Вы тут

Спецыялісты раяць нават у банках трымаць сваю картку ў полі зроку


У першых матэрыялах рубрыкі мы пазнаёмілі чытачоў з пластыкавымі карткамі, а таксама з банкаматамі і іншымі прыладамі самаабслугоўвання. Сёння мы пагаворым аб беспраблемным атрыманні грашовых сродкаў у аддзяленні банка, а таксама аб выкарыстанні «пластыку» ў арганізацыях гандлю. У гэтым нам дапамагае пакрокавы дапаможнік, які быў распрацаваны Нацыянальным банкам краіны.


І ў «акенцы» не ўсе анёлы

Узяў наш чалавек картку і накіраваўся ў сваё банкаўскае аддзяленне, каб атрымаць наяўныя грошы ці аплаціць нешта. Так здарылася, што ў гэтай фінансавай установе банкаматы і інфакіёскі не працуюць або менавіта вашу аперацыю праз прыладу самаабслугоўвання правесці немагчыма. Тут трэба звяртацца да спецыяліста. Аддае наш кліент сваю картку ў акенца і адразу супакойваецца, бо лічыць што тут яму баяцца няма чаго. І гэта сапраўды так, калі наведвальнік банка будзе заўсёды прытрымлівацца рэкамендацый экспертаў Нацбанка.

Першае, на што трэба звярнуць увагу, — усе дзеянні работніка фінансавай установы менавіта з вашай карткай павінны адбывацца на вашых вачах. Нельга дазваляць супрацоўніку банка выходзіць разам з карткай у іншае памяшканне.

Пры атрыманні наяўных грошай або правядзенні безнаяўнай аплаты асаблівую ўвагу трэба звяртаць на адпаведнасць названай вамі сумы і валюты аперацыі суме і валюце, якая змяшчаецца ў карт-чэку.

Справа ў тым, што касір можа няправільна пачуць названую кліентам лічбу або ненаўмысна памыліцца пры выдачы банкнот. Тут, як кажуць, можа спрацаваць чалавечы фактар. Таму пераправерыць атрыманую суму залішнім не будзе.

А яшчэ спецыялісты раяць падчас правядзення аперацый у пунктах выдачы наяўных грошай звяртаць асаблівую ўвагу на дзеянні работніка банка, калі апошні спрабуе правесці вашу картку праз тэрмінал прылады абсталявання больш як адзін раз. Гэта дазволіць прадухіліць правядзенне несанкцыянаваных вамі аперацый. Абавязкова пацікаўцеся прычынамі, па якой работніку неабходна паўторна правесці картку праз такую прыладу. Непасрэдна перад уводам пін-кода лепш яшчэ раз пераканацца, што сума і валюта будучай аперацыі супадаюць з вашым заказам.

Ваш пін-код не для банкіра

Нават у аддзяленні банкаўскай установы эксперты рэкамендуюць пры ўводзе пін-кода прыкрываць клавіятуру далонню свабоднай рукі. І, галоўнае, ніколі і ні пры якіх абставінах нельга паведамляць пін-код работнікам банка. Гэтая парада найбольш актуальная для старых у невялікіх населеных пунктах, дзе знаёмая касірка лічыцца для іх амаль сяброўкай. Ніхто не збіраецца кідаць камяні ў бок такіх добрых адносін паміж людзьмі, але лішнюю асабістую інфармацыю нават сябры ведаць не павінны.

І апошняе. Перад тым, як падпісаць карт-чэк (у выпадку, калі гэта неабходна), трэба пераканацца, што сума, валюта аперацыі, дата аперацыі, тып аперацыі і іншыя звесткі, прапісаныя ў карт-чэку, правільныя.

Дарэчы, перад наведваннем банка не будзе лішнім узяць з сабою пашпарт, бо спецыяліст установы мае права запатрабаваць у кліента дакумент, які пацвярджае асобу для ідэнтыфікацыі трымальніка карткі і афармлення аперацыі. Аднак бываюць выпадкі, калі і наяўнасць пашпарта сітуацыю не ратуе. Напрыклад, летась мне неабходна было пакласці на картку жонкі грошы. А інфакіёскі ў той час наяўныя для папаўнення банкаўскага рахунку не прымалі. Тады паспрабаваў я пакласці грошы на картку з дапамогай спецыяліста ў банкаўскім аддзяленні. Але мне адмовілі, нягледзячы на тое, што я тады прынёс ім адразу два пашпарты, свой і жонкі. І правільна зрабілі, бо існуюць дакладныя правілы, якія забараняюць перадаваць банкаўскія карткі трэцім асобам. А нашы фінансавыя адносіны ў сям'і банкаўскую структуру турбаваць не павінны.

Каб не аплаціць пакупку двойчы

Шмат пытанняў у кліентаў узнікае ў сувязі з выкарыстаннем банкаўскай карткі ў арганізацыях гандлю. І на гэты конт у экспертаў Нацбанка падрыхтаваны спецыяльныя рэкамендацыі.

Так, пры правядзенні аперацый у рэстаранах, барах і крамах, аддаючы картку персаналу, які вас абслугоўвае, нельга выпускаць яе з поля зроку.

Пры неабходнасці будзе нялішнім прайсці разам з работнікам арганізацыі гандлю да тэрмінала. Гэта дазволіць прадухіліць неправамернае капіраванне інфармацыі з карткі. А пры здзяйсненні аперацыі з выкарыстаннем плацежнага тэрмінала (POS-тэрмінала) касір можа запатрабаваць у кліента ўвесці пін-код або падпісаць карт-чэк у адпаведнасці з патрабаваннямі, вызначанымі правіламі плацежных сістэм, а таксама паказаць пашпарт у мэтах высвятлення асобы трымальніка карткі.

У крамах таксама трэба сачыць, каб касір не «гуляўся» вашай карткай і не праводзіў яе праз прыладу больш як адзін раз. Калі апошняе адбываецца, то трэба пацікавіцца прычынай. Калі пасля няўдалага правядзення аперацыі па картцы вы аплацілі куплю іншым спосабам (напрыклад, наяўнымі грашыма або іншай карткай), захавайце дакумент, які пацвярджае, што аплата не была паспяхова праведзена, і праверце, ці не спісаліся з рахунку грашовыя сродкі па незавершанай аперацыі.

Пры ўвядзенні пін-кода ў грамадскім месцы трэба быць увогуле вельмі асцярожнымі. У гэтым выпадку звычка прыкрываць клавіятуру далонню свабоднай рукі павінна працаваць бездакорна. А яшчэ перад наборам пін-кода варта пераканацца ў тым, што людзі, якія знаходзяцца побач з вамі, не змогуць яго ўбачыць. Ніколі і ні пры якіх абставінах не паведамляйце пін-код работнікам арганізацый гандлю.

Маленькая паперка таксама дакумент

Калі вы вырашылі адмовіцца ад куплі пасля паспяховага завяршэння аперацыі, то запатрабуйце адмяніць аперацыю. Абавязкова захоўвайце карт-чэк па аперацыі адмены да моманту зверкі выпіскі па рахунку, да якога выпушчана картка. У выпадку адмовы па якой-небудзь прычыне ад выкарыстання паслуг гасцініцы, пункта пракату і г. д. патрабуйце адмены блакіроўкі закладной сумы.

Калі бескантактныя аперацыі здзяйсняюцца ў рэжыме самаабслугоўвання, то трымальнікі «пластыку» не перадаюць картку ці іншы плацежны інструмент, які выкарыстоўваецца для аплаты (напрыклад, бранзалет, бірульку, мабільны тэлефон або іншую прыладу), касіру, а самастойна прыкладваюць картку да прылады тэрмінала для правядзення аперацыі.

Перад аплатай за тавары ці паслугі ў прыладах самаабслугоўвання арганізацый гандлю (сэрвісу) (напрыклад, на аўтазаправачнай станцыі) неабходна вывучыць усю інфармацыю аб правілах здзяйснення плацяжоў, якая размешчана на экране прылады або побач з ёй, і выконваць інструкцыі гэтай сістэмы самаабслугоўвання.

У наступным матэрыяле рубрыкі «Разумныя грошы» мы раскажам пра нюансы правядзення аперацый безнаяўнай аплаты з выкарыстаннем карткі ў інтэрнэце.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: На адлегласці выцягнутай рукі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».