секлі дрэва на лыжкі, вышывалі кветкі і арнаменты на кашулях, ляпілі свістулькі і малявалі дываны, габлявалі бондарскія клёпкі... Прастору гаманлівага кірмашу напаўнялі настраёвыя галасы музыкаў і самабытных выканаўцаў народных песен.

Не першы раз сустракаю на фестывале майстроў з Глуска лозапляцельшчыка Аляксея Месніка і бондара Уладзіміра Станкевіча, майстра з Гарадка Васіля Сімановіча, ткаллю з вёскі Боркі Ганцавіцкага раёна Вулляну Віннік,  лыжкара з Мінска Уладзіміра Сарокіна. Знакамітае ручніковае ткацтва з вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна прадстаўлялі Людміла Кавалёва і Таццяна Суглоб – гонар самабытнай Гомельшчыны. А вось супрацоўніцы з Чашніцкага Дома рамёстваў Раіса Агель, Валянціна Атрашкевіч і Аксана Карабліна, а таксама мастак па маляванню дываноў з гарадскога пасёлка Шаркаўшчына Аляксей Краўчанка (якія таксама паказаны на гэтых фотаздымках), ўпершыню наведалі “Вясновы букет” і засталіся ад яго ў поўным захапленні.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».