Вы тут

«Жыццё — не рукапіс»


Пагаджуся з аўтарам: жыццё складана параўнаць з рукапісам. У ім нельга перапісаць раздзел, выкрасліць радок, нават слова паправіць ці, як казаў Уладзімір Караткевіч, «і коскі не зрушыць». Толькі тут гаворка не пра надзвычайную прынцыповасць аўтара, а пра няўмольнасць лёсу і немагчымасць адгарнуць назад пражытыя старонкі.


Але з іншага боку, увасобленыя ў літаратуры пуцявіны жыцця могуць-такі стаць рукапісам — дзённікам, успамінамі, лістамі да родных і блізкіх. Іх можна захаваць, зберагчы, замарозіць на пэўны час, нават навечна. І такія родныя, знаёмыя з дзяцінства пахі свежага сена, шкіпінару, смак клёцак, кропу, кмену зноў ажывуць, хай нават толькі ў памяці ці ва ўяўленні чытача.

Эсэ, мініяцюры, што склалі новую кнігу пісьменніка з Віцебшчыны Сяргея Рублеўскага, вяртаюць нас у мінулае, на самы досвітак жыцця аўтара, у дзяцінства, якое будучы творца правёў на Лепельшчыне. Тады прыезд кінамеханіка на кані і паказ кіно ў хаце аднавяскоўцаў быў вялікім святам адразу для некалькіх вёсак; найлепшымі лекамі ад тэмпературы быў кампрэс са скрылёчкаў бульбы на лбе і націранне адмысловай самаробнай маззю са шкіпінарам, а самай смачнай стравай лічыліся бульбяныя клёцкі «з душамі» (кавалачкамі фаршу ці каўбасы). Для сучасных гарадскіх дзяцей такія словы, нават самі з'явы могуць падацца экзатычнымі. Але для чытачоў, якія нарадзілася ў канцы 1980-х і раней, эсэ Сяргея Рублеўскага — таксама ўспамін, але ўжо хутчэй пра дзяцінства ў вёсцы ў бабулі.

Тэксты з гэтай кнігі проста дыхаюць цеплынёй, шчырасцю і пяшчотай да роднай хаты і вёскі, да маці і блізкіх людзей. Аўтар не скупы на метафары, ён не саромеецца выказваць уласныя пачуцці, не баіцца здацца занадта эмацыянальным. Хіба крыху стрымліваецца, каб не пусціцца ў настальгію, не сплысці на хвалях успамінаў з сучаснасці ў мінуўшчыну.

Некаторыя эсэ з новай кнігі С. Рублеўскага ўжо можна было пабачыць на старонках «Звязды» (у крыху скарочаным варыянце), а таксама апублікаванымі ў іншых выданнях. Магчыма, таму аўтарскія вобразы здаюцца такімі знаёмымі і роднымі. А можа, справа не ў паўторы, а ў іх незвычайнасці і арыгінальнасці? Напрыклад, вобраз ідэальнай вясковай хаты і параўнанне столі ў ёй з небам маленства: «У ідэальнай хаце падлога і столь аднолькава чыстыя. Бывае, падлога становіцца нават чысцейшай за столь». Гэта здараецца, калі сама гаспадыня хаты ўжо не мае дастаткова сіл, каб узняць рукі ўгору ды самой вымыць столь. Але тады на дапамогу прыходзяць дзеці і ўнукі. Збіраючыся ў бацькоўскім доме напярэдадні вялікіх свят, яны не проста дапамагаюць бабулі, але «праясніваюць неба свайго маленства».

А колькі цеплыні і любові аўтар надае вобразу ўласнай маці! Шкадуе, што яна ўжо не можа гадаваць карову і парсючкоў, нават ад курэй паступова адмовілася, а каб мець хоць нейкі карысны занятак на роднай сялібе, нават стала апекавацца чмялямі, што пасяліліся ў апусцелым хляве... І, як гэта часта бывае з людзьмі, якія ўсё жыццё пражылі ў вёсцы, пераехаўшы да сына ў горад, яна так і не звыклася з новым ладам жыцця, так і не знайшла занятку ў кватэры...

Вельмі цікавае і ліставанне пісьменніка з маці. Ёй ён пісаў лісты амаль усё жыццё. У прадмове да падборкі пісьмаў Сяргей Рублеўскі піша, што не адразу зразумеў каштоўнасць матуліных допісаў, многія з іх незваротна страчаныя, але многія і ацалелі, акуратна складзеныя ў стосікі ў шуфлядзе працоўнага стала. Менавіта іх мы можам пачытаць цяпер. А таксама паглядзець «вясковыя карцінкі», якія бабуля малявала для ўнучак (дочак аўтара), каб пацешыць малых доўгімі зімовымі вечарамі. Гэтыя выявы хоць і простыя, наіўныя, але паказваюць талент, сціплыя памкненні звычайнай вясковай жанчыны.

Думаецца, гэтая кніга прыцягне ўвагу многіх беларусаў. Тут намаляваны вобразы аднавяскоўцаў Сяргея Рублеўскага, людзей, якія ўжо назаўсёды адышлі ў вечнасць; адлюстраваны прадметы побыту і завядзёнкі, што становяцца музейнымі прадметамі і ператвараюцца ў мёртвыя згадкі. Тут гаспадараць сціпласць, спакой, святасць і непахіснасць простай вясковай хаты. Светлай — як само неба, адвечнай — як само жыццё.

Сяргей Рублеўскі. Мамін шэпт пад абразамі: эсэ, мініяцюры, пісьмы. — Віцебск: Віцебская абласная друкарня, 2016. — 240 с.

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.