Вы тут

Адкрылася выстава «Падняпроўскае шапавальства»


У музеі народнай архітэктуры і побыту адкрылася выстава «Падняпроўскае шапавальства», якая стала вынікам доўгай рэстаўрацыйнай працы. Цяпер там можна даведацца пра традыцыйнае майстэрства больш падрабязна і пабачыць на свае вочы рэдкія экспанаты.


Каля валянага пледу — Зоя Тоўсцік.

Шапавальства як рамяство ўзнікла ў Беларусі ў XVІ—XVІІ стагоддзях. Спачатку як гарадское, паступова пранікала ў сялянскі асяродак, і ў XІX стагоддзі ім займаліся ўжо ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Асноўным было Падняпроўе, а дакладней цяперашні Дрыбінскі раён. Менавіта майстэрства дрыбінскіх шапавалаў увайшло ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

Шапавальства мела два асноўныя кірункі: абыходнае, калі рамеснікі хадзілі па вёсках і працавалі з воўнай, якую набывалі ў сялян, і кустарнае, для якога неабходна была прастора, дзе б шапавал працаваў, захоўваў свае вырабы. Звычайна гэта была хата ці падсобнае памяшканне: паветка, хлеў, лазня і іншае.

Прыклад такой майстэрні шапавала паказаны ў помніку архітэктуры «Вяночны двор вёскі Бракава Слабада Чавускага раёна». Асноўная частка знаходзіцца ў двух памяшканнях: адно — паветка для дроў і транспартных сродкаў, другое — для шапавальных станкоў і прылад. Тут воўна качалася, мялася пры дапамозе валікаў, карыта, прылады пад назвай валюшкі. Побач — бязмены для ўзважвання воўны: да 1 кг ішло на выраб мужчынскага валёнка, на жаночы — крыху менш, 800 г.

Элементы экспазіцыі «Падняпроўскае шапавальства».

Найперш прыцягвае ўвагу вялікая воўначасальная машына (шэрстабітная), якая выкарыстоўвалася для расчэсвання воўны, што сама выходзіла з кола, праходзіла ўвесь шлях адбіцця на валіках. І мы можам пабачыць, як асобныя няроўныя, збітыя, кудлатыя кавалачкі ператвараюцца ў роўную, мяккую, пушыстую воўну.

Каб надаць правільную форму валёнкам, унутр ставіліся драўляныя калодкі: капыл — на нос, пасля ўбіваліся пярэднія і заднія правідлы, а паміж імі — кліны для павелічэння халявы. Малаток быў неабходны, каб забіваць кліны, пемза — для таго, каб прыбраць варсінкі.

Перад валеннем воўна расчэсвалася, але не мылася. Яе палівалі гарачай вадой ў працэсе валення. Воўну мылі толькі тады, калі рабілі ваўняныя ніткі.

У музейнай экспазіцыі прадстаўлены прыклады ваўняных вырабаў: валёнкі, світкі паазерскія і падняпроўскія з капюшонамі, але суконныя. На жаль, прадметаў на выставе пакуль мала. Але, будзем спадзявацца, з часам экспазіцыя павялічыцца.

Святлана ТОЎСЦІК

Загаловак у газеце: Ваўняныя сакрэты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.