Вы тут

Раскрытыя загадкі планеты


Навука не стаіць на месцы, і тое, што яшчэ ўчора лічылася феноменам і невырашальнай загадкай, сёння атрымлівае грунтоўныя тлумачэнні і пераканаўчыя доказы. Якія таямніцы раскрылі вучоныя за апошні час?


Камяні-паўзуны

Самарушныя камяні, якія літаральна «поўзаюць» па высахлым возеры ў Даліне Смерці — нацыянальным парку ЗША, — знаходзяцца пад пільнай увагай навукоўцаў з канца 1940-х гадоў. За гэты час было прапанавана мноства гіпотэз, якія тлумачаць геалагічны феномен: яго тлумачылі ўраганным ветрам, уздзеяннем магнітных палёў, анамальнай зонай; гучала нават версія аб тым, што камяні перамяшчаюць работнікі парку. Пытанняў заўсёды было больш, чым адказаў. Ці здольны вецер перамясціць валун вагой да 350 кг на адлегласць да 200 м? Чаму камяні рухаюцца хаатычна, без агульнага напрамку? Чаму некаторыя з іх застаюцца нерухомымі? І куды, нарэшце, знікаюць валуны, ад якіх застаюцца адны толькі сляды?

У 2011 годзе каманда даследчыкаў з Інстытута акіянаграфіі Скрыпса рэалізавала эксперымент: навукоўцы ўсталявалі метэастанцыю ў Даліне Смерці і прынеслі на возера 15 валуноў, спецыяльна абсталяваных GPS-прыёмнікамі (эксперыментаваць са спрадвечнымі камянямі кіраўніцтва нацыянальнага парку забараніла). Трохгадовыя назіранні дазволілі пацвердзіць адну з раней агучаных гіпотэз: камяні коцяцца пад уздзеяннем сілы ветру, прычым адбываецца гэта толькі ўзімку — у марозныя ночы на валунах утвараюцца скарынкі лёду, якія выконваюць ролю ветразяў. Паралельна навукоўцам удалося абяліць турыстаў у вачах наглядчыкаў парку — тыя лічылі, што пустыя дарожкі ад камянёў даказваюць: наведвальнікі крадуць каштоўныя «экспанаты». Даследчыкі пераканалі іх у тым, што гэта ўсяго толькі сляды ад расталых ільдзінак.

Жывыя і каляровыя дажджы

Дажджы з крэветак, рыб, жаб, павукоў, чарвякоў або птушак — рэдкая прыродная з'ява, якая палохала людзей яшчэ ў старажытныя часы і працягвае бянтэжыць у нашы дні. Напрыклад, у маі бягучага года ападкі ў выглядзе мільёна маленькіх павукоў «выпалі» ў аўстралійскім горадзе Гоўлберн у Новым Паўднёвым Уэльсе і былі расцэненыя некаторымі жыхарамі як знак хуткага канца свету.

На шчасце, у служак навукі знайшлося тлумачэнне для «жывых» дажджоў. Большасць навукоўцаў сыходзяцца ў меркаванні, што віной усяму вадзяныя смерчы і тарнада, якія выхопліваюць жывёл з іх асяроддзя пражывання і пераносяць на велізарныя адлегласці. Што тычыцца рыб, то яны не заўсёды падаюць зверху: некаторыя віды ўмеюць поўзаць па сушы і нават дыхаць лёгкімі — напрыклад, дваякадыхаючыя рыбы пратаптары. Верагоднасць «ападкаў» з мёртвых птушак павышаецца падчас навагодніх свят, калі ў неба ўзлятаюць тысячы петардаў і феерверкаў.

Яшчэ адзін прыродны феномен — каляровыя ападкі — да гэтага часу наводзіць паніку на розныя гарады свету. У Індыі ў 2001 годзе цягам двух месяцаў ішоў «крывавы» дождж, а ў Саратаўскай вобласці аднойчы выпаў аранжавы снег. Навукоўцы хутка рэагуюць на падобныя анамаліі і знаходзяць ім тлумачэнні: так, у расійскім снезе знайшліся часціцы афрыканскага пяску з пустыні Сахара, а ў дажджы — споры мясцовага лішайніку.

Мурмурацыя птушак

Неверагодна эфектны палёт чарод шпакоў па-навуковаму называецца мурмурацыяй. Гэта з'ява, больш падобная на танец або авіяшоу з-за дзіўных нябесных фігур, якія выпісваюць шпакі ў небе, была адной з галоўных загадак для арнітолагаў. У навукоўцаў мелася некалькі гіпотэз аб тым, як і для чаго тысячы птушак збіваюцца ў вялізныя чароды і ладзяць шоу ў небе. Адны спецыялісты лічылі, што падобныя палёты патрэбныя для абмену інфармацыяй: куды варта ляцець і дзе знаходзяцца багатыя на пракорм месцы. Іншыя меркавалі, што «танцы» дапамагаюць шпакам абараняцца ад ворагаў, уводзячы тых у зман і запалохваючы. Растлумачыць гэту прыродную з'яву не дапамагалі нават складаныя алгарытмічныя мадэлі. Аднак летась навукоўцы з Уорыкскага ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі зрабілі важнае адкрыццё: яны патлумачылі феномен мурмурацыі шпакоў праз тэорыю дынамікі цёмных і светлых плям у крылатай чарадзе. Было заўважана, што кожны шпак у гіганцкай чарадзе прымае такое палажэнне, каб на яго падала святло з усіх бакоў, — гэта дае магчымасць атрымаць максімум інфармацыі пры палёце. Усе фігуры і змены ў масавым «танку» адбываюцца з-за таго, што шпакі падтрымліваюць гэты рэжым найбольшай празрыстасці, змяняючы палажэнне ў залежнасці ад сонечнага святла.

Навукоўцы пабудавалі камп'ютарную мадэль мурмурацыі і пераканаліся, што рух і фігуры чарады нагадваюць натуральныя перамяшчэнні шпакоў у прыродзе, што пацвярджае правільнасць новага алгарытму.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.