Вы тут

Жывое біццё сэрца


Серыя “Светлыя знакі: паэты Кітая” працягвае знаёміць беларускага чытача з перакладамі з кітайскай паэзіі. Зазіраючы ў даўніну, мы адкрываем новую кнігу вось гэтымі радкамі: “Калі ж бы літаратура/ Хоць трохі мне стала падмогай” (пераклад Рыгора Барадуліна). Відаць, і кожны з перакладчыкаў вершаў Ду Фу ў кнізе “Адзінота горных вышынь” (акрамя Рыгора Барадуліна – гэта Уладзімір Дубоўка, Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч), як і сотні другіх вершатворцаў, маглі б падпісацца пад гэтымі радкамі як пад арыгінальным уласным прызнаннем. Паэт сапраўды драматычнага лёсу, кітайскі першаадкрывальнік многіх сімвалаў і мастацкіх вобразаў з восьмага стагоддзя, Ду Фу працягвае і зараз свой дыялог з чытачом. Яшчэ напрыканцы 1950-х гг. Максім Танк зрабіў такі запіс у сваім дзённіку: “ …Ехаў з Пількаўшчыны. Спыніўся ля партызанскага абеліска, каб паглядзець, як разбушавалася Нарач. Шмат дзе хвалі даходзілі да самай дарогі. Вось як гэта хараство замкнуць у вобраз? Не дарма Канфуцый лічыў – гэта я чуў ад кітайскіх сяброў, што адзін вобраз варты тысячы слоў. Я не тэарэтызую, бо ўсякая тэарэтызацыя ў паэзіі – рэч непрыдатная…” . На той час Танк ужо ведаў шмат што з паэзіі Кітая, ужо пабываў у Кітаі.

А яшчэ ці не два гады раней – 27 студзеня 1956 года ў танкаўскім дзённіку з’яўляецца наступны запіс: “Чытаю вершы Ду Фу, перакладзеныя А. Гітовічам на рускую мову. Які высокі ўзровень гэтай паэзіі, якая праз тысячу год данесла да нас любоў паэта да свайго народа, да сваёй радзімы, жывое біццё яго сэрца…”.

Лепей, пагадзіцеся,  і не скажаш – жывое біццё сэрца…

Калі паэзія перадае вобразы ва ўсіх іх красках, калі фарбы мастацкага слова ідуць ад жывога, шматаблічнага, яркага жыцця – тады слова, прыдуманае, адкрытае няхай сабе і тысячу гадоў назад ці нават болей, будзе цешыць і наш слых, і наш зрок цэлую вечнасць. Пра гэта думаецца, калі чытаеш вершы кітайскага паэта-класіка Ду Фу. Пра гэта думаецца і ў прачытанні яго менавіта па-беларуску. Рыгор Барадулін, Уладзімір Дубоўка, Мікола Мятліцкі, Навум Гальпяровіч адважна падступіліся менавіта да гэтай вечнасці. Якім будзе плён – вырашаць, канешне ж, не нам. Гэта вырашаць наступныя пакаленні чытачоў. Адзінае, што хацелася б сказаць ужо сёння, -- спрыяюць перакладчыцкай адвазе такіх розных і аднолькава цікавых майстроў перакладу магчымасці, шырокі дыяпазон роднага беларускага слова. Няхай сабе яшчэ зусім нядаўна той жа Максім Танк і пісаў: “ Трэба сказаць, што ў нас майстэрству перакладу, пачынаючы ад М. Багдановіча і Я. Купалы, да гэтага часу не ўдзялялася належнай увагі. Няма ў нас ні грунтоўных даследаванняў, ні манаграфій…” . Праўда, ён жа і раней яшчэ напісаў: “Перакладаю і перакладаю. На перакладах кожная мова правяраецца на гнуткасць, на трывалась, на гарт і бляск…”. І сам Танк за гады руплівай творчай работы пераклаў неймаверна вялікую колькасць паэтычных адкрыццяў іншых мастакоў слова.

Ду Фу, Ван Вэй, іншыя кітайскія паэты-класікі – гэта праверка і выпрабаванне для беларускай мовы, для беларускай цяпер ужо школы мастацкага перакладу. Прайсці яе – і ёсць запросіны ў творчы праект “Светлыя знакі: паэты Кітая”.  У Рыгора Барадуліна ёсць прыгожы верш, прысвечаны Ду Фу. Ён такі называецца –  “Смакую віно, якое любіў Ду Фу”. А прысвечаны перакладчыку Гао Ману....

Я надгубіў віно

Якое піў Ду Фу,

Закусіў развараным бамбукам,

Але не ўбачыў дно

І завяршаць страфу

Даверыў вераснёўскім сумным гукам.

 

Як цёплы сырадой

Адстоены, густы,

Бялелася віно

Ў кілішку кволым.

І ўзняўся мой настрой

Да горнае вярсты,

Радок схіліўся перад вечным долам.

 

Цягнулася сцяна

У дзесяць тысяч лі,

Што звалася Вялікаю сцяною.

Цішэла гамана.

І цеплыня зямлі

Здавалася вядомаю маною.

... Канешне ж, асновай для пераўвасаблення паэзіі ду Фу на беларускую мову паслужылі рускія тэксты. Відаць, найперш у перакладзе Аляксандра Гітовіча. Хаця Ду Фу перакладалі і шмат хто яшчэ з рускіх паэтаў – і акадэмік-кітаіст В. Аляксееў, і М. Гумілёў, і Л. Чэркаскі, і І. Голубеў, і Ю. Шчуцкі, і Л. Меншыкаў, Л. Бежын, а з самых апошніх крокаў рускага прачытання геніяльнага кітайца – пераклады Наталлі Азаравай... Гітовіч – родам з беларуска-расійскага памежжа. З Смаленшчыны. Ды і пераклады, зробленыя ім, надрукаваны былі ў час для савецка-кітайскіх зносін, відаць, самы спрыяльны. Гітовіч як ваенны карэспандэнт ўдзельнічаў у савецка-японскай вайне. Кітай пабачыў на свае вочы... Вось і мне здаецца, што ад гэтага “бачання на свае вочы” шмат залежыць у памкненнях прачытання чужой і далёкай паэзіі.

Алесь Карлюкевіч 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».